Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя СМІ: Украіна мае выпрабаваць Маскву


Georgia -- International press. Undated
Georgia -- International press. Undated

Украіна на сёньняшні дзень дастаткова моцная, каб увесьці доўгае спыненьне агню на Данбасе, а Расея — досыць слабая.

Сусьветныя СМІ абмяркоўваюць, якія крокі павінна зрабіць Украіна на ўсходзе для ўкараненьня пасьпяховых эканамічных рэформаў. Іншыя выданьні нагадваюць пра прыклады эўраінтэграцыі балтыйскіх краінаў, у той час, як некаторыя газэты працягваюць падкрэсьліваць важнасьць фінансавай дапамогі Захаду для Ўкраіны.

Амэрыканская газэта Los Angeles Times піша, што Ўкраіна выпрабоўвае Расею, бо, па словах выданьня, ўкраінская дзяржава на сёньняшні дзень зьяўляецца досыць моцнай, каб увесьці доўгае спыненьне агню на Данбасе, а Расея — досыць слабой, каб на гэта пагадзіцца. Аднак найперш Украіна павінна праглынуць горкія таблеткі.

Па-першае, піша выданьне, Кіеў павінен прыняць той факт, што ані Крым, ані акупаваныя сэпаратыстамі тэрыторыі ня вернуцца ва Ўкраіну бліжэйшым часам, бо дзяржава ня мае дастатковых ваенных або фінансавых рэсурсаў, каб іх вярнуць. Кіеў павінен прадставіць Маскве дзейсны мірны плян, а таксама паабяцаць не падаваць заяўку на ўступленьне ў НАТО на працягу пяці наступных гадоў. Крытыкі могуць сказаць, што такім чынам Кіеў проста саступіць Маскве і ўзнагародзіць расейскую агрэсію, піша выданьне.

Кіеў павінен прыняць той факт, што ані Крым, ані акупаваныя сэпаратыстамі тэрыторыі ня вернуцца ва Ўкраіну бліжэйшым часам

«Наадварот. Украіна мае патрэбу ў міры, калі яна хоча ўвесьці і правесьці эканамічныя рэформы, многія зь якіх будуць балючымі. Сёньня дзяржава мае магчымасьць выратаваць сябе. Кіеў павінен выпрабаваць зацікаўленасьць Масквы ў міры, аб якім яна так часта кажа », - заключае Los Angeles Times.

Амэрыканская газэта Washington Post піша, што эканоміка Ўкраіны мае патрэбу ў дапамозе Захаду. Па словах выданьня, украінскі крызіс крыху сьціх за апошнія некалькі тыдняў, а заходнія лідэры, заахвочваючы Маскву, адзначылі, што аслабяць санкцыі, калі Крэмль нарэшце укарэніць спыненьня агню, дамоўленасьць пра што была падпісана яшчэ ў верасьні.

Аднак, падобная «цішыня» можа адлюстроўваць тактычнае рашэньне расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. «Ён, магчыма, разьлічвае на тое, што, калі Масква адступіцца, далікатны дэмакратычны ўрад Кіева разбурыць эканамічны каляпс зімой», — піша выданьне.

Каб прадухіліць такое разьвіцьцё падзей, Украіне патрэбна фінансавая дапамога, якую Захад абяцаў даць пры ўмове, калі новы ўкраінскі ўрад будзе пасьпяхова ўкараняць рэформы. Парлямэнт на чале з Арсеніем Яцанюком, робіць усё магчымае, піша выданьне. Аднак, калі Захад усё ж вырашыць не даваць Украіне дадатковых сродкаў, краіна сутыкнецца з каляпсам сваёй фінансавай сыстэмы. «Гэта будзе велізарнай перамогай Расеі, якая выкарыстае гэтую сытуацыю як доказ таго, што Ўкраіна можа выжыць толькі як дзяржава-сатэліт Расеі», — заключае The Washington Post.

Амэрыканскае інтэрнэт-выданьне Huffington Post піша пра тое, чаму Ўкраіна можа навучыцца для эўрапейскай інтэграцыі ў Латвіі. Выданьне нагадвае Эўрапейскаму Зьвязу і НАТО, што ў выпадку з балтыйскімі краінамі эўраінтэграцыя была пытаньнем часу. У выпадку ж з Украінай, падпісаньне пагадненьня аб асацыяцыі з ЭЗ стала экзыстэнцыяльным выбарам для дзяржавы — Ўсход ці Захад. Тое, што пытаньне эўраінтэграцыі парушаецца менавіта такім чынам, а таксама крызіс, які вынікае з гэтага, па меркаваньні выдання, зьяўляецца віной Захаду.

ні Украіне, ні Захаду ня варта цалкам ізаляваць Расію ці ціснуць на яе, не даючы прасторы для дыялёгу

Тым ня менш, Украіне варта памятаць, што для ЭЗ важна была «якасьць» балтыйскіх дзяржаў, а не падтрымка там дэмакратыі. Што Латвіі патрабавалася напачатку, а Украіне сёньня, дык гэта добрае кіраўніцтва, заснаванае на бюракратыі, якая не падпадае пад палітычны або дзелавой ціск, адзначае выданьне. Па-трэцяе, ні Украіне, ні Захаду ня варта цалкам ізаляваць Расію ці ціснуць на яе, не даючы прасторы для дыялёгу.

Апошні ўрок для Ўкраіны — гэта тое, што цяперашняе аб’яднаньне дзяржавы не адбываецца пасьля дамоўленасьці Ўсходу і Захаду, яно адбываецца ўнутры краіны, і можа працягвацца цэлае пакаленьне. «Менавіта пакаленьне, ад атрыманьня незалежнасьці да старшынства ў ЭЗ, гэта працягвалася ў Латвіі», — заключае Huffington Post.

Між тым, газэта Washington Post апублікавала розныя дыяграмы, якія кажуць пра ўсебаковае разьвіцьцё Расеі пад кіраўніцтвам Пуціна. У прыватнасьці, за час яго кіраваньня ў гэтай краіне вырас узровень ВУП, экспарт паліва і зьнізілася беспрацоўе.

Аднак, за гэтыя ж гады свой кошт страцілі як нафта, так і рубель, якія, па словах экспэртаў, прапарцыйна зьвязаныя паміж сабой. Акрамя таго, Цэнтральны банк пачаў марнаваць свае рэзэрвы, а насельніцтва Расеі ўвесь час зьмяншаецца.

Тым ня менш, папулярнасьць Пуціна працягвала расьці. У сьнежні яго рэйтынгі дасягнулі 85 адсоткаў, піша Washington Post.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG