Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Братэрскія арэлі. І няхай увесь сьвет пачакае...


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

«Нават калі ўвесь сьвет выступіць сёньня супраць Лукашэнкі, ён усё роўна стане прэзыдэнтам, калі ён гэтага захоча», — заявіў кіраўнік Беларусі на прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту ЭАЭС у Маскве. Датычна ўсяго сьвету тэзіс, магчыма, і спрэчны, але з расейскага боку, мяркуючы па ўсім, нічога падобнага на «хросных бацькаў» чакаць не даводзіцца.

Хоць, на першы погляд, магло быць па-ўсякаму. Сэрыяй апошніх заяваў і крокаў Аляксандр Лукашэнка быццам знарок дражніў Маскву — «бязглуздая палітыка», «мы не можам увесь час маліцца на адну Расею», намёкі на тое, што беларускае войска пры неабходнасьці дасьць адпор і расейскім рацям, ну і нарэшце — візыт у Кіеў і абяцаньне, дадзенае Пятру Парашэнку: «Трэба будзе ад Беларусі нешта — скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш». І гэта кіраўніку дзяржавы, які як раз праз суткі ўнёс у Вярхоўную Раду законапраект аб скасаваньні пазаблёкавага статусу Ўкраіны. На думку расейскага прэм’ера Дзьмітрыя Мядзьведзева, гэта ператварае Ўкраіну ў «патэнцыйнага ваеннага праціўніка Расеі», а Лукашэнка, паводле яго словаў, для гэтага «праціўніка Расіі» гатовы зрабіць усё што заўгодна.

Ну і? Ды нічога, уласна кажучы. Памочнік прэзыдэнта Расіі намякнуў, што поўнафарматная сустрэча Уладзіміра Пуціна з беларускім госьцем на саміце ў Маскве можа і не адбыцца. Расійскі думскі палітык Аляксей Пушкоў ў Twitter перасьцярог Лукашэнку ад саюзу з... Амэрыкай.

Апошняе асабліва камічна і яскрава ілюструе своеасаблівасьць стану розумаў у цяперашняй Расеі. Там у пэўных колах сьвет і раней успрымалі, як у сыстэме СПА: «свой» — «чужы». А цяпер чужы — гэта абавязкова амэрыканскі. І ў туманнай фразе чыноўніцы дзярждэпартамэнту аб магчымасьці паляпшэньня адносінаў ЗША і РБ мрояцца амэрыканскія танкі пад Воршай. Рэч нават ня ў тым, што такое аглабельнае бачаньне сьвету ўласьцівае асабіста спадару Пушкову, хутчэй за ўсё менавіта яму яно як раз не ўласьцівае, а ў тым, што расейскае грамадзтва цяпер акрамя крыку наагул нічога не ўспрымае.

Аднак больш важна тое, што намёкі крамлёўскіх чыноўнікаў і думскіх палітыкаў — гэта і ўсё, калі глядзець у палітычнай плашчыні. Ну і плюс набор газэтных публікацый пра тое, як Лукашэнка здраджвае Расіі, апранаецца ў вышыванку і гатовы прадацца Захаду. Але чаму гэта і ўсё?

Спачатку варта адказаць на іншае пытаньне: чаму Лукашэнка ўвогуле зладзіў гэтую дэманстрацыю? Прычын, на мой погляд, дзьве. Першая — харчовая вайна. Падчас адной з нарадаў з гэтай нагоды прэзыдэнт паабяцаў даць адказ. У рамках той брутальнай палітычнай філязофіі, якую вызнаюць і ў Маскве, і ў Менску, адказ у такой сытуацыі павінен быць... У крутых на кідалава прынята адказваць.

Прычым адказ у дадзеным выпадку аказаўся ў сфэры рыторыкі. У чэрвені 2009 года, у разгар тагачаснай малочнай вайны Лукашэнка замахнуўся на сьвятое, так бы мовіць, зьвязаўшы пытаньне гандлёвых адносінаў з абавязаньнямі Беларусі ў рамках АДКБ.

І другая прычына — гэта эканамічны крызіс. Расейскі і ўжо беларускі. Гэта не катастрофа, але гэта праблема. Той факт, што беларуская эканоміка аказалася такой ўразьлівай, ня сьведчыць аб яе квітнеючым здароўі. Але ў дадзеным выпадку дэтанатарам і праўда быў абвал расейскага рубля. А далей ужо дзейнічае сацыяльна-палітычная лёгіка. Чым больш пераканаўча паднесьці насельніцтву аргумэнт аб зьнешнім характары эканамічных закалотаў, тым менш яно будзе схільнае вінаваціць айчынныя ўлады і наогул выказваць незадаволенасьць. І некалькі не самых прыязных ў адносінах да Расеі жэстаў і словаў менавіта гэтую функцыю і выконваюць.

Ну а цяпер пра Расею. Там выдатна разумеюць абодва гэтыя матывы беларускага лідэра. Паказаў зубы Лукашэнка — ну і што? Таргуецца, адстойвае свае інтарэсы. Валіць на Расею займальныя прыгоды белрубля — крыўдна, але зразумела. А галоўнае — тая самая сыстэма «свой» — «чужы». Бо па вялікім рахунку Расея вельмі жорсткімі мэтадамі дамагаецца ад Украіны у недасяжным ідэале чаго? Каб яна стала Беларусьсю. Каб стала чальцом АДКБ і ЭАЭС, каб і думаць забылася пра інстытуцыйнае збліжэньне з Захадам. Дык цяперашняя Беларусь ужо і ёсьць Беларусьсю. Лукашэнка, дарэчы, пра гэта нагадаў: у Маскву на крыху змрочнае, але ўсё ж сьвята інтэграцыі спраўна прыехаў, усе неабходныя словы пра дабратворнасьць інтэграцыі сказаў, тое, што Беларусь верная сваім абавязаньні ў межах АДКБ, пацьвердзіў. Ну ў сэнсе — «мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш».

А чаго большага чакаць? Калі Расея ахвяруе ва Ўкраіне гэтак шмат, каб у ідэале атрымаць ад яе цяперашнюю беларускую сытуацыю, значыць, апошняя вельмі ёй дарагая. А ўсе апошнія эскапады Лукашэнкі — гэта эскапады свайго. Ну пашумеў, хто любіцца — той чубіцца. Нешта дадуць, нешта — не, самім не хапае. Што здымуць забароны на беларускі харчовы экспарт — гэта як раз невядома, расказаная Лукашэнкам быліна пра тое, як падступны Данкверт надумаў эмбарга супраць беларускіх крэветак насуперак волі Пуціна, здаецца не зусім праўдзівай. Але быліна — гэта не ісьціна ў апошняй інстанцыі, гэта карціна сьвету, у якой, у прыватнасьці, фігуруе мудры і добры рускі цар.

Але нешта дадуць безумоўна. Перавага Беларусі ў гэтых адносінах заключаецца, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і ў тым, што яна адносна невялікая.

З нагоды дапамогі Ўкраіне што ад Расеі, што ад Захаду сур’ёзная размова пачынаецца з сумаў парадку 15 мільярдаў і больш. Меншыя сумы для велізарнай Украіны — гэта наогул нічога па вялікім рахунку. А для Беларусі 2-3 дадатковых мільярды ў год рэальна вырашаюць праблемы. У сваю чаргу сумы такога парадку не праблема для Расеі нават у разгар жорсткага крызісу. Там такія грошы не вырашаюць нічога, у Беларусі з іх дапамогай можна вырашыць усе. Шкада, але варта таго.

Цыклі скандалаў і замірэньняў прасочваюцца ў гісторыі беларуска-расійскіх адносін вельмі выразна: абвінавачваньні ў «тэрарызьме на вышэйшым узроўні» і «хросныя бацькі» зьмяняюцца абдымкамі і чарговымі інтэграцыйнымі дамовамі, якія плаўна перацякаюць у новыя канфлікты. Расея не магла ці не хацела мяняць ход гэтага ківача і ў лепшыя часы, а ўжо пасьля Крыму, падчас Данбасу і канвульсіяў рубля ёй проста не да таго.

Так што фраза наконт таго, што «хай хоць увесь сьвет будзе супраць», вядома, чаруе адвагай, але як раз вынікі маскоўскага саміту паказваюць, што з Расеяй ківач адносінаў калі і вагаецца, то з выверанай амплітудай. І Масква не будзе рызыкаваць страціць саюзьніка, паспрабаваўшы «паставіць яго на месца», і Лукашэнка не будзе шукаць дабра ад дабра, спрабуючы зрабіць вялікі геапалітычны разварот. Бакі могуць і будуць гуляць, адны — у «пастаноўку на месца», іншыя — у разварот праз Кіеў ці наўпрост.

Гульня працягваецца. І няхай увесь сьвет пачакае.

Перадрук з парталу tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG