Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скандал вакол фільму пра замах на Кім Чэн Ына: Абама абяцае адказаць на кібэратакі Паўночнай Карэі


Прэзыдэнт Барак Абама заявіў, што ЗША адкажуць на кібэратакі на Sony Pictures з боку Паўночнай Карэі. Пра гэта ён сказаў на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме, прысьвечанай заканчэньню палітычнага года.

На яго думку, гэтая атака прывяла да вялікай шкоды, але з пункту гледжаньня прэзыдэнта ЗША, кампанія Sony зьдзейсьніла памылку, адмовіўшыся ад прэм’еры фільму «Інтэрвію», прысьвечанага спробе замаху на лідэра КНДР Кім Чэн Ына. Перш чым прымаць рашэньне аб адмене прэм’еры, ім варта было параіцца са мной, сказаў Абама.

«Мы адкажам і адкажам прапарцыйна, але ў такім ключы і такім чынам, якім палічым патрэбным», — заявіў ён. Як піша газэта Wall Street Journal, ЗША могуць вярнуць КНДР у сьпіс краін, якія падтрымліваюць тэрарызм. «У нашым грамадзтве мы ня можам сабе дазволіць, каб некаторыя дыктатары, якія знаходзяцца дзесьці далёка, змушалі нас уводзіць цэнзуру», — сказаў ён.

Адказваючы на пытаньні журналістаў аб нармалізацыі адносінаў з Кубай, Абама адзначыў, што, дзякуючы гэтаму, ЗША атрымаюць найлепшы шанец паўплываць на падзеі ў гэтай краіне, усё яшчэ якая знаходзіцца пад кантролем камуністычных уладаў.

Гаворачы аб адносінах ЗША з Кубай, Абама адзначыў, што, калі тое, што рабілася на працягу 50 гадоў ні да чаго не прывяло, то гэта варта зьмяніць. Таксама, зь яго пункту гледжаньня, варта было правесьці зьмены ў адносінах ЗША з Гаванай. Разам з тым, рэспубліканцы, якія кантралююць кангрэс, хутчэй за ўсё, заблякуюць крокі Абамы і перашкодзяць вылучэньню фондаў на разьвіцьцё пасольства ЗША ў Гаване і не зацьвердзяць амбасадара. У цяперашні час на Кубе дзейнічае місія амэрыканскіх інтарэсаў.

Абама адзначыў, што зрух у адносінах з Кубай ня будзе азначаць, як ён выказаўся, перамены за адну ноч, асабліва, у галіне правоў чалавека. Але зь цягам часу гэта прывядзе да зьменаў у гэтым гермэтычна закрытым грамадзтве, сказаў ён.

Паводле яго словаў, ён ня мае намеру зьдзейсьніць візыт на Кубу ў бліжэйшы час, але, паколькі лічыць сябе маладым чалавекам, не выключае магчымасьці пабываць там калі-небудзь.

У пятніцу вечарам прэзыдэнт ЗША адбудзе ў калядны адпачынак у штат Гаваі.

XS
SM
MD
LG