Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У віцебскім ізалятары адмовіліся ўзяць перадачу для Сяргея Каваленкі


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Супрацоўнікі віцебскага ізалятару часовага утрыманьня адмовіліся перадаць затрыманаму актывісту Сяргею Каваленку рэчы асабістай гігіены і дадатковае адзеньне.

Пра гэта Свабодзе паведаміла жонка актывіста Алена Каваленка.

«Спачатку дзяжурны сказаў, каб прыносіла перадачу, але потым параіўся з кімсьці і адмовіў. Сказаў „гэтым“ нельга. То бок нават сродкі асабістай гігіены не прымаюць», — паведаміла жонка актывіста.

Калі будуць судзіць яе мужа, Алена Каваленка ня ведае. «Міліцыянты сказалі, што калі заўтра, ў пятніцу, знойдуць якога дзяжурнага судзьдзю, то магчыма суд правядуць, а калі не, дык не, застанецца сядзець да панядзелка, 29 сьнежня. Мяркую, сапраўды усё можа зацягнуцца да панядзелка, бо ўключна з нядзеляй усе дні наперадзе выходныя», — сказала Алена Каваленка.

Актывіст КХП-БНФ, былы палітвязень Сяргей Каваленка быў затрыманы ў Віцебску 24 сьнежня пасьля вывешваньня ў горадзе бел-чырвона-белага сьцягу. Паводле зьвестак, Сяргей Каваленка гэтак пратэставаў супроць судовага перасьледу аднаго з лідэраў партыі Юрася Беленькага.

Алена Каваленка распавяла, што даведалася пра арышт мужа ад супрацоўнікаў ізалятар. «Муж напярэдадні пазваніў, што хутка прыйдзе дамоў, але гэтак і не вярнуўся. А калі я даведалася пра сьцяг, то пазваніла ў ізалятар і там пацьвердзілі, што ён ўжо у іх», — распавяла Алена Каваленка.

Былы палітвязень Сяргей Каваленка быў вызвалены з магілёўскай калёніі ў 2012 годзе. Да таго ён адбыў больш за год ў беларускіх турмах за парушэньне адбыцьця пакараньня за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу на навагодняй елцы ў 2010 годзе. Цяпер Сяргей Каваленка вучыцца ў польскі горадзе Седліца паводле праграмы Каліноўскага. У Віцебск Сяргей Каваленка прыехаў на вакацыі і мусіць вярнуцца ў Польшчу да 10 студзеня 2015 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG