Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча кантактнай групы па Ўкраіне адбудзецца 24 сьнежня ў Менску


Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.

У адпаведнасьці з рашэньнем групы паседжаньне адбудзецца ў закрытым для прэсы рэжыме, — такую інфармацыю паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар беларускага МЗС Дзьмітры Мірончык.

Міністар замежных спраў Украіны Павел Клімкін таксама паведаміў, што пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне плянуецца правесьці ў сераду ў Менску.

«Мы плянуем заўтра такое паседжаньне. Пакуль перамовы вядуцца, і мы не ведаем, ці дастаткова нам аднаго пасяджэньня», — сказаў ён журналістам у ў Кіеве ў аўторак.

Пра правядзеньне трохбаковай кантактнай сустрэчы ў фармаце Ўкраіна-Расея-АБСЭ дамовіліся падчас тэлефоннай размовы ў панядзелак прэзыдэнты Ўкраіны Пятро Парашэнка, Францыі — Франсуа Алянд, Расеі —Уладзімер Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, паведаміла раней прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта.

Паводле паведамленьня, суразмоўцы «пагадзіліся з неабходнасьцю выконваць усе пункты менскіх дамоўленасьцей, сярод якіх пытаньні спыненьня агню, выхаду на лінію разьмежаваньня, якая замацаваная ў Мэмарандуме ад 19 верасьня, адводу войскаў і цяжкага ўзбраеньня, а таксама найхутчэйшага вызваленьня ўсіх закладнікаў».

Пятро Парашэнка заявіў аб неабходнасьці вызваленьня з расейскай турмы ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка.

Лідэры чатырох краін дамовіліся «працягнуць тэлефонныя кансультацыі празь некалькі дзён».

Сустрэча кантактнай групы па Данбасе (Украіна, Расея, АБСЭ з удзелам сэпаратыстаў з Данецка і Луганска) пераносілася ўжо некалькі разоў.

XS
SM
MD
LG