Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнія СМІ пра Беларусь: «Бацька» пазьбягае «ўсынаўленьня» Масквой


Заходнія мэдыі аналізуюць апошнія крокі кіраўніцтва Беларусі, балянсаваньне афіцыйнага Менску паміж Расеяй і Захадам, а таксама беларускае рэха расейскага эканамічнага крызісу.

The Wall Street Journal (ЗША)

У падзеньня расейскага рубля зьявілася новая ахвяра — Беларусь і яе эканоміка. Рэжым Лукашэнкі пачаў блякаваць незалежныя сайты навінаў і некалькі інтэрнэт-крамаў. Гэта была спроба прадухіліць панічны адток інвэстараў з банкаў і ўмацаваць беларускі рубель. Паколькі большая частка разьлікаў у гандлі Расеі зь Беларусьсю праводзіцца ў рублях, Лукашэнка ўразьлівы перад абвалам расійскай эканомікі.

Праблемы беларускай валюты — навука іншым дзяржавам Усходняй Эўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўднёвага Каўказу.

Захаду варта скарыстацца момантам і запатрабаваць пераменаў у Беларусі.

Лукашэнка і Пуцін — зусім ня шчырыя сябры. Лукашэнка спрабуе пазіцыянаваць сябе хутчэй як мост паміж Усходам і Захадам, чым як васала Крамля.

ЗША і ЭЗ зрабілі б памылку, калі б безумоўна прынялі з адкрытымі абдымкамі гэтага пажыцьцёвага прэзыдэнта, які знаходзіцца ў стане панікі, паколькі, хутчэй за ўсё, ён перастрахоўваецца і збольшага ставіць на Маскву. Калі Лукашэнка хоча глыбей інтэгравацца з Захадам, Вашынгтон і Брусэль павінны настаяць на тым, каб ён зьменшыў ціск на беларускую грамадзянскую супольнасьць. Разблякіроўка апазыцыйных сайтаў і незалежных сайтаў навінаў была б добрым крокам у гэтым накірунку.

La Stampa (Італія)

Беларускі дыктатар ня хоча Майдану ў сваёй краіне і нэгатыўна ўспрыняў анэксію Крыму. Цяпер ён умацоўвае эканамічныя сувязі з Кіевам, але не далучаецца да санкцыяў супраць Масквы.

Падчас супрацьстаяньня паміж Расеяй і Ўкраінай Аляксандар Лукашэнка здолеў ня толькі ператварыцца з «апошняга дыктатара Эўропы» ў палітыка, у якім маюць патрэбу як Масква, так і Брусэль, у гаспадара пляцоўкі для мірных перамоваў у Менску, але і павялічыць свае даходы, экспартуючы ў Расею харчовыя тавары, якія трапілі пад санкцыі Пуціна. Спрытны беларускі прэзыдэнт усьведамляе, што ён ня зможа захаваць «роўнааддаленасьць» асабліва пасьля таго, як Масква абвінаваціла яго ў «кантрабандзе» і забараніла імпартаваць беларускае мяса. Таму Лукашэнка аб’явіўся ў Кіеве, дзе запэўніў свайго ўкраінскага калегу Пятра Парашэнку ў сваёй выключнай салідарнасьці.

Такая дэманстрацыя падтрымкі наўрад ці даставіць задавальненьне Расеі, дзе Лукашэнку заўсёды лічылі саюзьнікам нязручным, дарагім, але адданым Але з пачаткам украінскага крызісу Менск стаў яшчэ больш нязручным. Ён ня пляскаў у ладкі анэксіі Крыму, не паставіў пад сумнеў легітымнасьць рэвалюцыі Майдану і скіданьне Януковіча, не далучыўся да расейскіх санкцый супраць Захаду, пры гэтым ён ніколі не перапыняў гандлю і адносінаў з Украінай. У гэтыя дні ён прынізіў расейцаў, загадаўшы перайсьці на даляры і эўра ў гандлі з суседзямі, па якіх ўдарыла абясцэньваньне рубля.

Акрамя выгодаў, якія дае становішчам «маста» паміж дзьвюма ваюючымі краінамі, Лукашэнка палічыў за лепшае аддаліцца ад Масквы і па палітычных матывах. Крым стаў трывожным званочкам, які напужаў усіх сяброў Масквы. І той факт, што Лукашэнка зьмяніў міністра абароны, расейца па нацыянальнасьці, на беларуса і пачаў рэформу арміі, расцэненае многімі аналітыкамі як стратэгія, накіраваная на тое, каб перашкодзіць прышэсьцю «зялёных чалавечкаў» з усходу. У адказ на пуцінскія ідэі стаць абаронцам усяго «расейскага сьвету» беларускі прэзыдэнт загаварыў па-беларуску, хоць на працягу многіх гадоў навязваў расейскую мову як палітычную мову і мову пабытовых зносінаў.

Многія гады беларусы былі перакананыя, што беларуская нацыя, як і беларуская мова, былі проста «недарэчнасьцю», якую варта выправіць. Але час ідзе, і, паводле незалежных апытаньняў, ужо чвэрць падданых Лукашэнкі гатовыя ўзяць у рукі зброю, каб абараняцца ў выпадку магчымай рускай экспансіі. 45% беларусаў супраць адкрыцьця ў 2015 годзе базы расейскіх ВПС, тры чвэрці апытаных супраць таго, каб расейскія войскі выкарыстоўвалі беларускую тэрыторыю для транзыту ў выпадку шырокамаштабнай вайны з Украінай. Але гаворка не ідзе аб павароце да Эўропы: паводле апытаньняў, ЭЗ выклікае яшчэ менш сымпатый, чым Расея.

Каб спакойна кіраваць яшчэ 20 гадоў, «бацька» павінен ня даць беларусам падставы для арганізацыі Майдану ў Менску і заставацца адзіным «бацькам» сваёй краіны, пазьбягаючы прапановаў аб «усынаўленьні» Масквой.

Handelsblatt (Нямеччына)

Пакуль Расея і Захад ўскладняюць адно аднаму жыцьцё, уводзячы ўзаемныя фінансавыя абмежаваньні і забараняючы імпарт прадукцыі, выгаду з сытуацыі атрымлівае Беларусь.

Сапраўднай залатой жылай для Беларусі стала расейская забарона на ўвоз аграрнай прадукцыі з краінаў Эўразьвязу, зробленая ў адказ на эўрапейскія санкцыі. Да крызісу ва Ўкраіне Менск экспартаваў у Расію прадукты харчаваньня на 4.65 млрд. эўра. Дакладных дадзеных на гэты год пакуль няма, але ўжо ясна, што вялікую частку прадуктаў харчаваньня, якія раней імпартаваліся з ЭЗ, Расея цяпер купляе ў Беларусі. ЭЗ пастаўляе прадукцыю, якая першапачаткова прызначалася для Расеі, на іншыя рынкі, у тым ліку на беларускі. У сваю чаргу, мясцовыя вытворцы, паводле дадзеных расейскага боку, перапрацоўваюць мясную і іншую прадукцыю з ЭЗ і перапрадаюць яе ў Расею. Некаторыя прадукты, якія трапілі пад расейскую забарону, проста перапакоўваюцца або забясьпечваюцца фальшывымі дакумэнтамі, у якіх паказваюцца іншыя краіны паходжаньня. Да прыкладу, усяго за тры месяцы Беларусь, якая ня мае выхаду да мора, павялічыла экспарт рыбнай прадукцыі ў Расею ў тры разы.

Акрамя гэтага, Лукашэнка здабывае зь цяперашняй сытуацыі і палітычную выгаду. Падчас перамоваў па Ўкраіне менавіта Беларусь выступіла ў якасьці пасярэдніка паміж бакамі: перамовы, як вядома, праводзіліся ў Менску. «З пункту гледжаньня Захаду, прэзыдэнт Пуцін зьмяніў Лукашэнку ў ролі галоўнага злыдня, і Беларусь ператвараецца з краіны-ізгоя ў паважаную дзяржаву», — кажа незалежны беларускі аналітык Аляксандр Класкоўскі. Паводле яго, Лукашэнка спадзяецца на тое, што ён здолее зрабіць зь Беларусі нейкі мост паміж Усходам і Захадам і прымусіць абодва лягеры плаціць яму. Праўда, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пры гэтым ніколькі не зьмянілася, наракае палітоляг.

На думку кіраўніка беларускага Цэнтру стратэгічных дасьледаваньняў імя Мізэса Яраслава Раманчука, Лукашэнка разумее, што ў сувязі з рэцэсіяй у Расеі дапамога з Расеі істотна скароціцца, і таму ён шукае новыя фінансавыя крыніцы. Ужо цяпер Менск вядзе перамовы з МВФ аб новых крэдытах для Беларусі. У наступным годзе Менску давядзецца выплаціць 3.26 млрд. эўра даўгоў, што ўяўляе велізарную суму для дзяржавы з валютнымі рэзэрвамі памерам усяго 4,7 млрд. эўра.

У абмен на крэдыты МВФ патрабуе ад Менску лібэралізацыі эканомікі і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў, аднак Лукашэнка, хутчэй за ўсё, адмовіцца ад гэтага. Яго эканамічная палітыка вельмі моцна нагадвае савецкія часы, і, нягледзячы на прапановы Захаду, Расея, якая забясьпечвае свайго заходняга суседа крэдытамі і энэргіяй на выгадных умовах, усё роўна застанецца галоўным саюзьнікам Менску. Супярэчнасьці, якія ўзьніклі з нагоды кантрабанды прадуктаў харчаваньня, наўрад ці нешта зьменяць у адносінах паміж дзьвюма дзяржавамі.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстаныя пераклады парталу Inopressa

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG