Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мядзьведзеў пагражае Ўкраіне і ЗША


Дзьмітрый Мядзьведзеў

Дзьмітрый Мядзьведзеў

Расея адрэагуе на адмову Ўкраіны ад пазаблёкавага статусу, а таксама на падпісаньне прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам Акту аб падтрымцы Ўкраіны.

Пра гэта напісаў прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў на сваёй старонцы ў Facebook.

"Прэзыдэнт ЗША падпісаў антырасейскі закон, які дае права выкарыстоўваць санкцыі супраць нашай краіны ў любы час любому амэрыканскаму прэзыдэнту. Як і ў выпадку з законам Джэксана-Вэніка, нашы адносіны з Амэрыкай будуць атручаныя на дзесяцігодзьдзі. Прэзыдэнт Украіны накіраваў у Вярхоўную Раду законапраект аб адмове ад пазаблёкавага статусу сваёй дзяржавы. Па-сутнасьці — заяўку на ўступленьне ў НАТО, ператварыўшы Украіну ў патэнцыйнага ваеннага праціўніка Расеі. Абодва гэтыя рашэньні будуць мець вельмі нэгатыўныя наступствы. І нашай краіне прыйдзецца рэагаваць на іх«,— напісаў Мядзьведзеў.

18 сьнежня Пятро Парашэнка зарэгістраваў у Вярхоўнай Радзе законапраект аб адмене пазаблёкавага статусу Ўкраіны. Ён настойвае на пазачарговым разглядзе Вярхоўнай Радай гэтага законапраекта. Прэзыдэнт Парашэнка растлумачыў, што разгляд законапраекта аб адмове ад пазаблёкавага статусу не азначае ўступленьня ў НАТО, але, як патлумачыў Парашэнка: «Мы аднаўляем эўраатлянтычную інтэграцыю».

18 сьнежня прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон, вядомы як «Акт у падтрымку свабоды Украіны — 2014». Прыняты амэрыканскім Кангрэсам закон прадугледжвае, з аднаго боку, што прэзыдэнт ЗША мае права (але не абавязаны) прадстаўляць дапамогу Ўкраіне абарончымі ўзбраеньнямі, такімі, як, напрыклад, супрацьтанкавая, бранябойная зброя або супрацьартылерыйскія радары, бесьпілётныя выведвальныя апараты і сыстэмы абароненай сувязі. Прадугледжана таксама пашырыць неваенную дапамогу Ўкраіне — на ўладкаваньне вымушаных перасяленцаў, на пераарыентацыю экспарту абаронных прадпрыемстваў з Расеі на іншыя рынкі, — а таксама прадставіць Украіне тэрміновую дапамогу ў галіне энэргетыкі ў цяперашніх умовах недахопу паліва і электраэнэргіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG