Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы па Данбасе могуць прайсьці ў Менску 24 і 26 сьнежня


Чарговыя сустрэчы кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе заплянаваныя на 24 і 26 сьнежня.

Пра гэта дамовіліся падчас тэлефоннай размовы ў панядзелак прэзыдэнты Ўкраіны Пятро Парашэнка, Францыі — Франсуа Алянд, Расеі — Уладзімір Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, паведаміла прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта.

Паводле паведамленьня, суразмоўцы «пагадзіліся з неабходнасьцю выконваць усе пункты менскіх дамоўленасьцей, сярод якіх пытаньні спыненьня агню, выхаду на лінію разьмежаваньня, якая замацаваная ў Мэмарандуме ад 19 верасьня, адводу войскаў і цяжкага ўзбраеньня, а таксама найхутчэйшага вызваленьня ўсіх закладнікаў».

Пятро Парашэнка заявіў аб неабходнасьці вызваленьня з расейскай турмы ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка.

Лідэры чатырох краін дамовіліся «працягнуць тэлефонныя кансультацыі празь некалькі дзён».

Сустрэча кантактнай групы па Данбасе (Украіна, Расея, АБСЭ з удзелам сэпаратыстаў з Данецка і Луганска) пераносілася ўжо некалькі разоў.

XS
SM
MD
LG