Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі міжнародны: як сабраць на фэстываль 1100 кінастужак з усяго сьвету


Каардынатары фэстывалю кароткамэтражных фільмаў Cinema Pеrpetuum mobile Ліна Мядзьведзева і Андрэй Шчэрба
Каардынатары фэстывалю кароткамэтражных фільмаў Cinema Pеrpetuum mobile Ліна Мядзьведзева і Андрэй Шчэрба

Чацьверты раз у Менску пройдзе ўнікальны кінафэстываль, за якім не стаіць ні дзяржава, ні нейкая арганізацыя, а толькі прыватныя асобы.

На Міжнародны фэстываль кароткамэтражных фільмаў Cinema Pеrpetuum mobile, які адбудзецца ў красавіку наступнага году, ужо прыйшло 1100 фільмаў з 80 краінаў — гэта каля 230 гадзінаў прагляду.

Але для беларусаў дэдлайн быў падоўжаны да 1 лютага.

Каардынатары фэстывалю Ліна Мядзьведзева і Андрэй Шчэрба распавядаюць Свабодзе пра праект, кароткамэтражнае кіно, яго аўтараў, посьпехі і праблемы.

Cinema Pеrpetuum mobile Кінапаказ у Малайзіі
Cinema Pеrpetuum mobile Кінапаказ у Малайзіі

Твар фэстывалю

Фэстываль Cinema Pеrpetuum mobile пройдзе ў Менску з 11 па 19 красавіка 2015 году. Паказы адбудуцца ў кінатэатрах «Цэнтральны» і «Ракета», на іншых культурных пляцоўках Менску.

15 лістапада скончыўся прыём заявак для замежнікаў, ад беларусаў фільмы на конкурс будуць прымаць да 1 лютага. Чаму? Бо беларускіх фільмаў звычайна мала. У гэтым годзе іх прыйшло толькі 30. Няшмат, але гэтым разам, на думку каардынатараў, досыць добрай якасьці.

Па сканчэньні перадпраглядаў для беларусаў будуць два бонусы. Першы — разам з традыцыйнай праграмай, якую каманда CPM паказвае за мяжой, — паўтарагадзіннай падборкай з астатніх прац, будуць рассылаць і праграму зь беларускіх фільмаў. Яны трапяць у 15 — 20 краінаў сьвету.

«Kаб іншыя кінашколы паглядзелі і ацанілі, — кажа Ліна. — Гэта твар нашага фэстывалю на міжнароднай арэне. Паказы праходзяць па ўсім сьвеце: у Малайзіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Румыніі...»

Другі бонус — пасьля фэстывалю ў «Сінемаскопе» будуць праходзіць паказы беларускіх фільмаў.

«Увогуле нашая мэта — прасоўваньне кінематографа і папулярызацыя фільмаў беларускіх рэжысэраў», — зазначае Андрэй і дадае, што беларускім кіно ў Беларусі цікавяцца: у мінулым годзе ў малой залі «Ракеты» квіткі на паказ расхапалі вельмі хутка — раніцай у дзень паказу іх не было.

Кінапаказ у Ракеце
Кінапаказ у Ракеце

Кароткаму мэтру — мульцікі

Калі казаць пра жанр, зь якім найлепш у беларусаў, то гэта, на думку каардынатараў, залежыць ад фармату кіно:

«Для поўнага мэтру лепш дакумэнталістыка, — мяркуе Ліна, — бо паўнамэтражнай анімацыі няма, гульнявое ўвогуле „правальваецца“... Кароткі мэтар — дэмакратычная форма, ня надта аб’ёмная па фінансах, і сустракаюцца прыстойныя гульнявыя працы. Але лепш за ўсё анімацыя. У нас і школа добрая, і працаў шмат, якасьць высокая. Мы толькі рады кожнай анімацыі, якая прыходзіць».

Ліна Мядзьведзева
Ліна Мядзьведзева

Менавіта анімацыя ў мінулым годзе зрабілася адзінай працай, якая па ўзроўні годна ўвайшла ў конкурсную праграму, — мяркуюць арганізатары. Астатнія беларускія стужкі праглядалі толькі ў межах беларускай праграмы.

Усяго фэстываль Cinema Pеrpetuum Mobile мае 4 сэкцыі ў межах конкурснай праграмы: гульнявая, анімацыя, дакумэнталістыка і экспэрымэнтальнае кіно. Ёсьць таксама і пазаконкурсная праграма, тэмамі якой у гэтым годзе былі гендэр, мігранты і іншае.

Конкурсную праграму судзяць 4 розныя міжнародныя журы (Польшча, Швэцыя і г.д). У папярэднія гады фільмы судзілі Коры Макебі (ЗША, рэжысэр і кампазытар «Амэрыканскага астранаўта (2001) і «Stingray Sam» (2009), Лі Санг Ву (Паўднёвая Карэя, пераможца многіх міжнародных фэстываляў і прафэсар рэжысуры ў адной з ВНУ); Ірына Дзям’янава (Беларусь, праграмны дырэктар конкурсаў дакумэнтальнага кіно «Лістапада»); і іншыя.

Ніша фэстывалю

«У нас не занятая ніша міжнародных фэстываляў і ніша кароткамэтражнага кіно, — кажа Ліна. — Ёсьць „Лістапад“ для паўнамэтражак. Ёсьць міжнародны фэстываль анімацыі ў Магілёве і дакумэнтальнага кіно ў Брэсьце — але той больш СНД-шны».

«У сьвеце вельмі шмат кароткамэтражных фэстываляў з прыватнай ініцыятывы. А ў нас „Лістапад“ — дзяржаўны, фонд якога зацьверджваецца пастанаўленьнем Саўміна», — дадае Андрэй.

Андрэй Шчэрба
Андрэй Шчэрба

Ліна: «Часта гэта фэстывалі тэматычныя. Мы хацелі б займацца сацыяльным кіно, але паколькі ў нас кароткім мэтрам ніхто не займаецца, даводзіцца захоўваць шырокую накіраванасьць. Фільмы сацыяльнай тэматыкі ўваходзяць у пазаконкурсную праграму».

Больш пазытыву!

І пакуль кінафэсты ў Беларусі — лічаныя, суполка людзей з гарызантальнай структурай арганізацыі займаецца дэпрэсіўным беларускім кіно, якое ў гэтым годзе на дзіва разбавілася пазытыўнымі працамі, і атрымлівае асалоду ад тэхнікі апэратараў:

«Вельмі слабае месца беларускіх фільмаў — сцэнар, — кажа Ліна. — Часта пасьля прагляду фільма незразумела, што да чаго, хто кім каму даводзіцца, і што адбылося. У нас вельмі добрая апэратарская школа — гэта ўсе кажуць, але гэтага, на жаль, недастаткова».

Адзін зь беларускіх фільмаў гэтага году — пра мастака год 25-30, паўдакумэнтальнае кіно.

Герой — мастак Арч, шырока вядомы ў вузкіх колах. Ён сьвяткуе Новы год, працуючы ў моргу, тыповае беларускае надвор’е... «Але гэта глядзіцца хвалююча і аптымістычна: так, чаму б і ў моргу не адзначыць Новы год? У фільме — яго перажываньні», — расказвае Ліна.

Яна і іншыя сябры аргкаманды запрашаюць усіх аматараў на адкрытыя перадпрагляды фільмаў, дзе гледачы ставяць ацэнкі, паводле якіх фарміруецца конкурсная праграма. Такія сустрэчы плянуюцца да 6-7 лютага раз на два тыдні.

Кожны перадпрагляд доўжыцца каля 6 гадзінаў, жанрава разнастайны: анімацыя, гульнявое кіно і дакумэнталістыка. Стабільна высокай якасьці ніхто не гарантуе, але разнастайнасьць — на 100%. Да паказу не пускаюць толькі відавочна няякасныя стужкі, беларускія паказваюць усе.

Сачыць за перадпраглядамі і навінамі можна тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG