Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: Пакупнікоў няма. Гандлю няма. Валюты таксама


Грабянёўскі рынак. Навагодні гандаль без пакупнікоў

Грабянёўскі рынак. Навагодні гандаль без пакупнікоў

Наступствы валютнага крызысу востра адбіваюцца на дробных прадпрымальніках, якія гандлююць на рэчавых рынках. Бізнэсоўцы прызнаюцца, што ў людзей няма грошай, каб набыць іхны тавар. Гандаль амаль спыніўся. Прадпрымальнікі дапускаюць, што многія з іх, калі сытуацыя ня зьменіцца, вымушаныя будуць закрыцца.

Грабянёўскі рынак адзін з найвялікшых у Магілёве. Тутэйшыя гандлёвыя павільёны поўныя тавару. Нешматлікія пакупнікі прыцэньваюцца ды сыходзяць так нічога і не набыўшы. Паводле мясцовых прадпрымальнікаў у гэтыя пераднавагоднія дні гандлю няма — няма і прыбыткаў. Сытуацыя для гэтага часу не бывалая, тлумачыць адна зь бізнэсовак.

«Пакуль даляр не падскочыў неяк выжывалі, а калі ён падскочыў, то, як я думаю, многія застануцца бяз працы. У нас грошаў няма, бо гандлю няма. Мы ўсе пазачыняемся. Падатак за месца заплаці. На гэта блізу пяці мільёнаў ідзе. Мы жывём ў Беларусі, а ў нас ад эўра лічаць. Чаму так? Чаму нам падаткі такія паставілі. Ва Ўкраіне якія малыя падаткі былі — 15-20 даляраў, а ў нас 50-100 даляраў былі падаткі. Гэта для параўнаньня».

Калегі гандляркі заўважаюць, што беларускія грошы ім патрэбныя для набыцьця валюты, каб на яе закупіць новы тавар ды ўратаваць ад абясцэньваньня тое, што ўдалося нагандляваць.

«Цэны мы ж не падымаем. Куды іх падымаць, калі людзі і так нічога не купляюць. Прадукты ў асноўным купляюць. Курсы скокнулі. У Расею людзі зьезьдзілі ўсё накуплялі. Колькі машын сюды прыгналі, шмат! Прадуктаў колькі з адтуль прывезьлі. Колькі халадзільнікаў. А цяпер дзе грошы ім узяць? Заробкі ж не павялічыліся»,— даводзіць сваё бачаньня сытуацыі гандлярка Грабянёўскага рынку.

У праходах між павільёнамі адны гандляры

У праходах між павільёнамі адны гандляры

Тэму пра вываз беларусамі грошаў у Расею працягвае яшчэ адна прадпрымальніца. На сытуацыю ў яе больш аптымістычны погляд.

«У Расеі цэны сталі ніжэй і тавар стаў больш даступны. У гэтым праблема, а не таму, што даляр у нас расьце. Наш народ глынуў туды, дзе таньней і вывез шмат грошай. Нічога страшнага няма. Усё ўрэгулюецца. Пасьля Новага году ўсё стане на свае месцы. Вініць эканоміку я б ня стала. Яна ў нас заўжды слабая была. Мы крызыс за крызысам перажывем. Нічога страшнага. Падаткі будуць расьці, але выкруцімся».

Адзін з прадпрымальнікаў заўважыў, што ў Беларусі кожныя тры гады адбываецца эканамічны каляпс. Сёлетні крызыс зацягнецца, на ягоную думку, гады на два. Прагназаваць чым ён скончыцца не магчыма. Цяперашнюю сытуацыю прадпрымальнік параўноўвае з сытуацыяй 2011 году, калі таксама былі праблемы з набыцьцём валюты:

«У 2011 годзе гэта былі чыста беларускія ўнутраныя праблемы, выкліканыя пралікамі ў эканоміцы. Цяпер жа ўсё па-іншаму. Цяпер жа ўсясьветны рынак. Эмбарга ў суседзяў. А мы ж завязаныя на Расеі, таму гэта ўсё і на нас адбіваецца на сто працэнтаў».

На пытаньне што чакае пакупнікоў ад прыхаванай дэвальвацыі беларускага рубля на трыццаць працэнтаў прадпрымальнікі адказваюць: рост цэнаў:

«Гэта найперш на пакупніках скажацца, бо хочаш ня хочаш мы закупляем тавар за валюту. Адпаведна да закупачных цэнаў будуць даплюсоўвацца гэтыя трыццаць працэнтаў, якія ўвялі. Цэны будуць вышэй».

На пытаньне чаго больш у цяперашніх праблемах палітыкі, ці эканомікі прадпрымальнікі адказваюць, што ўсё ж эканомікі. Шляхоў уплыву на сытуацыю яны ня маюць, таму давядзецца прыстасоўвацца ім як і ў папярэднія крызісныя гады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG