Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг: Украіне для сяброўства ў НАТО спатрэбяцца рэформы


Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг (справа) паціскае руку прэм'ер-міністру Ўкраіны Арсенію Яцанюку. Брусэль, 15 сьнежня.

Генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг (справа) паціскае руку прэм'ер-міністру Ўкраіны Арсенію Яцанюку. Брусэль, 15 сьнежня.

Альянс НАТО пакуль не будзе рабіць ніякіх дзеяньняў, зьвязаных з працэсам прыняцьця Ўкраіны ў гэты ваенна-палітычны саюз. Такім чынам генэральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг пракамэнтаваў рашэньне Вярхоўнай Рады Ўкраіны аб адмове краіны ад пазаблёкавага статусу.

Енс Столтэнбэрг у інтэрвію нарвэскаму тэлеканалу NRK падкрэсьліў, што Ўкраіне трэба будзе правесьці сур’ёзныя рэформы ў сфэры абароны, у галіне барацьбы з карупцыяй, у сыстэме дзяржаўнага кіраваньня — перш, чым падаваць заяўку на сяброўства ў НАТО.

Столтэнбэрг не назваў меркаваных тэрмінаў магчымага правядзеньня рэформаў на Украіне, спаслаўшыся толькі на меркаваньне ўкраінскага боку, які, паводле яго словаў, лічыць, што на падрыхтоўку да падачы заяўкі спатрэбіцца прынамсі шэсьць гадоў.

Вярхоўная Рада Украіны ў аўторак ўхваліла скасаваньне пазаблёкавага статусу краіны. Законапраект быў прадстаўлены ў парлямэнт прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам 18 сьнежня.

23 сьнежня прэсавы сакратар дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мары Гарф пракамэнтавала адмову Ўкраіны ад пазаблёкавага статусу наступным чынам: «Дзьверы НАТО адкрытыя. Падача заявак на сяброўства ад краінаў, якія хочуць ўнесьці ўнёсак у бясьпеку эўраатлянтычнай прасторы, вітаецца. Кожны прэтэндэнт будзе разгледжаны. Любое рашэньне адносна патэнцыйнага сяброўства прымаецца Ўкраінай і альянсам. Мы цалкам падтрымліваем сытуацыю адчыненых дзьвярэй».

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што адмова Ўкраіны ад пазаблёкавага статусу гэта фактычна заяўка на ўступленьне ў НАТО, якая ператварае Ўкраіну «ў патэнцыйнага ваеннага праціўніка Расеі».

XS
SM
MD
LG