Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чары Палесься» — кніга пра кардынала-кінарэжысэра Казіміра Сьвёнтка


У 2014 годзе каталіцкія вернікі адзначылі 100-годзьдзе адной з найбольш выбітных асобаў Каталіцкага касьцёла ў Беларусі — кардынала Казіміра Сьвёнтка.

Незадоўга да юбілею ў выдавецтве «Pro Christo» убачыла сьвет выданьне «Чары Палесься» — дыскі з дакумэнтальным фільмамі аўтарства сьвятара і аднайменная кніга, якая ўтрымлівае факсыміле мантажных лістоў фільмаў, напісаных рукою аўтара, апісаньні да іх, а таксама фатаздымкі, зробленыя ксяндзом Казімірам Сьвёнткам падчас яго вандровак па Палесьсі.

Аўтар-укладальнік «Чараў Палесься» — кінарэжысэр Юры Гарулёў — быў асабіста знаёмы з кардыналам Казімірам Сьвёнткам і сам зьняў пра яго чатыры дакумэнтальныя фільмы. Юры Гарулёў распавёў Радыё Свабода, што 8-мілімэтровыя кінастужкі, зьнятыя Казімірам Сьвёнткам, трапілі да яго амаль выпадкова — кардынал папрасіў дапамагчы з мантажом фільмаў:

Юры Гарулёў
Юры Гарулёў

«Пра тое, што Казімір Сьвёнтак сам здымаў фільмы, я доўгі час ня ведаў, хоць фактычна стаяў каля яго з камэрай на працягу 10 гадоў — здымаў фільмы пра яго. Але аднойчы ён папрасіў мяне змантажаваць зьнятыя ім стужкі — там было каля 20 дакумэнтальных фільмаў пра Палесьсе. Трэба было зьвесьці ў адно стужку з выявай і гукавую стужку, на якой ён запісаў гукі прыроды і свой дыктарскі тэкст — у асноўным вершы вядомых польскіх паэтаў, творчасьць якіх кардынал ведаў дасканала. Я ўзяўся дапамагчы кардыналу, і такім чынам яго фільмы апынуліся ў мяне. Адбылося гэта прыкладна пасьля 10 гадоў нашага знаёмства — у сярэдзіне 2000-х гадоў».

Разам са стужкамі зь фільмамі да Юрыя Гарулёва трапілі мантажныя лісты, якімі Казімір Сьвёнтак суправадзіў кожную са сваіх «дакумэнталак».

«Гэта было самае галоўнае. На кожны фільм у яго была зробленая прафэсійная дакумэнтацыя — сцэнар, раскадроўка, дыктарскія тэксты і тэхнічнае апісаньне ўсяго фільма. Я быў пад вялізным уражаньнем ад таго, наколькі гэта прафэсійна зроблена. Але кардынал чамусьці быў перакананы, што яго працы выглядаюць занадта аматарскімі, таму ён і не імкнуўся папулярызаваць сваю рэжысэрскую творчасьць. Але гэта была праца сапраўднага рэжысэра, хоць зьнешне яна і падавалася аматарскай. Але па сваёй глыбіні гэтыя фільмы абсалютна прафэсійныя», — распавёў пра свае ўражаньні ад фільмаў Юры Гарулёў.

Цыкль фільмаў, якія зьмешчаны на дысках, так і называецца — «Чары Палесься», як і кніга, якую выдалі да 100-годзьдзя кардынала, да якога ён не дажыў усяго чатыры гады.

Юры Гарулёў і Казімір Свёнтак
Юры Гарулёў і Казімір Свёнтак

З назваў дакумэнтальных фільмаў зразумела, чым натхняўся таленавіты ксёндз: «Чары Палесься», «Над вадою», «Побач з намі», «У лесе», «У садзе», «У полі», «Сярод кветак», «Восеньскі матыў», «Пінск — сталіца Палесься», «Вясновая прэлюдыя», «Летняя баляда», «Восеньскі нактурн», «Зімовая фантазія», «Лясная сымфонія», «Кветкавая мазаіка» і «Эцюды». Частка з фільмаў аздобленыя музыкай улюбёнага кампазытара Казіміра Сьвёнтка — Фрэдэрыка Шапэна.

«Нягледзячы на складаны і трагічны лёс — 10 гадоў сваёй маладосьці ксёндз правёў у ГУЛАГу — да апошняга дня Казімір Сьвёнтак вельмі любіў прыроду і прыгажосьць, якая нас атачае. Усе фільмы, якія ён зрабіў, прысьвечаныя Палесьсю, роднаму кутку кардынала. Ён лічыў: за тое, што яго жыцьцё было трагічным, Бог даў яму зь дзяцінства любоў да хараства прыроды, у якім ён знаходзіў вялікае суцяшэньне», — кажа Юры Гарулёў.

Юры Гарулёў распавёў, што аднойчы спытаў кардынала, ці можа служка Божы мець такія яркія пачуцьці да хараства прыроды, якія той выяўляў у сваёй рэжысэрскай творчасьці:

«Кардынал доўга думаў над гэтым пытаньнем. І адказаў, што кожны ксёндз ня мусіць захапляцца прыродай. Але нечага ў ім будзе неставаць, калі няма гэтага захапленьня. Казімір Сьвёнтак разумеў прыроду вельмі добра. Асноўная выснова веры — гэта любоў. У тым ліку і любоў да прыроды, якую стварыў Бог. Яго служэньне толькі дапамагала яму несьці Богу сваю любоў».

Юры Гарулёў зазначае, што Казімір Сьвёнтак вельмі добра быў абазнаны ў паэзіі, выяўленчым мастацтве, архітэктуры і рэстаўрацыі. Людзі, якія яго блізка ведалі, адзначалі яшчэ і яго выбітнае пачуцьцё гумару. Напрыклад, сваю высылку ў ГУЛАГ ён называў канікуламі. Адзін зь фільмаў, які Гарулёў здымаў пра яго, так і называецца — «Канікулы кардынала».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG