Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дзяржава плаціць грошы сваім магільшчыкам


Сяргей Абламейка

Сяргей Абламейка

Захацелася мне паглядзець, як паводле стану на сьнежань 2014 году пачуваюцца прыхільнікі «русского рисоржименто» і «паўставаньня Расеі з кален». А паколькі іхных сайтаў я ня ведаю і туды не хаджу, то не знайшоў нічога лепшага, як зайсьці на сайт «Западная Русь». Таго, што хацеў, там я не знайшоў, але затое ўбачыў нешта больш цікавае і пагрозьлівае.

Знайшоў я там кароткае паведамленьне пра круглы стол «История и общественно-гуманитарные науки как инструмент цивилизационной войны против Русского Мира», які адбыўся 19 сьнежня ў Менску ў гатэлі «Ренессанс». Пакуль што там зьмешчаныя толькі імёны ўдзельнікаў і тэмы іх дакладаў. Пазьней абяцаюць апублікаваць і самі опусы.

Опусы мяне не цікавяць і чытаць іх я ня буду. Затое мяне вельмі зацікавілі месцы працы гэтых змагароў за «русский мир», якія цудоўна сябе пачуваюць у сталіцы пакуль яшчэ Беларусі, ходзяць на арганізаваныя амбасадай Расеі мерапрыемствы і зьбіраюцца ў дарагіх гатэлях на круглыя сталы. Практычна ўсе гэтыя кандыдаты і дактары, дацэнты і прафэсары працуюць у дзяржаўных беларускіх ВНУ! Гэта значыць, што беларуская дзяржава, а ў канечным выніку ўсе грамадзяне Беларусі плацяць гэтым людзям грошы за тое, каб яны рабілі з нашых дзяцей прыхільнікаў «русского мира».

Практычна ўсе гэтыя кандыдаты і дактары, дацэнты і прафэсары працуюць у дзяржаўных беларускіх ВНУ!

Зусім невялікая купка беларускай інтэлігенцыі носіцца з ідэяй моўных курсаў і прапагандай вышыванак — дый купка тая ўжо падзялілася на прыхільнікаў дзьвюхмоўнай і аднамоўнай культураў, а тым часам беларуская дзяржава зачыняе беларускія клясы, дзяржаўныя і прыватныя кнігарні, уводзіць жорсткую цэнзуру на беларускае слова і плаціць немалыя прафэсарскія аклады тым, хто ўсяляк марыць гэтую дзяржаву ліквідаваць, не прызнаючы факту існаваньня асобнай беларускай мовы, асобнага беларускага народу і яго дзяржаўнай традыцыі!

Сярод удзельнікаў гэтай сходкі русафілаў ёсьць і нядаўна звольнены былы віцебскі чыноўнік Андрэй Герашчанка — цяпер ён ужо член двух творчых суполак: Саюзу пісьменьнікаў Расеі і Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. Дык гэтага хоць звольнілі зь дзяржаўнай службы, а прафэсары і дацэнты ўсе застаюцца на сваіх месцах.

Для мяне вялікім шокам было даведацца, дзе цяпер працуе чалавек, якога ў Менску 80-х гадоў ведалі як «інжынэр Сяргееў». Гэта адзін з заснавальнікаў Славянскага Сабору «Белая Русь» Мікалай Сяргееў. Цяпер ён, аказваецца, перакваліфікаваўся ў палітолягі і ўзначальвае адну з рэдакцыяў Беларускай Энцыкляпэдыі імя Пятруся Броўкі! Гэта, канечне, фантастыка і антыўтопія! Вось хто нам цяпер энцыкляпэдыі рыхтуе...

Выглядае гэта ўсё, на маю думку, вельмі дрэнна. І вельмі дрэнна скончыцца. У тым ліку і для тых, хто ў гэтай дзяржаве прымае рашэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG