Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні з валянтэрамі: вайна і мір. Дзень 2-гі: заканчэньне (дадаліся фоты)


Радыё Свабода працягвае публікацыю дзёньніка беларускай журналісткі Дар’і Кастэнкі з зоны АТА ў Данбасе. Гэта не журналісцкі матэрыял, таму што ў ім няма бесстароннасьці. У ім няма ні слова выдумкі. Але ў ім занадта шмат любові, гэтым ён і небесстароньні.

Частка 3. Вайна.

Дзень ясны, відаць далёка: пагоркі, вёсачкі, трубы ЦЭЦ на гарызонце. Мы на трасе таксама як на далоні. Але ціха. Перамір’е.

***

— Док, а гэта чыё сяло? Сэпарскае або наша? — Дружа Максімавіч тыцкае пальцам за вакно, у домікі кілямэтрах у 4 ад нас.

— Гэта? Сэпарскае, напэўна. Езьдзіў бы ты па GPS, а не па памяці.

Заблытаныя прасёлкі памежжа граюць злыя жарты. То ўкраінскія валянтэры вылецяць на блёкпост ДНР, то група сэпаратыстаў патрапіць у разьмяшчэньне ўкраінскіх вайскоўцаў. Межы «нэўтральнай зоны» зрушваюцца туды-сюды, улетку і ўвосень пераходзілі з рук у рукі населеныя пункты. Блёкпосты мяняюць сваё разьмяшчэньне, вырастаюць там, дзе іх не было.

— Нават агульную карту не складзеш — блёкпасты перапаўзаюць, хр.н зразумееш, дзе чый, — кажа Дружа Максімавіч. — Я неяк у прыцемках выскачыў з прасёлка на трасу, у нэўтральную зону, гляджу — наперадзе блёкпост. Мама дарагая, а на ім украінскага сьцягу няма! Ня наш. Здаваў задам 2 кілямэтры. Пашанцавала: далёка быў, ня сталі страляць.

— Выцялі б цябе як сьлед пад сраку — ведаў бы, — чмыхае Док.

***

Тут сьціраюцца межы: мір-вайна, свой-чужы. Па вёсцы катаюцца дзецюкі на роварах, на прызьбе сядзіць бабка, мужыкі рамантуюць плот. За вёскай стаяць БТРы. Такая вайна.

Гэта нават не Ізраіль, хоць і там, кажуць, да вайны за незалежнасьць арабы з габрэямі сёрбалі адну поліўку і папросту выдавалі дачок адзін за аднаго. Нават не Ізраіль.

Тут нават усе кажуць аднолькава, з гулкім украінскім «г». Усе ў дзяцінстве глядзелі адну і тую ж «Іронію лёсу» і «Вясельле ў Малінаўцы».

«Дарэчы, па дарозе сюды, у Харкаўскай вобласьці мы праяжджалі тую самую Малінаўку, яна пад Чугуевам», — кажа Дружа.

«Міністар замежных спраў» ДНР, Аляксандар Кофман, некалі гуляў у «Што? Дзе? Калі?». Як і я. І Док. І Жэнька. І Дружа.

Мы зь ім сьпявалі разам у лесе ля вогнішча, даўным-даўно на фэстывалі інтэлектуальных гульняў у Гомелі.

А цяпер яго «паплечнікі», у лепшым выпадку, расстралялі б нас на месцы. Док і Дружа Максімавіч — у «расстрэльных сьпісах» ДНР, а нас з Жэнькай — за кампанію.

Гэта цяжка зьмясьціць у галаве.

***

Жэнька інструктуе мяне:

— Так, лішніх прыпынкаў у нас ня будзе. У выпадку прыпынку з дарогі не сыходзіць — узбочына можа быць замініраваная. Пры абстрэле выскокваеш з машыны і падаеш на зямлю, пажадана ў якую-небудзь яміну.

— Дастань бронекамізэльку, — просіць Дружа Максімавіч.

Бронекамізэлька ў нас добрая, чацьвёртай ступені абароны. Шкада толькі, што адна на чацьвярых.

— Я ня буду, я хлопчык, — круціць галавой Дружа.

Док проста глядзіць так, што мы не рызыкуем яму прапанаваць.

Бронекамізэльку апранае Жэнька, бурчыць:

«Мама, я шапачку надзеў. І касачку. І бронік».

Трохі пазлаваўшыся, яна нарэшце ўсьміхаецца:

«Адчуваю сябе Сантам: едзеш з трыма аленямі і раздаеш усім падарункі».

***

Мяне не адпускае адчуваньне віртуальнасьці, сцэнарнасьці, «фэйкававасьці» гэтай вайны. Як быццам нехта няўмелы адкрыў фаташоп і ўпілаваў у звыклыя краявіды тое страшнае і дзікае, чаго там не павінна быць. Нейкія тэатральныя «казакі», убраныя клоўны ў папахах, якія патрасаюць аўтаматамі і паўраскладзенымі імпэрскімі ідэямі. Жудасны і абсурдны «парад перамогі» ў Данецку. Мясцовыя крымінальныя рылы, якія хутка зразумелі, што лепшы сацыяльны ліфт — гэта аўтамат Калашнікава.

Я памятаю, як гэта пачыналася, калі захоплівалі першыя гарадзкія адміністрацыі на паўднёвым усходзе: дзелавітыя хлопцы ў чорных шапачках і недарэчныя бабкі з абразамі, якія драмалі на крэслах перад барыкадамі. Тады здавалася, што ўсе спробы чыркаць гэтымі запалкамі дарэмныя: не разгарыцца.

Разгарэлася.

Стралкоў, які выскачыў, як чорт з табакеркі. Вярбоўка добраахвотнікаў наўпрост у Маскве, у паласатых намётах з надпісам «Гуманітарная дапамога Данбасу». «Адпачыньнікі», а потым і расейская армія на Данбасе. Абвяржэньні ў расейскіх навінах: нашай арміі там няма; і паведамленьні ад сяброў у Фэйсбуку: да нас у горад заходзіць калёна расейскай тэхнікі. «Лінія фронту» пад Горлаўкай. Я не хачу гэта чытаць. Танная кніжачка ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі, творчасьць вар’яцкага графамана. Аўтар, выпі яду. Толькі фэйкавыя войскі стралялі зусім ня фэйкавымі кулямі. Паваліўся ў стэп сапраўдны Боінг. У катле пад Ілавайскам застаўся муж маёй знаёмай.

Гной, назапашаны ў віртуале, выплюхнуўся і атруціў рэальнасьць. Мабыць, гэта першая вайна, якую загадзя, доўга і са смакам апісвалі, візуалізавалі і заклікалі — у танных кніжачках жанру «альтэрнатыўнай гісторыі». Як і належыць дэману, яна зьявілася на заклік. Шкада толькі, што першымі накрыла зусім ня тых, хто варажыў на яе па тэлевізары.

Месяцамі Расея, прытуліўшыся да тэлеэкрана або кампутара, глядзела доўгі, крывавы сэрыял. Займальны і зь непрадказальнымі паваротамі, амаль як «Гульня тронаў». Крывавы Пастар, Яраш, Стралкоў на белым кані, бравыя апалчэнцы — вось гэта усё, за што цяпер давядзецца расплачвацца разам, нават тым, каму было балюча разам з украінскімі сябрамі і сваякамі.

А тут гінулі ўсур’ёз, не акторы, а жывыя людзі. Маці, якая страціла на фронце адзінага сына, павесілася на самай справе, не ў кіно. Тут гублялі блізкіх, паміралі ў Ілавайскім катле, прачыналіся ў шпіталі без абедзьвюх рук.

І сьвет раскалоўся — на «ўкропаў» і «ватнікаў», на сваіх і «сэпараў».

***

— Чаму я павінен іх шкадаваць? — злуецца Дружа Максімавіч. — Упаў снарад на школьны стадыён, загінуў 17-гадовы хлопец? А мой пабрацім, дружа Поўнач, які загінуў у аэрапорце Данецку, быў толькі на год старэйшы! А іншаму нашаму пабраціму, Мітчэлу, усяго 19 — ён нядаўна выйшаў на ратацыю з аэрапорту.

Я ведаю, што ён ня мае рацыю. Але нічога не магу яму сказаць.

***

«Нікому тут нельга давяраць. Хр.н зразумееш, за каго ён, ці ня здасьць. У вёсках „нашых“ і „сэпараў“ 50 на 50. Ці нават 60 на 40. Ватныя тут вёскі», — кажа Дружа.

— Небясьпечны ня той, хто цябе вачыма прапальвае. Той, хто вязе бомбу, табе 100 разоў можа сказаць «Слава Ўкраіне». І ты не даведаесься, пакуль ня выбухне. — О, ватнік з малалетнім сэпарам ідуць. Давайце падбяром, — шчэрыцца ён у люстэрка.

І мы падбіраем мужчыну зь дзіцем, падвезьці на 5 кілямэтраў да бліжэйшай вёскі.

***

Рух запавольваецца, наперадзе — чарга зь некалькіх фураў. Вось яно, Дэбальцава. Амаль скрайняя кропка Дэбальцаўскага выступу. Тут мы пачакаем другую валянтэрскую машыну, і з Богам паедзем далей. Па лязу дзіды, да самага яго кончыка. На перадавую.

— Паглядзіце направа — апошняя кавярня на гэтай дарозе, дзе можна выпіць прыстойнай кавы! Зараз мы туды зойдзем, — абвяшчае Дружа. — Ой, чорт. Яшчэ мінулы раз была цэлая!

Кавярня «Ладзьдзя» сустракае нас праваленым дахам і сьлядамі сажы — сюды прыляцела пры адным з апошніх абстрэлаў. Максімавіч не на жарт засмучаны.

За кавярняй — абгарэлы шкілет бэнзазапраўкі. Док хоча сфатаграфавацца на яго фоне, але толькі мы пачынаем, як да нас падбягае афіцэр. Фатаграфаваць нельга. Окей. — Дзе Вы сталі, я вас пытаюся?! Адганіце сваю машыну да мэдпункту. І самі ідзіце туды. Валянтэрам можна толькі там знаходзіцца!

— Не крыўдуйце, ён новенькі тут. Даслалі нейкае х..ло, — ціха суцяшае нас баец, які апынуўся побач. — Ідзіце папіце гарбаты ў мэдыкаў.

***

Валянтэрскі мэдпункт.

На стойцы сярод лекаў — букет пунсовых ружаў.

У кутку пад дзіцячымі малюнкамі — калядны цуд, елачка.

У мэдпункце дзяжураць грамадзянскія лекары-добраахвотнікі з Харкава. «Харкаўскія докі» па чарзе бяруць адпачынак у сябе ў бальніцы і прыяжджаюць «папраўляць здароўе» ў Дэбальцава. Вельмі, кажуць, тут клімат карысны. Канары і ААЭ нэрвова паляць у танным прывакзальным сарціры.

«Хата-чытальня».

Сьцяна аўтографаў. «Быць дабру». «Вернемся жывымі». «Алёна Сонцаслава — лепшая маці-Тэрэза АТА».

Калі-небудзь дзеці будуць вучыць гэта ў школе, а пакуль гэта можна памацаць і нават пагладзіць.

На крэсьле ляжыць пяшчотна-абрыкосавага колеру кот. Гэта байцовы кот мэдчасткі, пазыўны — Катэтэр.

«Праца ў яго такая. Ён залпы » Градаў" чуе за хвіліну да падлёту. Зрываецца з крэсла і бяжыць хавацца ў камору. Мы адразу параненых на плечы — і ў сховішча. Пакуль не падводзіў«.

***

Жывёлы на вайне — асобная песьня. На кожным блёкпосьце, у кожнага падразьдзяленьня і батальёна ёсьць каты і сабакі. Яны прыбіваюцца да людзей самі — асірацелі, калі гаспадары зьехалі. Хадзячы антыстрэс, аб’екты ўсеагульнай любові. «Ой, што гэта ў Мухі на воўну наліпла? Дай-ка нож», — і здаравенны няголены мужык у камуфляжы цярпліва разблытвае каўтун у дробнай балёнкі.

Усё тут вераць, што каты і сабакі загадзя чуюць абстрэлы. А сабакі — яшчэ і вартаўніка. «Жужа заўсёды брэша, калі сэпары ідуць».

***

— Дзень добры, мы хацелі даведацца... можа, у вас ёсьць нейкая ежа з гуманітаркі?

У мэдпункт заходзіць жанчына з дачкой, зь мясцовых жыхароў. Мы вымятаемся, не дапіўшы каву. Няхай дамаўляюцца бязь лішніх вачэй.

***

— Лезьце пагрэйцеся ў БТР.

У БТРы і праўда цёпла, сядзеньні для дэсантуры, і зноўку — дзіцячыя малюнкі.

Гэтыя альбомныя лісты з сонейкамі, танчыкамі і крывымі навагоднімі елкамі — цэняцца больш, чым сьвежы хлеб. Імі ганарацца, спрачаюцца, у каго прыгажэйшы. Іх лепяць на сьценкі ў бліндажах, у БТРах і танках. Зь імі ж, бывае, і гараць.

— Часам сядзіш і думаеш: твая радзіма сраць на цябе хацела. А потым паглядзіш на малюнкі — і зноў разумееш, за што ваюеш.

— А што тут незразумелага? Мы твая радзіма, чувак, — кажа Жэнька.

***

Больш, чым малюнкі, цэняцца толькі жоўта-блакітныя пляцёнкі-абярэгі — іх таксама робяць дзеці. Другая валянтэрская машына, разам зь якой мы пойдзем далей, якраз падвезьлі такіх.

— Добра, а то я свой страціў, — цешыцца стралок БТР. Яго завуць Мікалай, ён прызыўнік з Шосткі.

— Я і сам зьбіраўся, а тут і позва. Пайшоў у ваенкамат. Нас вучылі 2 тыдні, я — стралок, ёсьць яшчэ кіроўца і камандзір экіпажу. Па ідэі, кожны з нас павінен умець усё і замяняць іншых — быць і стралком, і кіроўцам, і камандзірам. Але дзе там. Я толькі асноўныя рэчы запомніў, астатняму давучваўся на хаду.

— А ў мірным жыцьці?

— Я бляхар.

***

— Абстрэльваюць? Цяпер не, перамір’е. А так, лічы, кожны дзень. Ты пад ногі паглядзі...

Пад нашымі нагамі храбусьцяць кулямётныя гільзы.

— Страшна, так. Але да ўсяго прывыкаеш? Ведаеш, што гэта? Кавалак цэнтральнай часткі «Граду». Хочаш на памяць?

— А вось таксама аскепак «Граду» — гэта элемэнт, які паражае.

«Элемэнт, які паражае» — згорнутая вузлом паласа мэталю з вострымі як лязо бакамі.

— Гэй, Док, хочаш аскепак?

— Ува мне свой ёсьць, прывёз з-пад Славянску, — сьмяецца Док. — Стаяў гаварыў з артылерыстам, патрапілі пад мінамётны абстрэл.

***

Урачэбная мэдыцынская сумка, набітая дарагімі інструмэнтамі, шоўным матэрыялам і цэлаксам, знайшла свайго новага гаспадара. Урач-анэстэзіёляг. Тут ён — галоўны ўрач.

— «Давайце сфатаграфуемся на памяць!»

— «Ой, нават ня ведаю... Я няголены, і чаравікі ў брудзе...»

***

Вайскоўцы ў Дэбальцава думаюць, ці прапускаць нас далей. «Далей» — гэта туды, дзе самая перадавая. Cамая задніца, як ні дзіўна лічыць гэтыя словы сынонімам перадавой.

«Добра, пакуль перамір’е — едзьце», — нам даюць «агнявую падтрымку» — вясёлы хлопец у броніку і з аўтаматам сядае ў першую машыну. Едзем.

Вёска стаіць у інеі, ціха, вокны залепленыя паперай, зачыненыя аканіцамі або забітыя дошкамі. Мясцовых людзей амаль не відаць, на прызьбе сядзіць бабка, заплюшчыўшы вочы і падстаўляючы зморшчыны сонцу.

Многія мясцовыя, калі ня большасьць, адсюль зьбеглі. Некаторыя пакінутыя дамы занялі ўкраінскія вайскоўцы.

Вёска ўвесь час пакутуе ад артылерыйскіх двубояў, да перамір’я мясцовыя жыхары фактычна жылі па скляпах.

Але на цэнтральных вуліцах разбурэньняў амаль не відаць. Першы прыпынак — у цэнтры вёскі. Вайскоўцы разьбіраюць самае патрэбнае: хлеб і абярэгі.

— А ты чаму ў адным швэдры? — валянтэр Лена, з другой машыны, насядае на загарэлага барадатага мужыка, і мне прыгадваецца Жэньчын жарт пра касачку і бронік.

Салдаты рагочуць.

Ён у нас гарачы паўднёвы хлопец, з Італіі!

Ён адмахваецца:

З Ільвова я! Жыў у Італіі апошнія 3 гады. Вось, прыехаў ваяваць.

— А бушлат твой дзе, абаронца.

— Ай, пагарэльцы мы, — па-цыганску лыбіцца ён, закідваючы за плячо кулямёт на рамяні. — У нас зямлянка згарэла, з усімі рэчамі. У чым быў, у тым і застаўся.

— Самі усе цэлыя?

— Так.

— Зараз, — Док залазіць у машыну. — Бушлата няма, але ёсьць цёплыя штаны, шкарпэткі, вайсковыя швэдры. Вось яшчэ «Цэлакс», трымай.

«Цэлакс» шануецца паўсюль, асабліва на перадавой. Эфэктыўны заходні крываспыняльны сродак, які выпускаюць у розных формах.

Гэта 4 гадзіны жыцьця для параненага — шанец дацягнуць да шпіталя, а не сьцячы крывёю за некалькі хвілінаў.

Лена спыняецца, думае, бурчыць сабе пад нос: «Ну няма ў нас больш бушлатаў, няма».

Потым сьцягвае бушлат.

Падкрадаецца да «італьянца», каб не пачаў адмаўляцца заўчасна.

І накідвае бушлат яму на плечы.

***

Вось яна, перадавая. Ускраіна вёскі, наперад на 800 мэтраў — і пазыцыі сэпаратыстаў. Направа 2 кілямэтры — і таксама тэрыторыя ДНР.

— Гэй, хто тут у вас галоўны?

— Увогуле, я.

— Ой. Выбачайце.

На перадавой афіцэры ня носяць знакаў адрозьненьня — каб не палягчаць працу снайпэрам з таго боку. А ён яшчэ і выглядае як 18-гадовы хлопец — кадравы ваенны, старшы лейтэнант, камандзір апорнага пункту Дзяніс.

Дзянісу 22 гады, ён камандуе 30 бывалымі мужыкамі, старэйшымі за яго. Да пазыцыі сэпаратыстаў — 800 мэтраў у адзін бок і 2 кілямэтры ў іншы, — вось самыя важныя лічбы ў яго жыцьці. Такі лёс: скончыць ваенную акадэмію ім. П. Сагайдачнага ўлетку 2014 году.

— Чаму ў вайскоўцы пайшоў? Дурная прычына. Я думаў: буду звычайным студэнтам — любы можа аб мяне ногі выцерці і ў дупу трахнуць. Я хацеў стаць сапраўдным мужыком, каб вось прыйшоў на дыскатэку ў форме — і ўсе дзяўчынкі глядзяць. Ужо сьмешна, так?

Выпусьціўся гэтым летам — і адразу на фронт. Кадравых вайскоўцаў не хапае.

... А хочаш, я цябе з мамай пазнаёмлю; яна раскажа, як я першы раз на фронт ад’яжджаў, а яна плакала...

... так, абстрэльваюць увесь час. Гэта цяпер ціха, таму што перамір’е, але яны нас усіх бачаць у прыцэлы, не сумнявайцеся.

Прылятае з мінамёта, працуюць снайпэры, мы тут неяк выведвальны бесьпілётнік зьбілі. Але ўлетку было горш, праўда.

— Ведаеш, што цяжка? Што няма з кім п...зьдз.ць пра ўзьнёслае. Вось вы прыехалі — з вамі можна пагаварыць. А так асабліва па душах не пагаворыш: я ж камандзір, павінен трымаць дыстанцыю.

Праблемы з субардынацыяй? Ды быццам ужо няма, мужыкі звыкліся. Важны ж ня толькі ўзрост, але тое, што ты ведаеш і ўмееш, які ў цябе ваенны вопыт. У акадэміі, дарэчы, шмат якім карысным рэчам не вучылі — усяму вучысься на фронце.

Вось з чым праблемы, дык гэта... ён паніжае голас — з рас..зьдз....вам і алькагалізмам. Тут жа або абстрэлы, альбо ўсё ціха — рабіць няма чаго, сядзім, сумна. А ў суседняй вёсцы ёсьць жанчына адна, гоніць самагон. Дык да яе ўжо з 7-й раніцы чарга з мясцовых стаіць. Ну і мае туды ж пратапталі сьцежку, як я падазраю. Мала таго, што выпіваюць — могуць жа на засаду наляцець. Думаю, тыя ж сэпары да яе таксама па самагонку ходзяць.

(Салоха — тыпаж, які ва Ўкраіне не перавядзецца ніколі, — думаю я)

— Прапусьціце бабку, гэта наша бабка, яна нам малако носіць, — Дзяніс на сэкунду спыняе нашу гутарку. З «сэпаратысцкага» боку паўз нас праяжджае на лядашчым ровары крыху менш лядашчая бабулька. На стырне — гаспадарчая торба, на багажніку — бітон.

***

— Вайсковая кар’ера? Ня ведаю. Можа, і не. Скончыцца вайна — паглядзім. Мы зь сябрам другую вышэйшую атрымліваем, у Львове. Спэцыяльнасьць — мэнэджмэнт. Сябар таксама на фронце, мы разам бярэм адпачынак і езьдзім на сэсію. Сэсія здаецца — імгенна. Я справіўся за 4 дні, самы доўгі іспыт быў 40 хвілінаў. Распавядаў выкладчыку, як мы тут ваюем.

Ён усьміхаецца: — Зафрэндзі мяне ў Фэйсбуку!

(Яшчэ адно зь дзівацтваў гэтай вайны — яе «мэдыйнасьць». Прамая трансьляцыя ў сацсеткі: вось расейскі «добраахвотнік» выкладвае УКантакціку фотачку, дзе ставіць нагу на труп украінца. А вось ты фрэндзісься ў Фэйсбуку з чалавекам, які сядзіць пад абстрэламі ў Дэбальцава і піша адтуль статусы. Два сьветы — дзе суперніка баняць і дзе суперніка накрываюць «Градам» — раптам перасякаюцца і пранікаюць адзін у адзін.

І ты сядзіш на скрыжаваньні гэтых сьветаў, апоўначы, з сэрцам, якое ные ад неспакою, як зуб ад карыесу, і чакаеш — напіша ён сёньня статус у Фэйсбучыку ці не).

***

— Гэта гаспадарчае памяшканьне. Тут мы ямо. А гэта вось у нас зямлянка згарэла, — нам праводзяць хуткую экскурсію.

— Ад чаго згарэла?

— Эээ... ну... міна патрапіла!

— Хлусіць, — шэпча мне Док. — Варонкі нешта не відаць. Відаць, самі па п’яні і спалілі.

Яшчэ адно гаспадарчае памяшканьне. Са столі зьвісае крыжык з пацерамі.

***

— Валянтэры! Ідзіце гарбату піць!

Нас клічуць на кухню. Мара салдата: цяпло і велізарны кацёл супу.

— Я гатаваць зь дзяцінства ўмею. Нас у сям’і было 9 дзяцей, я — старэйшы. Вось і тут стаў кухарам.

Грэемся і ямо. Док і тут не забывае, што ён валянтэр.

— Трэба яшчэ што-небудзь у гаспадарцы?

— Мне б кацёл пабольш. А, і яшчэ вялікую патэльню!

***

Тым часам, нашы дзьве машыны ўжо разгрузілі. Грунтоўная куча скрыняў, цёплыя рэчы, рыштунак і нават хатнія закаткі, сала і варэньне.

(Калі пакорпацца ва ўкраінскім мэнталітэце, дык дзесьці ў самым падмурку абавязкова знойдзецца ідэя «накарміць усіх». Я памятаю Майдан у самыя страшныя дні. На барыкадах б’юцца, а «ў тыле» ў велізарных катлах вараць боршч.

На днях, калі абваліўся расейскі рубель, мае ўкраінскія сябры напісалі маім рускім сябрам: «Ня бойцеся! Калі вас абнясуць бэтонным плотам, мы пракалупаем дзірачку і будзем туды вам сала прапіхваць»).

****

«Ура, чаравікі!» І навагодні падаруначак з паштоўкай з Масквы.

Чыстая бялізна і шкарпэткі.

Фота на памяць з валянтэрамі.

«Хлопцы, час вам зьяжджаць. Хоць і перамір’е, а лепш не сьвяціць тут занадта доўга».

Лена фатаграфуецца зь Дзянісам. Яднаньне фронту й тылу па-ўкраінску — гэта неяк так.

Перад ад’ездам Дзяніс адводзіць мяне ўбок і ціхенька пытаецца:

— Ну як там людзі ў Маскве, яны ўжо што-небудзь пачынаюць разумець? Калі ўжо зразумеюць, што іх дураць? Гэтую вайну пачалі ў Маскве, і завершыцца яна так ці інакш таксама ў Маскве.

— Яны зразумеюць, Дзяніс, — кажу я. — Ня ведаю калі, але рана ці позна — зразумеюць.

***

Мы выяжджаем з Дэбальцава. Падмарозіла, на дарозе тонкая здрадніцкая скарыначка лёду.

У кіроўцы звоніць тэлефон. Ён ківае: падымі, скажы, што я потым ператэлефаную.

— Алё, — кажу я. — Ён ня можа цяпер размаўляць...

І чую, як на тым канцы суразмоўца хрыпла, доўга выдыхае.

— Дай! — Дружа Максімавіч вырывае ў мяне тэлефон. — Я жывы, жывы! Не ў палоне, не. Гэта са мной журналістка з Масквы, я за стырном, дарога дрэнная, я папрасіў яе падняць слухаўку.

— Акцэнт гэты твой маскоўскі, — кажа Дружа. — Нават мяне ад яго калоціць, хоць быццам ужо звыкся. Разумееш, бывае, калі хлопцы трапляюць у палон — сэпары, бывае, тэлефануюць іх родным і сябрам... Ці падымаюць слухаўку.

***

Дрэвы стаяць у ледзяных кропельках, сонца хіліцца на захад, мы коцімся па трасе ўсьлед за ім.

Праходзім «рыльца» мяшка.

Док спраўджвае па мапе, зашпільвае вінтоўку ў чахол і тут жа пазяхае.

«А вось цяпер я хачу спаааць», — мармыча ён.

Док засынае імгненна, як дзіця, і цяжка завальваецца галавой мне на плячо.

У маіх навушніках Боб Дылан грукае Knocking on the heaven's door

Аўтар тэксту і фота — Дар’я Кастэнка,

беларуская журналістка, цяпер працуе ў Маскве

XS
SM
MD
LG