Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежнаму журналісту — 6 мільёнаў штрафу


Алесь Ляўчук

Алесь Ляўчук

Суд Ленінскага раёна Берасьця пакараў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі незалежнага журналіста Алеся Ляўчука.

Намесьніца старшыні суду Ларыса Назарэнка прызнала Ляўчука вінаватым ды прызначыла штраф у 40 базавых велічыняў — 6 мільёнаў рублёў.

Падчас паседжаньня судзьдзя выдаліла з залі двух журналістаў і забараніла фота, відэа і аўдыёзапіс.

Ляўчук прадставіў суду дакумэнты, што зьяўляецца карэспандэнтам агенцтва БелаПАН, але суд гэта да ўвагі не прыняў, Алеся зьвінавацілі ў працы на тэлеканал Белсат. Пасьля гэтага журналіст адмовіўся даваць тлумачэньні суду.

«Ёй было абсалютна ўсё роўна, яна была апошні вінцік у гэтай сыстэме, там ужо было падрыхтаванае рашэньне і сэнсу ніякага ў гэтым усім не было. Сфабрыкавана усё», — распавядае Алесь Ляўчук.

Суд даводзіў, што Алесь Ляўчук зьяўляецца аўтарам апытаньня на вуліцы Савецкай у Берасьці, якое потым было апублікавана на тэлеканале «Белсат». Нават знайшоўся сьведка-таксіст, які нібыта бачыў Алеся падчас працы над сюжэтам.

Спадар Ляўчук кажа, што шмат высокіх начальнікаў з праваахоўных органаў Берасьця ўдзельнічалі ў тым, каб прыцягнуць яго да адказнасьці ў судзе:

«Гэта працавала наступным чынам. Начальнік упраўленьня КДБ палкоўнік Язерскі загадаў свайму падначаленаму Якушыку. Той накіраваў ліст начальніку УУС Берасьцейскага аблвыканкаму генэрал-маёру Балейку, далей гэты ліст быў скінуты на кіраўнікоў Маскоўскага раёну Старыкевіча і начальніка Ленінскага РАУС Вайтовіча. Яшчэ падпісаў начальнік міліцыі бясьпекі Мельнікаў. І вось гэтыя, палічыце колькі чалавек, давалі загад, каб справа пайшла далей...»

Алесь Ляўчук кажа, што плянуе абскардзіць рашэньне ў абласным судзе, хаця бачыць у гэтым мала сэнсу.

XS
SM
MD
LG