Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гітлер, завеі, сьнежань


На навагоднія сьвяты вольнага часу больш, і можна пачытаць цікавую, захапляльную кнігу. Крытык Павел Абрамовіч абраў для слухачоў Радыё Свабода пяць новых рознабаковых літаратурна-мастацкіх бэстсэлераў.

1. Цімур Вэрмэш, «Ён ізноў тут».

Ёсьць мастацкія кнігі, якія нагадваюць бомбы. Адну з такіх вырабіў нямецкі журналіст Цімур Вэрмэш. Нязвыклае для нямецкага вуха прозьвішча ён атрымаў ад бацькі-вугорца, які зьбег у Нямеччыну пасьля здушэньня савецкімі войскамі Вугорскага паўстаньня. Вэрмэш напісаў раман, які толькі на першы погляд падаецца фантасмагорыяй: у 2011 годзе на бэрлінскім пустыры ачуняў Адольф Гітлер, які ўзяўся тут немаведама адкуль. Фюрэр ня страціў памяці, ён па-ранейшаму энэргічны баец, хоць і крыху агаломшаны новым сьветам. Хутка ён уладкоўваецца на радыё як вядоўца сатырычнай праграмы, ну а потым... Мас-мэдыі і грамадзяне нібыта чакалі такога чалавека, быццам ім не хапала перакуленага сьвету і вычварэнскай лёгікі Гітлера дзеля вытлумачэньня сэнсу быцьця нямецкай нацыі і пошукаў ёю новых шляхоў.

Die Süddeutsche Zeitung так выказалася пра кнігу: «Гэта сьмех, які захрасае ў горле». Выхад раману Вэрмэша быў заплянаваны ў 40 краінах сьвету, у 2015 годзе зьявіцца яго экранізацыя. Сапраўдны ажыятаж узьнік вакол аўдыёвэрсіі «Ён ізноў тут» — чытальнік Крыштаф Марыя Хербст аднавіў аратарскую манеру Гітлера нагэтулькі праўдападобна, ажно мароз па скуры.

Насамрэч, Вэрмэш не стварыў нейкі там «спэцыфічны» нямецкі раман. Кожная сучасная нацыя, кожнае «калектыўнае неўсьвядомленае» здольныя адчуць ашаламляльную блізкасьць да сябе ідэяў і канцэпцыяў «сатырыка новай хвалі», прывабнасьць лёзунгу «Ня ўсё было так кепска», які яму прыдумалі ўдзячныя прыхільнікі.

Раман Вэрмэша таксама можна ўспрымаць як аповед аб мэханіцы працы сучасных СМІ — і тое ня менш жахлівае чытво.

2. Стывэн Кінг, «Містэр Мэрсэдэс».

Стывэну Кінгу ўжо 67 гадоў, а ён застаецца на «цёмнай перадавой», па-ранейшаму лічыцца пісьменьнікам № 1 у жанры horror. Разам з тым Кінг здольны ствараць цалкам рэалістычныя рэчы. Да іх ліку належыць і новы раман «Містэр Мэрсэдэс», у якім паліцыянт у адстаўцы супрацьстаіць маньяку. Так, Кінг ужо распавядаў пра будныя дні ахоўнікаў правапарадку ў рамане «Амаль як б’юік», але ў новай кнізе няма паўтораў, і паліцэйскі — толькі адзін. Стары, распаўнелы і адзінокі Біл Ходжэс, хутчэй, лёгкая здабыча, чым рэальная пагроза для вар’ята. Аднак жыцьцё і сэрцы людзей паўнюткія сюрпрызаў, таямніцаў, прыхаваных рэсурсаў. Іншым разам на людзей лепш не націскаць, сьцьвярджае Кінг, нават калі яны падобныя на цюхцяў. Старонкі рамана, дзе лоўчы ператвараецца ў зьвера, чытаюцца з вялікім задавальненьнем.

У той жа час Кінг, як звычайна, дае панарамны здымак Амэрыкі — дзяржавы, дзе новы прэзыдэнт — «найгоршы выбар краіны», дзе квітнее бытавы гвалт, дзе людзі абвешаныя гаджэтамі як дзікуны пацеркамі, дзе гарадзкі краявід выклікае толькі маркоту: «Дамы ў Норт-Сайдзе ў асноўным тыповыя. Іх пабудавалі паміж Карэяй і Віетнамам — выглядаюць яны аднолькава і ўсе паступова ператвараюцца ў лайно».

«Містэр Мэрсэдэс» (і гэта таксама фірмовы прыём Кінга) паўнюткі спасылак на яго ранейшыя творы. Уважліва глядзіце па баках — зло паўсюль і радасьці ў паветраных шарыках мала.

3. «Песьні паміраючай Зямлі» (укладальнікі Джордж Р. Р. Марцін і Гарднэр Дазуа).

22 пісьменьнікі аб’ядналіся пад вокладкай анталёгіі з малюнкамі, каб аддзячыць свайму духоўнаму настаўніку — амэрыканскаму пісьменьніку Джэку Вэнсу (1916-2013) «за дазвол пагуляць у ягоныя цацкі». Філёзаф і снавед Вэнс у сваіх творах гарманічна сынтэзаваў некалькі жанраў, найперш фэнтэзі і навуковую фантастыку, няспынна авалодваў усё новымі і новымі прыёмамі і тэхнікамі, стылістычнымі сродкамі.

Знакаміты цыкл апавяданьняў Вэнса «Паміраючая Зямля» (1950), які ён стварыў, калі працаваў матросам на грузавых суднах, што плавалі ў Ціхім акіяне — адна доўгая прыгожая казка, якая сканчаецца няўцешна, жахліва. Хворае сонца згасае, разбураныя гарады захопліваюць пачвары, магія выраджаецца. Сьвет людзей — дзе ваша веліч? Такое адчуваньне, быццам Шахерэзаду ў каралеўскай спачывальні зьмяніў Говард Філіпс Лаўкрафт.

У выкшталцонай мастацкай прозе, вырабленай паводле канонаў любімага Майстра, літаратары — наступнікі Вэнса сьпяваюць гімн прыгажосьці, чые здабыткі спракавет сьцеражэ сьмерць. Але дарэмна думаць, што хор складаюць няўцешныя дэкадэнты — кожнае апавяданьне поўніцца складанымі ідэямі, пачуцьцямі, жарсьцямі, агнём, які асьвятляе высокую столь нашага жыцьця, дазваляе бачыць багатую вымярэньнямі, але адзіную прастору за яго празрыстымі сьценамі.

Што сымпатычна, кожнае апавяданьне ў анталёгіі суправаджае аповед таго ці іншага літаратара аб тым, як адбылося ягонае асабістае знаёмства з творчасьцю Вэнса — 22 дакумэнты і адначасова яскравыя ўзоры так званай пісьменьніцкай крытыкі.

4. Мэцью Мэзэр, «Кібэршторм».

У кнізе, якая належыць да жанру «постапакаліпсіс», распавядаецца пра Нью-Ёрк, які апынуўся паміж молатам і кавадлам: з аднаго боку, горад захінула ад сьвету завіруха, з другога, усе камунікацыі паралізаваныя вірусам, які распаўсюджваецца, верагодна, Кітаем. Да таго ж нью-ёркцам пагражае эпідэмія птушынага грыпу.

Раман быццам амэрыканская Кунсткамэра: тут сабраныя ўсе жахі гэтай нацыі. Нам, беларусам, рэальныя і няісныя праблемы амэрыканцаў могуць падацца сьмешнымі. Але ж уявіце: вы — просты жыхар агромністага гораду, ваша дзіцё — хворае, а ваша кватэра — у хмарачосе, чые сыстэмы кіраваньня кантралююцца праз інтэрнэт. За вокнамі — сьнежная сьцяна, сувязь з жонкай, што сышла на працу, адсутнічае, як і з усім сьветам. Ваш альгарытм дзеяньняў?

Гэты самвыдатаўскі электронны раман спачатку захапіў увагу чытачоў і толькі потым — выдаўцоў і босаў Галівуду. Аўтар «Кібэршторму» — навуковец. Напачатку кнігі ён выказвае падзяку асобам, якія яго кансультавалі: былому галоўнаму дырэктару аддзела кібэрбясьпекі Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША Рычарду Маршалу, прадстаўніку ЗША ў НАТО па пытаньнях кібэрабароны Керцісу Левінсану і іншым, а таксама называе імёны ўсіх бэта-рыдэраў... Дарэчы, вы заўважылі, што беларускія пісьменьнікі ў адрозьненьні ад сваіх замежных калегаў абыходзяцца без падобных падзякаў? Відавочна, чужыя ідэі, парады, кансультацыі ім, унівэрсалам, непатрэбныя. Ну а рэдактары беларускіх кніг і без таго напрыканцы выданьняў пералічаны.

5. Артур Конан-Дойл, «Прыгоды Шэрлака Холмса: апавяданьні».

Перад намі першы зборнік апавяданьняў пра знакамітага дэтэктыва, выдадзены ў далёкім 1892 годзе, пасьля аповесьцяў «Эцюд у пунсовым» і «Знак чатырох».

Кнігу складаюць 12 апавяданьняў, сярод якіх шмат вядомых твораў, напрыклад, «Саюз рудых», «Пяць апэльсінавых зярнятак», «Чалавек з выкручанай губой». Увадначас гэта першае асобнае выданьне твораў пра Шэрлака Холмса па-беларуску. У якасьці перакладчыкаў выступілі Ганна Янкута, Алена Казлова, Алена Пятровіч, Кацярына Маціеўская, Аляксей Арцёмаў; прадмову да зборніка напісала Кацярына Маціеўская; дызайн вокладкі — Марыі Мухінай.

О, тое сапраўдная раскоша і асалода — чытаць выдатныя замежныя кнігі на роднай мове:

«Калі Холмс чыркануў запалкай, я пачуў выразны ціхі сьвіст, але рэзкая ўспышка сьвятла асьляпіла мае стомленыя вочы, і я не змог разгледзець, па чым так разьюшана біў мой сябар. Я пасьпеў заўважыць яго зьмярцьвела белы твар, поўны жаху і агіды. Ён перастаў хвастаць па шнурку і пільна ўтаропіўся ў вэнтылятар, калі раптам цішу ночы разарваў такі вусьцішны крык, якога мне яшчэ не даводзілася чуць. Гэты хрыплы крык, у якім зьмяшаліся боль, страх і гнеў, рабіўся ўсё гучнейшым і гучнейшым» («Стракатая стужка»).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG