Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аднаго майго аднакурсьніка быў брат, якога ён лічыў аўтарытэтам для сябе. Той вучыў: калі ў цябе настрой зайшоў у тупік, трэба напіцца або праспаць суткі. Альбо тое і тое разам. Але для мяне такія рэцэпты непрыдатныя. І ўставаць пасьля васьмі не люблю, можа галава разбалецца ад перасыпу. ​

Аднак рэцэпт ад брата былога аднакурсьніка перакрэсьліваць зусім нельга. Гады вучаць: празьмерна здаровы лад жыцьця (прынамсі калі яго гэтак афішуюць) таксама можа давацца ў знакі, прычым іншым людзям, чужым, незнаёмым, мільёнам, якіх не цікавяць твае цягліцы і голы торс у тэленавінах. Цяпер я думаю: лепей бы той Пуцін напіўся аднойчы і праспаў суткі-двое. А ён засяродзіўся на сваёй крыўдзе, што яго Абама ня любіць, і падсыпаў сабе ў рану солі, каб атрымаць яшчэ больш пякотнай асалоды. Ах, як смыліць! Баста, ніякіх больш ножак Буша! Ніякага «Бардо»! «Іскандэры» ў Крым! Неадкладна!​

Расейцы, канечне, «душы ня чаяць» у сваім куміры і гатовыя за яго хоць з жабрачымі торбамі. Але мы тут пры чым? Аднак беларусы мусяць цяпер таксама расплачвацца за ягоныя панты. А ў наступным годзе нас можа зусім чакаць катастрофа, што здарылася пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Цэлы 2011-ы рубель трасцай трэсла, валюта адусюль зьнікла, людзі вобмільгам зьбяднелі. Адзін пажылы чалавек мне скардзіўся на вуліцы, што сума на кніжцы адразу схуднела на пяцьсот даляраў. А што было з крэдытамі?! Асабліва калі іх бралі ў валюце? Але такая, значыць, цана прэзыдэнцкай кампаніі. Хто гарантуе, што наступная будзе каштаваць менш?​

Жыцьцё (заробкі, пэнсіі) пачало наладжвацца толькі ў 2012-м і не адразу. Словам, пажылі больш-менш спакойна няпоўныя тры гады. І зноў абвал! Прычым напярэдадні Новага году. І сёньня я глядзеў бязь ценю іроніі на завіханьне землякоў у крамах з тэлевізарамі і пральнымі машынамі, а таксама ў супэрмаркетах, дзе, здавалася, яны прагнулі атаварыцца амаль на ўсё астатняе жыцьцё. Нават ім спачуваў разам з нашым дзяржкантролем, які выводзіў на чыстую ваду несумленных крамнікаў, што перад носам зачынялі дзьверы, каб флямастэрам пераправіць цэньнікі з улікам «30-працэнтнай камісіі на продаж валюты».​

Ну як не зразумець сваіх людзей сёньня? Усе спадзяваліся на адносную фінансавую стабільнасьць. Нехта яшчэ ня выплаціў свой крэдыт, нехта ўзяў новы. Людзі мараць пра новую кватэру, будуюць дом. А навучаньне дзяцей ва ўнівэрсытэце? Невытлумачальная вялікая аплата пасьля Новага году падскочыць значна больш, чым бывае звычайна. А клопаты са здароўем, лекі? Апошнія дні ў прыватным мэдцэнтры былі натоўпы: усе пабеглі здаваць за плату аналізы (а, напрыклад, пры вызначэньні алергенаў толькі за адзін трэба аддаць пяцьсот тысяч). Мне таксама штосьці ўдавалася залатвіць, нешта адкладаў, бо каштавала, і цяпер разумееш, што сэканоміць у такой краіне – марныя надзеі, заўтра заплаціш значна больш.​

Пуцін вырашыў зрабіць беларусаў таксама адказнымі за Крым і Данбас, хаця беларускае начальства не прызнала анэксіі саюзьнічкам і выступіла супраць стварэньня хімэры пад назвай «Наваросія». Крым б’е па кішэнях беларусаў і дастаткова моцна. І будучы год у імгле, і язык не паварочваецца жадаць па савецкай звычцы «новага шчасьця» і «всех благ».​

А што да Расеі, то там усё будзе ў парадку, супакоіў Пуцін, маючы на ўвазе самога сябе: ніякіх палацавых пераваротаў не прадбачыцца — у сувязі «з адсутнасьцю палацаў». Але гэта чыстай вады лукаўства. Асабліва Польскае тэлебачаньне, калі сюжэт пра Пуціна, любіць круціць славуты ягоны праход скрозь шыкоўныя залі царскага Крамля. Салдаты ў гусарскіх шапках расчыняюць высозныя дзьверы, паўсюль аграмадныя арлы, усё зьзяе пазалотаю. А нябачны чалавек голасам «Савецкага інформбюро» альбо «Цэнтральнага тэлебачаньня» ўрачыста абвяшчае: «Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімір Уладзіміравіч…» ​

Паходачка невысокага, напачатку няўпэўненага ў сабе чалавека, што апынуўся раптам на самых вышынях, учора яшчэ звычайнага чыноўніка. Мне ўспамінаецца ў такія хвіліны наш сяржант Дзёшаў, росту з Пуціна ці нават зь Мядзьведзева зусім. Як ён крочыў гэткай пуцінскай паходкай па пляцы, каб адрапартаваць: таварыш маёр, узвод пастроены для сьледаваньня ў сталоўку!​

Маленькі чалавек бяз рамак — непрадказальны чалавек. Яго прыход супаў з новым патокам нафтадаляраў, што ён успрыняў за асабістую заслугу. Ня ён трапіў у патрэбным часе ў Крэмль, калі становішча Расеі стала паляпшацца, а яно палепшылася толькі менавіта дзякуючы яму! Гэта вынікала з далейшых паводзінаў. Але распараджацца морам нафты не азначае быць эканамістам. Калі б ён займаўся ў сваім мінулым жыцьці эканамічным шпіянажам, можна было б западозрыць у ім здольнасьці да лекаваньня гаспадаркі… ​

І сёньня ён зь сябрынай ува ўсім сваім бляску, Пуцін Крымскі, як быў Сувораў Рымніцкі (ці Ізмаільскі?). Хоць абразы малюй. І паўсядзёншчына яго больш не датычыць. Колькі зарабляюць яго дзяржаўныя алігархі? Ён ня ў курсе дзела. А які ў самога заробак? Адказаць ня можа, ня ведае, ніколі не цікавіўся. Як вы не разумееце: ён вышэй за гэта!​

Але па-ранейшаму ён так хварэе за Расею, што спаць спакойна ня можа! І дзеліцца ў тэлевізары сваімі страхамі. Яму сьніцца алімпійскі мішка, цяпер жыхар бязьмежнай тайгі, якому злыя амэрыканцы важацца выдзерці іклы і кіпцюры. І ён абавязаны абароніць мішку ад НАТО нават цаною рубля, свайго і беларускага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG