Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерда Бахарэвіча я лічу адным з найбольш цікавых сучасных беларускіх празаікаў — і таму вітаю ягонае жаданьне выказацца па сучасных тэмах. Аднак некаторыя ягоныя меркаваньні ў інтэрвію сайту kyky.org хацеў бы аспрэчыць.

«Галоўнае для культуры — каб ня лезла дзяржава, каб на яе не надзявалі вышыванку», — кажа Бахарэвіч.

Напачатку — пра вышыванкі.

Наколькі я ведаю, ні ў Менску, ні дзе-небудзь яшчэ Альгерда Бахарэвіча прыхільнікі вышыванак не выкрадалі, прымусова на яго вышыванку не нацягвалі і ня кідалі ў кампанію апранутых у вышыванкі дзяўчат — каб тыя, завязаўшы рукавы, як ва ўціхамірвальнай кашулі, — запіхвалі Альгерду ў рот дранікі і дэклямавалі ў вушы (праз мэгафон) паэмы Броўкі ды байкі Крапівы. (У дужках заўважу, што дарэмна Альгерд выкідвае на сьметнік усяго Броўку. Вершы «Пахне чабор» і «Александрына» (які сьпявалі «Песьняры») — выдатныя; калі сучасныя паэты створаць нешта падобнае — пражывуць не дарэмна.)

Я ўвогуле ня ведаю ніводнага выпадку, каб хтосьці кагосьці прымушаў апрануць вышыванку. І ня бачу нічога заганнага ў тым, што вышыванка зрабілася моднай.

Наадварот. Для мяне цяперашняя акцыя (будзем называць рэчы сваімі імёнамі) — гэта знак выбару, падкрэсьліваньня сваёй прыналежнасьці да беларускай нацыі. Урэшце — форма выяўленьня нацыянальнай ідэнтычнасьці вось на такім, пабытовым, узроўні.

Захаваць нацыянальную ідэнтычнасьць для цяперашняй Беларусі падаецца жыцьцёва важным — бо досьвед Украіны паказаў, што адбываецца на тых тэрыторыях, дзе яна вынішчаецца. Мне падаецца, што калі б у акупаваным сэпаратыстамі Данецку нехта выйшаў на плошчу, трымаючы — як сымбаль эўрапейскай талерантнасьці — вясёлкавы сьцяг сэкс-мяншыняў, яго б, напэўна, абплявалі ці нават зьбілі за «гейропу». А вось калі нехта выйдзе нават ня з жоўта-блакітным прапарам, а зь нейкім сымбалем украінскай ідэнтычнасьці (у той самай вышыванцы), яго могуць забіць — за Ўкраіну.

Беларуская моладзь ня можа вольна ўзьняць бел-чырвона-белы сьцяг (ва ўсялякім разе, на гэта адважваюцца ня ўсе) — але яна можа выявіць сваю беларускасьць, апрануўшы нацыянальны строй. І дзякуй Богу, што яна гэта робіць. Таму ўсё, што падкрэсьлівае нацыянальную ідэнтычнасьць, на мой погляд, вартае падтрымкі.

Пры гэтым я ведаю шмат адданых Беларусі людзей (напрыклад, Альгерда Бахарэвіча), якія вышыванку з тых або іншых прычынаў апранаць ня будуць — і яны маюць поўнае на гэта права. І яны ня робяцца пры гэтым менш таленавітымі, менш інтэлектуальнымі, менш нацыянальна сьвядомымі.

Сьцьвярджэньні ж, што вышыванкі — гэта спроба зацягнуць нас у вясковую архаіку як альтэрнатыву сучаснай эўрапейскасьці (такія выказваньні даводзіцца чуць) — лёгка разьбіваюцца прыкладам шатляндцаў, якія шануюць нацыянальныя традыцыі і пры гэтым ня лічацца «калгаснай» нацыяй.

Другое, у чым я не пагаджуся з Альгердам Бахарэвічам — аспэкт чыста літаратурны. Гэта ягонае меркаваньне, што пісьменьнікі (некаторыя) жывуць у пэрыядзе пачатку 90-ых і ніяк ня хочуць адтуль вылезьці. Я далёкі ад таго, каб падазраваць Бахарэвіча ў грэблівым стаўленьні да апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня, якое якраз на гэты час прыпала (дастаткова пачытаць ягоныя эсэ) — але, далібог, тут ён памыляецца. Канешне, я чытаў далёка ня ўсё, але, з большага, у сучаснай беларускай літаратуры арыентуюся. Калі казаць не пра мэмуарную літаратуру, а пра бэлетрыстыку, дык гэты пэрыяд у сучаснай беларускай прозе ня тое што не асэнсаваны, але і ніяк не адлюстраваны (праўда, ёсьць аповесьці Івана Шамякіна, дзе ў тым ліку і ваш пакорны слуга выведзены ў гратэскным абліччы). Натуральна, пісьменьнік не абавязаны пісаць пра тое, што яму «не баліць» альбо «не цікава». Часам пра нешта ўвогуле пісаць забаронена (як пра БНР ці Слуцкі збройны чын у савецкія часы). Зусім магчыма, што пэрыяд апошняга Адраджэньня ўвогуле нікога не зацікавіць, альбо зацікавіць толькі праз сто гадоў. І гэта — права творцаў. Але тое, што сёньняшнія літаратары той час абышлі — факт.

Ну і трэцяе — каб дзяржава ня лезла ў культуру. У такой фармулёўцы жаданьне Альгерда Бахарэвіча цалкам апраўданае. Мы памятаем няспыннае, «бацькоўскае» кіраўніцтва літаратурнымі і ўсякімі іншымі творчымі працэсамі камуністычнай партыяй і яго авангардам — ленінскім ЦК. На шчасьце, пакаленьне Бахарэвіча не засьпела таго часу ў якасьці творцаў. Затое яно сталела ў часы, калі ўлада ня проста ўмешвалася, а самым натуральным чынам мэтанакіравана зьнішчала нацыянальную культуру і максымальна звузіла кола ўжываньня мовы.

І апошняя акалічнасьць стварала сытуацыю, адрозную ад становішча ў іншых краінах.

Так, немагчыма ўявіць такую інстытуцыю, як «міністэрства культуры ЗША» ці «міністэрства культуры каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі». Ні амэрыканскай, ні брытанскай культуры нічога не пагражае — як нічога не пагражае ангельскай мове. А вось у Францыі — міністэрства культуры існуе. І, акрамя іншага, ёсьць дзяржаўная праграма падтрымкі культуры. І яшчэ — заканадаўства, якое стварае істотныя прэфэрэнцыі для францускай мовы, якой, як шмат хто ў францускім грамадзтве лічыць, пагражае экспансія мовы ангельскай. Ёсьць дзясяткі прэміяў літаратарам, мастакам, кінэматаграфістам, якія фінансуюцца дзяржавай. А таксама — цэнтры францускай культуры ў замежжы, якія фінансуюцца зь бюджэту.

Добра гэта ці кепска? Думаю, добрага тут значна болей, чым кепскага.

Пры гэтым, натуральна, ніхто з францускіх чыноўнікаў не загадвае пісьменьніку, пра што яму пісаць, рэжысэру — што яму здымаць, а мастаку — якімі фарбамі маляваць.

Вось прыблізна такі альгарытм адносінаў «творца-дзяржава» і падаецца аптымальным для будучай дэмакратычнай Беларусі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG