Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму вы не гаворыце па-беларуску?.. Колькі было такіх апытанак, і кожны раз адказы («ня ведаю», «саромеюся», «бо ўсе не гавораць») найчасьцей адпраўляюць нас у сфэру псыхалёгіі. Не палітыкі, не гісторыі, а менавіта псыхалёгіі.

Я спытаўся ў прафэсійнага псыхоляга Тані, чаму яна не гаворыць па-беларуску?

– Ня толькі не гавару, нават ні разу не падумала пра гэта. Як і большасьць беларусаў. А цяпер вось падумала і ўжо ведаю, што з намі ўсімі адбываецца. У беларусаў на тэму мовы ў галовах стаіць фільтар.

– ?

– Вось глядзі. Як працуе псыхалягічны фільтар. Зробім экспэрымэнт. Азірніся вакол сябе і запомні ўсе прадметы чырвонага колеру. Запомніў? Цяпер глядзі на мяне і называй усе прадметы сіняга колеру, якія ты пабачыў.

– Я на сінія не глядзеў.

– Слушна! А іх шмат і ўсе яны насамрэч ёсьць. Можаш яшчэ раз азірнуцца і пабачыш. Тое самае і зь беларускай мовай, культурай, гісторыяй… Дапусьцім, усё гэта сіняе. А людзі бачаць толькі чырвонае. Яны жывуць так, быццам сіняга ў іхным жыцьці не існуе. А яно ёсьць! Хто і калі паставіў беларусам моўны фільтар, ты ведаеш лепш за мяне. Магу толькі канстатаваць – на сваім прыкладзе і на прыкладзе большасьці беларусаў, што ўсе яны ходзяць з такім фільтрам у галаве.

Хто і калі ўсталяваў фільтар, для нашых чытачоў пытаньне азбучнае. Кожны ведае, як можна ад нараджэньня да сьмерці пражыць ў Беларусі беларусам, а так і не даведацца пра гэта. А калі даведацца, дык адчуць пэўную небясьпеку ці трывогу, і рашуча гнаць ад сябе гэтыя думкі.

Моўны фільтар можна параўнаць зь фільтрам на галакост у габрэйскай супольнасьці Беларусі. Пасьля вайны пра гэта не гаварылі ў сем’ях, на вуліцах, не гаварылі і ў СМІ, з высокіх і памінальных трыбун. Быццам ніякага галакосту не было. У габрэйскіх сем’ях гэта тлумачылі тым, што ня хочуць траўмаваць псыхіку дзяцей. Тое самае з мовай – на тэму роднага слова ў сем’ях захоўваецца табу, бо нацыя падсьвядома адчувае адказнасьць за здраду роднаму слову.

Але мяне цікавіла іншае: вельмі часта людзі ўспрымаюць русіфікацыю беларусаў як працэс натуральны, аб’ектыўны, нерукатворны. Але насамрэч ён цалкам рукатворны – гэта вынік мерапрыемстваў улады з аднаго боку і комплексаў нацыі – з другога. Нам гэта і вядома з гледзішча палітыкі і гісторыі. Але пацьвярджае гэта і практычная псыхалёгія.

– Зьняць фільтар нашмат прасьцей, чым усталяваць, – сказала Таня. – Трэба проста падумаць пра гэта. Мне мой фільтар ты ўжо зьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG