Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцы заклікалі прызнаць дэвальвацыю


Таксама яны прапанавалі распрацаваць сыстэму мер па падтрымцы найбольш уразьлівых груп насельніцтва і прыярытэтных сэктараў эканомікі.

Пра гэта гаворыцца ў звароце бізнэс-зьвязаў Беларусі да віцэ-прэм’ера, старшыні рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Беларусі Пятра Пракаповіча.

Дзелавыя колы выказаліся за рабочую нараду «з удзелам зацікаўленых для больш дэталёвага абмеркаваньня пытаньняў».

Старшыня Менскага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін адзначыў, што сустрэча з Пятром Пракаповічам чакаецца пасьля калядных сьвятаў.

«Дэ-факта дэвальвацыя адбылася», — заявіў старшыня Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Аляксандр Швец, але інструмэнтарый абраны няправільна.

Ён лічыць, што 30%-ны збор можна было абвясьціць на 1-2 тыдні, каб зьбіць ажыятаж, бо ў выніку ў краіне паўстала множнасьць курсаў, «што мы ўжо праходзілі».

«Цяпер спахапіліся і памянялі курс пакупкі для фізычных асобаў. Але не трэба гарадзіць агарод і лічыць насельніцтва дурней за тых, хто працуе ў Нацбанку. Яны прайшлі нямала крызысаў. Чым хутчэй ўзаконім, што дэвальвацыя адбылася, тым лепш для бізнэсу. Гэта дазволіць адэкватна ацэньваць выдаткі», — сказаў парталу tut.by Швец.

Бізнэсоўцы лічаць, што прынятыя рашэньні "адмоўна паўплываюць на эканамічны рост суб’ектаў гаспадараньня, прывядуць да вымываньня абаротнага капіталу,"замарожваньня " заробкаў, зьнізяць інвэстактыўнасьць бізнэсу, нэгатыўна паўплываюць на канкурэнтаздольнасьць айчыннай прадукцыі па цэнавым фактары як на зьнешнім, так і на ўнутраным рынках, прывядуць да росту пратэрмінаванай дэбіторскай і крэдыторскай запазычанасьці, павелічэньня колькасьці стратных арганізацый, парушаць рытмічнасьць працы бізнэсу ў справе заключэньня кантрактаў і выкананьня паставак на 2015 год".

У якасьці экстраных мераў бізнэсоўцы прапануюць дазволіць суб’ектам гаспадараньня сумы, зьвязаныя з вяртаньнем 30%-га падатку, ўключаць у затраты па вытворчасьці і рэалізацыі прадукцыі, або адносіць да пазарэалізацыйных выдаткаў, што ўлічваюцца пры падаткаабкладаньні. Акрамя таго, бізнэс просіць не распаўсюджваць падатак на пагашэньне валютных крэдытаў, дамовы па якіх заключаны да 20 сьнежня, а таксама на куплю валюты для пагашэньня крэдытнай запазычанасьці па таварных крэдытах, па якіх да 20 сьнежня атрымана прадукцыя.

На ўзроўні Нацбанка бізнэс просіць прызнаць сытуацыю з выплатай крэдытаў форс-мажорнай і дазволіць банкам перагледзець умовы і тэрміны вяртаньня валютных крэдытаў без штрафных санкцый.

На ўзроўні ўрада бізнэсоўцы просяць дазволіць павялічваць цэны да ўзроўню, які забясьпечвае пакрыцьцё выдаткаў, то бок да нулявога ўзроўню рэнтабэльнасьці.

Згодна з указам прэзыдэнта, 30% -ны валютны падатак будзе выплачвацца да 1 лютага 2015 года. РС

XS
SM
MD
LG