Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раскамнагляд просіць «УКантакце» выдаліць старонкі з «Навальным»


«УКантакце» атрымала за нядзелю больш за 50 запытаў ад Раскамнагляду з патрабаваньнем выдаліць старонкі, групы і падзеі, у якіх згадваецца слова «Навальны».

Пра гэта на сваёй старонцы ў сетцы паведаміў яе сузаснавальнік і былы тэхнічны дырэктар Мікалай Дураў (брат Паўла Дурава). Ён спасылаецца на інфармаваныя крыніцы і мяркуе, што кіраўніцтва «ЎКантакце» адрэагуе на патрабаваньні Раскамнагляду сёньня, пасьля нарады з акцыянэрамі. Камэнтароў самога ведамства з гэтай нагоды пакуль няма.

У суботу Раскамнагляд па патрабаваньні Генэральнай пракуратуры заблякаваў старонку групы ў падтрымку Аляксея Навальнага ў Facebook, дзе ўтрымліваюцца заклікі сабрацца 15 студзеня ў цэнтры Масквы для абмеркаваньня прысуду Аляксею і Алегу Навальным. На «Народны сход для абмеркаваньня прысуду» за суткі запісалася 12 тысяч карыстальнікаў сеткі.

У Маскве прыхільнікі апазыцыянэра Аляксея Навальнага правялі сэрыю «інфармацыйных пікетаў» з агітацыйнымі кубамі, на банэрах якіх жадаючыя маглі прачытаць пра антыкарупцыйную дзейнасьць палітыка і пра прысуд па справе «Іў-Рашэ», які мае адбыцца 15 студзеня 2015 году. Актывісты маюць намер праводзіць падобныя пікеты аж да вынясеньня прысуду братам Навальным.

Аляксея і Алега Навальнага абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры. Сьледзтва лічыць, што яны выкралі больш за 30 мільёнаў рублёў у кампаніі «Іў-Рашэ». Дзяржабвінавачаньне просіць суд прысудзіць Аляксея Навальнага да 10 гадоў пазбаўленьня волі, яго брата Алега — да 8 гадоў зьняволеньня.

Прыхільнікі Навальнага лічаць, што яго перасьлед зьвязаны з палітычнай дзейнасьцю апазыцыянэра, а таксама з працай створанага ім Фонду барацьбы з карупцыяй. Сам Навальны, выступаючы ў пятніцу з апошнім словам у судзе, таксама заявіў пра палітычныя матывы ў дзеяньнях пракуратуры і суда, аднак адзначыў, што не зьбіраецца спыняць «сваю барацьбу» зь людзьмі, «якія захапілі ўладу» ў Расеі.

XS
SM
MD
LG