Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве паўтысячы чалавек спрабавалі прарвацца ў будынак Вярхоўнай Рады


У Кіеве мітынгоўцы спрабавалі прарваць міліцэйскае ачапленьне каля будынка Вярхоўнай Рады, дзе дэпутаты сёньня разглядаюць законапраект аб бюджэце Ўкраіны на 2015 год. Пасьля бойкі з праваахоўнымі органамі актывісты адступілі, паведамляе УНН.

Начальнік міліцыі Кіева Аляксандар Церашчук заявіў, што сур’ёзных парушэньняў грамадзкага парадку ля сьценаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны не зафіксавана, сытуацыя спакойная. Ён заклікаў мітынгоўцаў паводзіць сябе ў рамках заканадаўства і адзначыў, што «міліцыя павінна ахоўваць і не ўжываць сілу» ў дачыненьні да тых, хто сабраўся, паколькі ў іх ёсьць «права на мірную акцыю».

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны сёньня павінны разгледзець бюджэт краіны на 2015 год, а таксама 17 законапраектаў, сярод якіх павелічэньне падатку на даходы, адмена бясплатнага праезду ў грамадзкім транспарце для чарнобыльцаў і ўдзельнікаў баявых дзеяньняў, і выплата дзяржаўнай дапамогі пацярпелым падчас пратэстаў на Ўкраіне ў канцы мінулага — пачатку гэтага года.

У нядзелю ля сьцен парлямэнту Ўкраіны сабраліся каля паўтысячы актывістаў рухаў «Фінансавы майдан» і «Рэанімацыйны пакет рэформаў», якія запатрабавалі ад дэпутатаў стварэньня прымальных умоваў для ўкладчыкаў і пазычальнікаў, а таксама зьмяненьняў у падатковым кодэксе краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG