Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова як апошні бастыён свабоды». Магілёўскі ТБМ адзначае 25-гадовы юбілей


Дваццаць пятыя ўгодкі адзначыла магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы. Сябры арганізацыі зладзілі да юбілею сьвяточны ўрок беларускай мовы з прысмакамі ды ўспамінамі. Прыйшлі на вечарыну ў грамадзкі цэнтар «Кола» заснавальнікі суполкі, яе кіраўнікі розных часоў ды больш за дваццаць актывістаў.

Паводле аднаго з заснавальнікаў суполкі Яраслава Клімуця ў 1989 годзе магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы стваралася без асаблівых перашкодаў з боку партыйнага апарату гораду. Ініцыятыва сыходзіла зь Менску, ад тагачаснага першага сакратара праўленьня Саюзу пісьменьнікаў БССР, які пазьней стаў старшынём Таварыства беларускай мовы Ніла Гілевіча.

Яраслаў Клімуць

Яраслаў Клімуць

Яраслаў Клімуць згадвае, што партыйная вэртыкаль зьбіралася зрабіць са стварэньня ТБМ абавязалаўку, але тагачасным камуністам далі зразумець, што такога спрыяньня не патрэбна, бо ТБМ, давялі партыйцам, добраахвотная арганізацыя.

«Тады быў час уздыму, была надзея на сапраўднае адраджэньне — таму энтузіязм праяўляўся ва ўсім. Нават тыя, хто быў далёкі ад беларускасьці і яго адраджэньня, падтрымлівалі нас. Цяпер жа ў грамадзтве пераважае пэсымізм. Таму сёньня Таварыства ўжо выступае ня як арганізатар і натхняльнік відовішчных мерапрыемстваў, а як змагар і абаронца мовы».

Першы кіраўнік магілёўскай суполкі ТБМ сярод знакавых падзеяў дваццаціпяцігадовай гісторыі арганізацыі вылучае стварэньне беларускага самадзейнага тэатру «Валянцін», ды адзначэньне юбілеяў Кастуся Каліноўскага і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

«Гэтыя юбілеі тады, у дзевяностыя, адзначаліся маштабна. На іх прыходзіла шмат людзей. Беларускамоўны тэатар-студыя, які пазьней стаў народным і атрымаў назву „Валянцін“ да жалю ўплыў на грамадзтва сёньня страціў. Першая ягоная пастаноўка паводле Быкава „На чорных лядах“ адбылася ў 1994 годзе».

Міхась Булавацкі

Міхась Булавацкі

Міхась Булавацкі кіраваў абласной арганізацыяй ТБМ ад 1993 году. Сярод знакавых ініцыятываў арганізацыі называе «Беларускае пяціборства» — інтэлектуальнае беларускамоўнае спаборніцтва для вучняў па пяці прадметах школьнай праграмы, у тым ліку па матэматыцы.

«Беларуская пяціборства стала сапраўднай зьяваю», кажа былы выкладнік унівэрсытэту імя Куляшова, цяпер рэпэтытар і аўтарытэтны ў Магілёве грамадзкі дзяяч:

„Мова можа стаць апошнім бастыёнам свабоды“. Вось сёньня беларуская мова — апошні бастыён свабоды"

«Я, калі „Пяціборства“ задумваў, імкнуўся кампэнсаваць недахоп веданьня мовы, маўленьня ў найлепшых вучняў вобласьці — чаго ім не хапае ў школе. Тады я меркаваў, што яны проста патрэніруюцца ў разьвязаньні матэматычных задач на беларускай мове, адказваючы на пытаньні па фізыцы, хіміі, а аказалася, што з гэтага выйшла ня толькі форма ўдасканаленьня мовы, але дапамога вучням у засвойваньні прадметаў і пашырэньні ведаў. На „Пяціборстве“ яны даведваюцца і пра герб Магілёва і ягоную гісторыю, пра ратушу і яе гісторыю. Удзельнікі спаборніцтва нават цяпер купляюць расейска-беларускія матэматычныя слоўнікі. І гэта істотна».

Міхась Булавацкі згаджаецца, што пачатак дзейнасьці ТБМ быў часам надзеі. «Мы тады адраджаліся, — кажа ён. — Было адчуваньне, што мы ўдзельнічаем у гістарычных працэсах вельмі істотных і важных. У гэтым была надзея. А чым ТБМ стала? Як сказаў нобэлеўскі ляўрэат Хэнрых Бёль: „Мова можа стаць апошнім бастыёнам свабоды“. Вось сёньня беларуская мова — апошні бастыён свабоды».

Алег Дзьячкоў

Алег Дзьячкоў

Цяперашні кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў зазначае, што і ён і многія актывісты тэбээмаўцы ня ведаюць найноўшай гісторыі магілёўскага руху адраджэньня беларускай мовы. Таму, кажа, і запрошаныя на вечарыну тыя, хто пачынаў гэты рух. Шмат каго, хто быў ля ягоных вытокаў, няма ўжо ў жывых.

На думку Алега Дзьячкова, калі стваралі ТБМ: людзі верылі, што могуць зьмяніць жыцьцё, — цяпер жа, зазначае актывіст, часы іншыя:

«У людзей няма натхненьня. Людзі ня вераць, што нешта можна зьмяніць. Калі толькі ствараўся ТБМ, людзі стараліся рабіць для іншых людзей. Яны адкрылі Беларусь і Беларушчыну — і гэта адкрыцьцё імкнуліся зрабіць усіхным здабыткам».

Сярод адметных акцыяў мясцовых тэбээмаўцаў Алег Дзьячкоў называе беларускую дыктоўку.

«Цяпер жа людзі робяць для сябе. І тая папса, якая вакол іх, дастала, і яны прыходзяць на нашы мерапрыемствы, каб адвесьці душу. Але ў іх няма жаданьня запрашаць іншых. Толькі ў адзінак. Для іх Беларушчына — як астравок, як рэзэрвацыя. Мы стараемся зь яе выйсьці. І вось публічнасьць нашых мерапрыемстваў добрая зарука ў гэтым. На іх прыходзяць простыя людзі і чыноўнікі. Вось гэта наша дасягненьне».

Сярод адметных акцыяў мясцовых тэбээмаўцаў Алег Дзьячкоў называе беларускую дыктоўку.

«Ніхто ў Беларусі ня піша яе там, дзе мы — ў Палацы вобласьці, — зазначае актывіст. — Наша дасягненьне, што нашы мерапрыемствы не праходзяць напаўпадпольна. Мы ладзім іх у бібліятэках, музэях, выставачных залях ды ратушы».

У магілёўскай суполцы ТБМ больш за 80 чалавек. Яны ладзяць выставы, арганізуюць вандроўкі па знакавых беларускіх мясьцінах, запрашаюць беларускіх творцаў ды музыкаў, праводзяць прэзэнтацыі.

XS
SM
MD
LG