Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці заразная беларуская мова? З новага году — «Мова Нанова» на «Белсаце»


Моўныя курсы для дзяцей "Мова нанова"

Моўныя курсы для дзяцей "Мова нанова"

З трэцяга студзеня і штосуботы на тэлеканале «Белсат» стартуе новая праграма «Мова Нанова». Гэта — тэлевэрсія курсаў беларускай мовы, якія зьявіліся ў Менску ў 2014 годзе.

«Многія беларусы, называючы беларускую мову роднай, ня могуць вольна размаўляць на ёй. Ды і беларускамоўным людзям праз адсутнасьць шырокага моўнага асяродзьдзя ня будзе лішнім засвоіць новыя словы, формы і правілы. Таму „Мова Нанова“!» — кажа Глеб Лабадзенка, адзін зь вядоўцаў.

Кожная перадача будзе мець асобную тэму — «Мэдыцына», «Горад», «Музыка», «Тэатар» і г. д. Госьць — абавязкова беларускамоўны чалавек і экспэрт у адпаведнай галіне. Тэмы будуць самыя розныя — каб засьведчыць, што беларуская мова прыдатная для кожнай сфэры, а ня толькі для стэрэатыпных «філялягічных кветнікаў».

Таксама кожная перадача будзе мець пэўныя рубрыкі — «Слоўнік», «Граматыка», а таксама «Гутарка» з госьцем і розныя цікавінкі.

Офлайн-курсы «Мова Нанова» не зьнікаюць, але аўдыторыя дзякуючы «Белсату» павінна павялічыцца ў дзясяткі разоў.

Лабадзенка анансаваў першае выданьне — «мэдычнае». Госьцем — беларускамоўны лекар Андрэй Вітушка разам зь вядоўцамі пазнаёміць гледачоў з асноўнымі лекарскімі тэрмінамі. А таксама апавядзе пра тое, ці заразная беларуская мова, пра што павінен пытацца лекар у пацыента і якія кур’ёзы, зьвязаныя зь беларускай мовай, былі ў ягонай практыцы.

XS
SM
MD
LG