Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША перашкодзілі «Раснафце» набыць Morgan Stanley


Улады ЗША перашкодзіла спробе расійскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі «Раснафта» ўзмацніць свой уплыў на глябальным рынку. Яны заблякавалі набыцьцё «Раснафтай» нафтавай трэйдынгавай фірмы Morgan Stanley.

Morgan Stanley пацьвердзіла інфармацыю аб скасаваньні дамовы з расейскай кампаніяй.

Гэтую інфармацыю пацьвердзілі і ў «Раснафце».

«Morgan Stanley абвясьціла сёньня [22 сьнежня], што зьдзелка па набыцьці адной з даччыных структур „Раснафты“ глябальнага падразьдзяленьня кампаніі па гандлі нафтай спыненая. Кампанія разгледзіць цяпер шэраг варыянтаў па гэтым падразьдзяленьні з улікам інтарэсаў акцыянэраў, кліентаў і служачых кампаніі», — гаворыцца ў паведамленьні «Раснафты», апублікаваным у панядзелак, 22 сьнежня, на афіцыйным сайце кампаніі.

Віцэ-прэзыдэнт «Раснафты» па сувязях з грамадзкасьцю Міхаіл Лявонцьеў паведаміў расейскаму агенцтву «РБК», што пагадненьне з Morgan Stanley не заключылі праз адмову Камітэту па замежных інвэстыцыях ЗША яе ўзгадніць. «Адмову ў выдачы рэглямэнтуючых пагадненьняў мы атрымалі ня толькі ад амэрыканскіх, але і ад канадзкіх рэгулятараў. Гэта іх права: абскарджваць пагадненьне, якое не адбылося, мы ня будзем. Кампанія асьцерагаецца уласных рэгулятараў», — сказаў Лявонцьеў.

Кошт зьдзелкі паміж «Раснафтай» і Morgan Stanley ацэньваўся ад 300 да 400 000 000 даляраў. Яна была ўзгодненая ў сьнежні 2013 году, калі кіраўнік расейскай кампаніі Ігар Сечын, які зьяўляецца блізкім да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміру Пуціну, ініцыяваў пашырэньне дзейнасьці «Раснафты» на глябальным рынку.

Але санкцыі Захаду супраць Расеі за яе дзеяньні ў дачыненьні да Ўкраіны і падзеньне коштаў нафты на сусьветных рынках паменшылі магчымасьці «Раснафты» для ажыцьцяўленьня фінансавых апэрацый.

Санкцыі таксама абмяжоўваюць магчымасьць міжнародных партнэраў «Раснафты», уключаючы ExxonMobil, удзельнічаць у праектах па распрацоўцы нафтавых радовішчаў у Арктыцы.

XS
SM
MD
LG