Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргею Каваленку прысудзілі 10 сутак арышту


Сяргей Каваленка ў залі суду
Сяргей Каваленка ў залі суду

Сябра КХП БНФ затрымалі ў Віцебску 24 сьнежня. У той дзень на даху жылога шматпавярховіка быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Сяргей Каваленка быў затрыманы за дробнае хуліганства і за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Адразу пасьля затрыманьня яго зьмясьцілі пад варту, а амаль трое сутак ён адбыў у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Там ён з самага моманту затрыманьня трымаў галадоўку.

Штодня ў ІЧУ тэлефанавалі сваякі і сябры, каб даведацца дату суду. Аднак толькі 27 сьнежня Сяргея Каваленку прывезьлі ў Першамайскі райсуд. Працэс распачаўся ў 11.30, разьбіраньне праводзіў судзьдзя Андрэй Прэйс. Ён не задаволіў хадайніцтва Сяргея Каваленкі пра тое, каб ягоныя інтарэсы бараніў менскі адвакат Аляксандар Галіеў, зь якім актывіст ужо пасьпеў вусна дамовіцца. Ад паслугаў дзяжурнага віцебскага адваката Сяргей Каваленка адмовіўся.

За тое, што ягонае права на абарону было парушана, спадар Каваленка абвясьціў адвод суду. Але ён не быў прыняты. Больш таго: судзьдзя Прэйс выклікаў у якасьці сьведкі супрацоўніка ІЧУ, які заявіў пра тое, што ўсе магчымасьці дамовіцца з адвакатам Сяргею Каваленку былі прадстаўлены яшчэ ў ізалятары. У той час як Каваленка засьведчыў, што яму не дазволілі нават патэлефанаваць жонцы, каб спытаць тэлефон адваката.

Іншымі сьведкамі на судзе таксама былі толькі міліцыянты. Усе трое паказалі, што Сяргей Каваленка зьдзейсьніў дробнае хуліганства — нібыта ён спраўляў малую патрэбу ў грамадзкім месцы. І адбывалася гэта нібыта на сьцежцы каля аўтобуснага прыпынку, на вачох у мінакоў.Таксама актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам — нібыта ён адмаўляўся добраахвотна сесьці ў машыну і ехаць у РАУС для складаньня пратаколу.

Каваленку адпраўляюць "на суткі"
Каваленку адпраўляюць "на суткі"

Паводле Сяргея Каваленкі, непадпарадкаваньня не было, як не было і самога факту хуліганства:

«На судзе я ў кожнага міліцыянта пытаўся, ці ёсьць у іх гонар і сумленьне. Адказу не дачакаўся ні ад аднаго! Насамрэч мяне затрымалі, як толькі я выйшаў з аўтобуса, прыехаўшы дахаты. А вяртаўся я ад маці. На даху дому па Маскоўскім праспэкце, дзе яна жыве, каля поўдня 24 сьнежня быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг. Я ўпэўнены: менавіта гэтая акалічнасьць і ёсьць сапраўднай прычынай майго затрыманьня».

Судзьдзя Андрэй Прэйс пастанавіў пакараць Сяргея Каваленку дзесяцьцю суткамі арышту — трое сутак за нібыта зьдзейсьненае хуліганства, і сем — нібыта за непадпарадкаваньне міліцыянтам. Тэрмін адліку «сутак» пачаўся з часу затрыманьня 24 сьнежня. І мае скончыцца 3 студзеня.

Такім чынам, Новы год віцебскі актывіст будзе вымушаны сустракаць за кратамі. Дарэчы, сёлета ў Віцебску прадпрымаюцца надзвычайныя захады па ахове гарадзкой ёлкі, на якой у 2010 годзе Сяргей Каваленка вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг. Сёлета каля ёлкі міліцыянты дзяжураць круглыя суткі, і да 8 студзеня, як абвешчана віцяблянам, міліцыя будзе несьці службу ва ўзмоцненым рэжыме. Як паведамлялася праз дзяржаўныя СМІ, на навагоднія імпрэзы не пусьцяць людзей у нецьвярозым стане, са зброяй ці яе муляжамі, а таксама з «забароненай сымболікай». Што да яе адносіцца, гараджанам дакладна не патлумачылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG