Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Іларыёнаў: Крэмль зацікаўлены ў Беларусі без Лукашэнкі


Андрэй Іларыёнаў

Андрэй Іларыёнаў

Андрэй Іларыёнаў пра тое, як Аляксандр Лукашэнка стаў палітыкам году, і пра магчымыя неканвэнцыйныя мэтады Крамля на будучых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Навіна пра тое, што лібэральнае расійскае выданьне «Ведомости» назвала палітыкам года ня Пуціна, ня Мэркель, ня Сі Цзіньпіна, а Аляксандра Лукашэнку, – ужо не навіна.

Крэмль змаўчаў, калі кіраўнік Беларусі запатрабаваў «перастаць маліцца на Расею», калі назваў палітыку абмежаваньня паставак беларускіх прадуктаў «дурной і бязмозглай» і нават калі «міратворац» экстранна прымчаўся ў Кіеў і запэўніў Парашэнку ў дружбе. На Лукашэнкавы дэмаршы зьвяртала ўвагу толькі расейская прэса. Але і яе заваяваў Аляксандар Рыгоравіч, заявіўшы ў Маскве ў прысутнасьці Уладзімера Пуціна аб праблемах мытнай прасторы і сьцьвердзіўшы, што стане прэзыдэнтам, нават калі ўвесь сьвет будзе супраць.

Андрэй Іларыёнаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту Катона (Вашынгтон), лічыць, што Аляксандар Лукашэнка застанецца ва ўладзе, «калі толькі Крэмль ня прыме рашэньня аб выкарыстаньні неканвэнцыйных сродкаў».

Аляксандра Дынько: «Андрэй Мікалаевіч, сытуацыя да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву выглядала больш інтрыгоўна. Цяпер, калі візыт адбыўся і Крэмль застаўся публічна добразычлівы да беларускага кіраўніка, ужо лягчэй ацаніць ягоныя рызыкі, але тым ня менш – якая мэта гэтых манэўраў Аляксандра Лукашэнкі?»

Андрэй Іларыёнаў: Ня першы раз за гэтыя дваццаць гадоў, на працягу якіх Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, мы назіраем за ягоным беспрэцэдэнтным па якасьці манэўраваньнем паміж рознымі цэнтрамі сілы. І ў цяперашніх умовах паўізаляцыі з боку Захаду і ўзмацненьня пагрозы з боку Крамля мы бачым, як ён выходзіць з гэтай ня самай лёгкай для яго сытуацыі зь немалым майстэрствам, няспынна нарошчваючы свой палітычны рэсурс.

Ужо адзначалася, што ад пуцінскай вайны супраць Украіны больш за ўсё выйграюць якраз беларускі рэжым і асабіста Аляксандар Лукашэнка. Лукашэнка часткова спрабуе ўдаваць, што дзейнічае, а часткова і насамрэч дзейнічае ў ролі пасярэдніка. Гэтая яго роля была запатрабаваная з усіх бакоў – з боку Расеі, з боку Ўкраіны, з боку Захаду.

Апошнія эканамічныя рэзрухі ў Расеі таксама былі эфэктыўна выкарыстаныя ім, каб атрымаць ад Пуціна максымум магчымага ў гэтых умовах. Спачатку ён падняў стаўкі заявай пра магчымы перавод разьлікаў з Расеяй на замежную валюту, паказаў на аб'ём стратаў, якія Беларусь нібыта панесла ад падзеньня расейскага рубля, затым зьдзейсьніў

Трэба аддаць належнае беларускаму дыктатару – дзейнічае ён эфэктна

дэманстрацыйную паездку ва Украіну. Пасьля гэтага ён зьявіўся ў Расеі і дамогся ад Пуціна прызнаньня спыненьня антыбеларускіх дзеяньняў з боку расейскіх дзяржаўных органаў. Пуцінскае прызнаньне было непублічнае, але Лукашэнка апублікаваў яго ў прысутнасьці самога Пуціна. Сваім маўчаньнем Пуцін вымушаны быў зацьвердзіць заяву Лукашэнкі. Трэба аддаць належнае беларускаму дыктатару – дзейнічае ён эфэктна.

Да гэтага я дадаў бы яшчэ другі ўзровень. А менавіта – палітычную будучыню Аляксандра Лукашэнкі. Апошнім часам рэгулярна адбываюцца размовы пра тое, што Лукашэнка перашкаджае Пуціну ўсталяваць кантроль за Беларусьсю. У Крамлі разумеюць, што пакуль Лукашэнка трымае Беларусь у жалезным кулаку, усталяваць кантроль за ёй няпроста.

Спрыяльная сытуацыя склалася б у тым выпадку, калі б Лукашэнка сышоў – тым ці іншым чынам. Паколькі ў яго няма відавочнага пераемніка, то пасьля ягонага сыходу на некаторы час непазьбежна ўтварыўся б палітычны вакуўм, абвастрылася б барацьба за ўладу ў Беларусі. Такая сытуацыя была б выключна спрыяльная для паўтарэньня пуцінскага «ўкраінскага сцэнару» ў Беларусі.

Падобна, што – разумеючы, што такі варыянт разглядаецца і, больш за тое, рыхтуецца, – Лукашэнка нечакана зрабіў гучную заяву пра тое, што ён ня толькі застаецца прэзыдэнтам да чарговых прэзыдэнцкіх выбараў, але і зьбіраецца ўдзельнічаць у іх і нават перамагчы – незалежна ад нічога. Вядома, публічна ён назваў сваімі ворагамі няшчасных журналістаў і Захад. Але пасланьне Лукашэнкі было адрасавана перш за ўсё (калі не выключна) ягонаму непасрэднаму суседу па прэс-канфэрэнцыі.

АД: Калі вярнуцца да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў і да ягоных запэўніваньняў у дружбе з Украінай і Пятром Парашэнкам, то апазыцыйныя палітыкі ў Беларусі часта перасьцерагаюць наконт магчымасьці стварэньня «другога», ужо беларускага, фронту для ажыцьцяўленьня расійскай агрэсіі ва Ўкраіну. У Беларусі з трывогай сочаць і за разьмяшчэньнем тут расійскіх ваенных базаў, і за зьяўленьнем расейскіх вайскоўцаў і ваеннай тэхнікі. Гэта адначасова ўспрымаецца і як пагроза акупацыі Беларусі. Ці могуць новыя ўкраінскія ўлады цалкам давяраць кіраўніку Беларусі і не баяцца, што Лукашэнка будзе павінен выступіць на баку Расеі?

АІ: Думаю, што Лукашэнка будзе рабіць усё магчымае для таго, каб гэтага не адбылося. Ён будзе манэўраваць і балянсаваць, але будзе імкнуцца не дапусьціць такога сцэнару. Расейская агрэсія праз тэрыторыю Беларусі была б для яго асабіста канцом ягонага рэжыму. На гэта ён вымушаны будзе пайсьці толькі ў тым выпадку, калі для яго складзецца сапраўды катастрафічная сытуацыя. Пакуль жа яна вельмі далёкая ад катастрофы. Наадварот, ягоныя пазыцыі прыкметна ўзмацніліся.

АД: Беларусь хутка накрыла хваляй расійскага эканамічнага крызісу, і беларускія ўлады сталі змагацца зь ім па-свойму. Ці не пагражаюць рэжыму Лукашэнкі ўнутраныя праблемы ў выглядзе сацыяльна-эканамічнага крызісу і ці зможа ў поўнай меры падтрымаць яго Расея, калі яе эканамічнае становішча таксама выглядае жалю вартым?

АІ: Сусьветная гісторыя паказвае, што, у адрозьненьне ад дэмакратыяў, сацыяльна-эканамічныя крызісы ў жорстка аўтарытарных і таталітарных рэжымах не гарантуюць аслабленьня такіх рэжымаў і тым больш зьмены ў іх улады. Дыктатары сыходзяць з улады па іншых прычынах.

АД: Зь якім рэсурсам Аляксандар Лукашэнка падыходзіць да наступных прэзыдэнцкіх выбараў? Ці падтрымае яго чарговым разам Крэмль? Або варта прыслухацца да вэрсіяў, якія шырока распаўсюджваюцца ў Беларусі, пра тое, што Крэмль вылучыць свайго кандыдата на гэтых выбарах?

АІ: Ад пуцінскай антыўкраінскай вайны мала хто столькі выйграў, як Лукашэнка. Пасьля многіх гадоў амаль стоадсоткавай ізаляцыі ён раптам апынуўся запатрабаваным з боку і Захаду, і Ўсходу, і Поўдня. Лукашэнка

На сёньняшні дзень іншага прагнозу, акрамя таго, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, няма

пасьпяхова канвэртуе гэты попыт ва ўзмацненьне свайго палітычнага рэжыму. На прэс-канфэрэнцыі ў Маскве журналісты пасьмяяліся зь ягонай заявы, а затым напісалі іранічныя камэнтары. Але на самой справе маскоўскі выступ Лукашэнкі стаў сьведчаньнем значнага ўмацаваньня ягоных пазыцыяў. Сваю заяву ён зрабіў ня ў Менску, а ў Маскве. У Крамлі. У прысутнасьці чатырох іншых лідэраў ЭАЭС, у прысутнасьці вялікай колькасьці журналістаў. Гэта эфэктная і эфэктыўная канвэртацыя сытуацыі, якая склалася цяпер, ува ўласны палітычны рэсурс. На сёньняшні дзень іншага прагнозу, акрамя таго, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, няма. За выключэньнем таго выпадку, калі Крэмль прыме рашэньне аб выкарыстаньні неканвэнцыйных сродкаў.

АД: У адносінах да Лукашэнкі? Навошта? І ў якой сытуацыі?

АІ: Так атрымалася, што ў бліжэйшай пэрспэктыве незалежнасьць і сувэрэнітэт Беларусі ўвасобленыя ў Лукашэнку. Любы іншы кандыдат, нават калі б яму ўдалося апынуцца на чале Беларусі, быў бы ў супрацьстаяньні з Крамлём прыкметна слабейшы, чым цяперашні Лукашэнка.

АД: Цяпер мы бачым, як улада, ужо абмінаючы гэты традыцыйны пэрыяд лібэралізацыі перад выбарамі, уключыла на поўную моц увесь свой рэпрэсіўны апарат – блякуецца большасьць сайтаў незалежных СМІ, забараняецца правядзеньне пэўных мерапрыемстваў нават без аніякагапалітычнага падтэксту. Ці магчымая нейкая трансфармацыя ў рамках гэтага рэжыму, або чакаць пераменаў да лепшага ня варта?

АІ: Усе названыя вамі факты – адлюстраваньне таго, што рэсурс Лукашэнкі сур’ёзна вырас. Цяпер на яго зьявіўся попыт і ў Захаду. Захаду цяпер зрабілася цяжэй выступаць нават з фармальнымі заявамі ў абарону грамадзянскіх правоў і палітычных свабодаў у Беларусі ва ўмовах, калі Лукашэнка ўспрымаецца як адзін з магчымых абмежавальнікаў пуцінскай агрэсіі. Такая вось непрыемная гісторыя. Унутраных пазытыўных зьменаў гэтага рэжыму чакаць не выпадае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG