Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка адзначыў цёплы і дружалюбны характар дачыненьняў паміж Беларусьсю і Ўкраінай


Пятро Парашэнка разьлічвае на аднаўленьне інтэнсіўнасці менскіх перамоваў. Пра гэта ён заявіў сёньня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БелТА.

Кіраўнік украінскай дзяржавы зьвярнуў увагу на значнасьць сустрэч у Менску. «Дзякуючы нашаму з вамі эфэктыўнаму ўзаемадзеяньню сёньня ўжо ў гісторыю дыпляматыі ўвайшлі тэрміны «менскі фармат», «менскі мэмарандум», «менскі пратакол» і «менскія дамоўленасьці». Увесь сьвет сёньня кажа, што яны зьяўляюцца асновай мірнага пляну прэзыдэнта Парашэнкі і асновай мірнага працэсу ва Ўкраіне. Яны прызнаныя ААН, Эўрапейскім зьвязам, краінамі вялікай дваццаткі і фактычна зьяўляюцца безальтэрнатыўнай мадэльлю дээскаляцыі сытуацыі на частцы тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Пятро Парашэнка падзякаваў Лукашэнку за атрыманую унікальную магчымасьць дыялёгу трохбаковай кантактнай групы для вырашэньня надзённых праблем.

Ён таксама асобна падзякаваў за выразную пазыцыю Беларусі з нагоды сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці краіны.
«Спадзяюся, што ў выніку нашага дыялёгу мы і менскія сустрэчы, і іх інтэнсіўнасьць адновім», — сказаў Парашэнка.

Ён зьвярнуў увагу на цёплы і дружалюбны характар адносін як паміж дзьвюма краінамі, так і паміж прэзыдэнтамі. Гаворачы аб сёньняшняй сустрэчы ў Кіеве, ён адзначыў, што парадак дня шырокі, ўключае і пытаньні эканамічнай супрацы, каардынацыі дзеяньняў у міжнародных арганізацыях, пытаньні ўзаемадзеяньня ў сфэры бясьпекі, пытаньні фінансавай супрацы.

Паводле яго, «ёсьць дастаткова сур'ёзныя выклікі, на якія мы павінны рыхтаваць скаардынаваныя адказы».

XS
SM
MD
LG