Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памятаю, яшчэ да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ягоны паплечнік, дэпутат Вярхоўнага Савету Віктар Кучынскі распавядаў журналістам, як змагаўся з карупцыяй у родным Кобрыне. Паводле яго мясцовая намэнклятура патаемна завяла сябе сажалку зь нідзе ня ўлічанымі карпамі. «Я даведаўся, выкрыў і высушыў сажалку», — з гонарам казаў бясстрашны дэпутат.

Журналісты, зразумела, рагаталі. Не разумелі, дурні, усёй сацыяльна-палітычнай глыбіні гэтай меры. Прыгадалася тая гісторыя ў сувязі з пагромам, учыненым амаль у гадавіну Плошчы ўсяму нацыянальнаму інтэрнэт-гандлю.

Ну вось навошта? А ёсьць на што. Эканамічная лёгіка, праўда, недарэчная. Не інтэрнэт-крамам варта прад’яўляць прэтэнзіі за рост цэнаў — варта Пуціну, варта саўдзітам, якія спрыялі абвалу цэнаў на нафту, варта стратэгічнаму выбару самой улады на карысьць Расеі, нарэшце, варта айчыннай эканамічнай палітыцы.

Разьлік на тое, што цэны ня вырастуць, калі разьбіць люстэрка, ў якім іх рост адлюстроўваецца, таксама нельга палічыць дакладным. Закрылі інтэрнэт-крамы, заўтра рост цэнаў адлюструе дзяржаўны гандаль.

Усё гэта, а зусім не падступныя інтэрнэт-крамы, цягне цэны ўверх. Дарэчы, ў той жа Расеі цэны, прынамсі, пакуль, скокнулі ня так і высока. Іншая грашовая палітыка ЦБ — іншая рэакцыя цэнаў на дэвальвацыю. Калі хацелася пакараць вінаватага ў росьце цэнаў, варта было зачыніць нацбанк.

Разьлік на тое, што цэны ня вырастуць, калі разьбіць люстэрка, у якім іх рост адлюстроўваецца, таксама нельга палічыць дакладным. Закрылі інтэрнэт-крамы, заўтра рост цэнаў адлюструе дзяржаўны гандаль.

Але ў подбіўцы недарэчнай эканамічнай палітыкі — дакладны клясавы разьлік. Эканамічны шок непазьбежны. Нехта ў Беларусі мусіць зьбяднець. І ўлада спрабуе разьмеркаваць цяжар зьбядненьня.

«Дык усе ж у гэтых крамах куплялі, ўсім жа кепска зрабілі», — скажа раззлаваны чытач. Э не. Тымі «карпамі» інтэрнэт-гандлю частаваліся далёка ня ўсе. Можа з вашага атачэньня, шаноўны чытач, і ўсе, можа, сярэдняя і вышэйшая кляса ўся, але яны — гэта далёка ня ўсё насельніцтва.

Хіба справядлівасьць не вышэй за карпаў з той высушанай сажалкі?

Вось для астатніх гэтае «высушваньне сажалкі» і зробленае. Ня ў тым нават справа, што рэальна зьбяднеюць ня толькі ўладальнікі, але і спажыўцы «сажалкі», ну была «сажалка» onliner.by, стане — .ru. Але ж пабегаюць багаценькія, памітусяцца.

Паводле раскладкі бюджэту на 2015 год (прычым раскладкі даволі аптымістычнай) асаблівых пернікаў для ўсіх у год выбараў не абяцаецца. Але калі нельга зрабіць лепш большасьці, можна зрабіць горш меншасьці. Тады і большасьці будзе неяк лягчэй пераносіць нягоды.

Хіба справядлівасьць не вышэйшая за карпаў з той высушанай сажалкі?

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG