Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маленькі Парыж» з Савецкай вуліцай


Горадня, вуліца Савецкая
Горадня, вуліца Савецкая

Аляксандар Фядута нарадзіўся пяцьдзясят гадоў таму ў Горадні. Пра сваё жыцьцё ў горадзе ён напісаў кнігу, назваўшы яе «Мой маленькі Парыж». Ён прызнаецца, што на вокладцы зьмясьціў напачатку сямейны здымак — маці трымае яго малога на руках. Але сябры не ўхвалілі: а прычым тады Парыж? Ты ж сам не Парыж! Тады аўтар пазычыў для вокладкі здымак у гарадзенскага фатографа Натальлі Дораш: Савецкая вуліца 1970-х гадоў. Яна пешаходная, асноўная ў горадзе.

Але і ў такім выглядзе яна працягвае выклікаць пытаньні. «Пры чым тут Парыж? — зьдзіўляецца былы кіраўнік тэатральнай студыі, якую наведваў Фядута. — Парыж для парыжанаў, для французаў». Праўда, кнігі ён яшчэ не чытаў, прачытае абавязкова, але назва не задавальняе: «Хоць я нарадзіўся ў Краснаярску, але ў Гродне жыву 62 гады. І неяк пра яго думаю. А ўвогуле малойца...»

Што на гэта Аляксандар Фядута? Ён робіць спробу патлумачыць: «Мы яго так называлі, будучы студэнтамі. Цяпер я разумею, што да Парыжу не дацягвае Горадня, таму што не хапае маленькіх кавярняў, дагэтуль не хапае. Горад вырас, а я іду па Савецкай вуліцы і бачу, што кавярняў стала менш, а ня больш у параўнаньні з тым часам, калі я жыў...»

Я гатовы абвергнуць. Сапраўды, кавярняў як на такі горад па-ранейшаму мала, але ў савецкія часы іх зусім не было. Горадня, згодна свайму савецкаму рангу, мела права на «Блінную» і «Пяльменную» на той самай Савецкай вуліцы і на «Чабурэчную» — за рогам (захавалася да сёньня). Была яшчэ «Піражковая», пара падвальных кафэтэрыяў, два рэстараны і бар. Я маю на ўвазе якраз старую забудову, якая пад пяром Фядуты зрабілася Парыжам. Нішто сабе Парыж: зь «Пяльменнай» і «Чабурэчнай»...

У аўтара аднак застаюцца яшчэ аргумэнты, свае, асабістыя: «Я іду па горадзе і магу патлумачыць, чаму ў мяне было заўсёды адчуваньне Парыжу. Таму што калі я прыяжджаў у любы іншы горад Савецкага Саюзу, мне здавалася, што людзі былі апранутыя трошкі больш шэра і сумна, чым гарадзенцы. Можа быць, блізкасьць Польшчы адбівалася. Мне задавалася, што людзі былі крыху болей заняволеныя. А неяк так атрымалася, што ў позьні савецкі пэрыяд Горадня была ўнутрана абсалютна свабодным горадам. Хаця ўсяляк бывала: будучага сакратара ЦК камсамолу ледзьве ня выключылі з камсамолу». Гэта ён пра сваю камсамольскую біяграфію.

У разьняволеньні гарадзенцаў адыграў яшчэ ролю «абласны профільны лягер „Навука“ для разумных дзяцей» — лічыць Аляксандар Фядута. Але такія лягеры існавалі і ў іншых гарадах, а яны па ўнутранай свабодзе нават блізка не стаялі побач з Горадняй, як кажа ён сам. І тут трэба зазначыць адзін істотны момант. Аляксандар Фядута быў з тых, хто меў савецкія перакананьні, любіў камсамол, цалкам быў паглыблены ў расейскую культуру, а ў яго выпадку і ў літаратуру. У горадзе яго называлі не інакш як «пушкініст Фядута».

Я ў Горадні трыццаць гадоў. Мне самому ўвесь час хацелася хоць крыху вольнага паветра. І разьняволенасьць, трэба сказаць, невялікай часткі гарадзенцаў, я бачу зусім у іншым. Па-першае, мы маглі глядзець польскае тэлебачаньне, а ў маім выпадку яшчэ і слухаць беластоцкае радыё, у прыватнасьці беларускую праграму. Па-другое, немалы ўплыў на «умы» ў горадзе зрабіў клюб «Паходня» (створаны ўвесну 1986-га). Зазначу: большасьць тых, хто ня вельмі любіў савецкі жалезабэтонны лад, не зважалі на беларушчыну, нярэдка ставіліся да ўсяго беларускага фанабэрліва, яны працягвалі летуценіць пра СССР, але крышку палепшаны, з ачалавечаным тварам. Беларусь як штосьці адметнае для іх асабліва не існавала. Хоць самі яны часта былі беларусамі.

Такія людзі наведвалі такое крыху вальнадумнае месца як кінаклюб «Ракурс», дзе паказвалі карціны, якія выклікалі роздум, не для шырокай публікі. Аляксандар Фядута якраз быў яго шчырым удзельнікам, піша аб ім у сваёй кнізе. З «Ракурсам» у яго зьвязана адно з моцных перажываньняў. Аднойчы дырэктарка запрасіла яго прыйсьці ў нечаканы час — а 4-й раніцы, кажа Фядута, але яна пярэчыць сёньня: «Няпраўда, насамрэч а 6-й, я сама люблю паспаць». Быў 1984-ы. Паступіў загад «змыць» з плёнкі дзьве карціны Анджэя Вайды. Начальнік абласнога кінапракату не пабаяўся перад гэтым даць на нелегальны прагляд стужкі («Пэйзаж пасьля бітвы» і «Зямля абяцаная»). «І ніхто ня стукнуў!» — напалову зьдзіўлена, напалову захоплена сёньня паўтарае аўтар «Маленькага Парыжу».

Аляксандар Фядута — кніжнік. Ён распавядае, як а 5-й раніцы займаў чаргу каля кнігарні «Раніца» (адпаведнік менскай «Цэнтральнай»), каб запісацца на дэфіцытныя выданьні. Мне гэта крыху дзіўна: я амаль штодня бываў у кнігарнях, пастаянна купляў кнігі, але такіх чэргаў пазьбягаў. Фядута пералічвае кнігі, якія яго цікавілі, на першым месцы савецкая і расейская клясыка. У горадзе жыў масьціты празаік Аляксей Карпюк, якога Аляксандар Фядута ведаў і ня раз мог бачыць, але ня ўзьнікла думкі яго пачытаць. Кнігі Карпюка зацікавілі толькі пасьля сьмерці пісьменьніка. Аўтар «Маленькага Парыжу» нават не заўважаў Беларускага тэлебачаньня. Ён піша, што існавалі толькі два тэлеканалы — Масква і Варшава («польскі»), і ў першы толькі ўстаўлялі дзьве-тры гадзіны беларускіх праграмаў. Хаця былі некалькі гадзінаў абласной студыі на «трэцім» канале — на БТ.

Ва ўступе да кнігі Валянціна Трыгубовіч якраз зьвяртае ўвагу на тое, што аўтар «фармаваўся ў жорстка акрэсьленай савецкай зоне», у «рускім сьвеце». «Так, Горадня — яго родны і любімы горад. Яго вуліцы і плошчы пастаянна прысутныя ў тэксьце. Толькі яны — дэкарацыі, сярод якіх праходзіць жыцьцё галоўнага героя, яны ня ёсьць складовай часткай гэтага жыцьця. Горад ня мае дакладных каардынатаў у прасторы, ён існуе ў Сусьвеце або дзесьці на бяскрайніх савецкіх абшарах. Дый Беларусь як самастойная адзінка ў тым „рускім сьвеце“ не фігуруе, максымум — геаграфічнае паняцьце». Трыгубовіч падкрэсьлівае, што савецкае жыцьцё Горадні было ўсё ж болей разнастайным, чым здавалася тады маладому Фядуту, які называў свой горад чамусьці Парыжам, што яе таксама зьдзіўляе.

Кніга ўвогуле вельмі асабістая. Аўтар піша пра дзяцінства, школьныя гады, зь любоўю пра сваю маці (частка пра яе друкавалася на беларускай мове ў «Дзеяслове» і была зь цікавасьцю прачытаная ў мясцовым літаратурным асяродзьдзі). Пра клясычныя савецкія стравы — любімую салату «аліўе» і селядзец «пад шубай», нелюбімы. Прызнаецца, што дэфіцытны маянэз еў лыжкамі. Піша ён і пра ўнівэрсытэт, дзе галоўным перажываньнем стала здарэньне з насьценгазэтай, якую сарваў выкладчык за зьмешчаныя Фядутам вершы «прастытуткі Ахматавай» і «дэгенэрата Мандэльштама». (Памятаю, у нас на журфаку ў Менску ў той самы час сарвалі насьценгазэту, прысьвечаную Каліноўскаму.)

Мне таксама дзіўна: ня бачыўшы таго Парыжу, аднакурсьнікі Фядуты чамусьці знайшлі падабенства з Горадняй. Паводле майго перакананьня, нічога агульнага паміж імі ніколі не было. Нават калі яшчэ савецкая ўлада не разбурыла блізка палову старой забудовы. У мяне заўсёды выклікала іронію прывычка аднаго з былых «мэраў» таксама называць горад то «маленькім Парыжам», то «маленькім Ватыканам». Хіба што можна парадавацца, што колішнія студэнты параўноўвалі свой горад з Парыжам, а не з Масквой.

Нечакана вельмі мала ў кнізе пра першы журналісцкі досьвед аўтара. Ён толькі піша, што яны, камсамольскія актывісты, марылі пра выданьне маладзёжнай газэты. Але гаркам КПБ вырашыў, што гэта будзе газэта партыйная (якая спрабавала быць «агульнагарадзкой»), грошы на выданьне былі. У газэце існавала абавязковая рубрыка «Как живёшь, первичка?» Між іншым, быў канец 1990 году, калі партыя страціла сваю былую самаўпэўненасьць. Працаваць у партыйную пайшлі з расчараваньнем, піша Аляксандар Фядута. У мяне асабіста ёсьць сумнеў наконт гэтага. Пакой партыйнай газэце «24 часа» далі ў рэдакцыі абласной «Гродзенскай праўды» на апошнім, чацьвертым паверсе. Ён быў дзьверы ў дзьверы з маім. І маладзейшыя супрацоўнікі былі ў захапленьні ад новай працы, заўсёды нейк шумныя, «з камсамольскім агеньчыкам». Мяне не заўважалі і не здароўкаліся, толькі часам перашкаджалі працаваць зь лістамі ад чытачоў. Тым больш, што я тады ўпарта пісаў сваю «рэдакцыйную» аповесьць часоў сьмерці Сталіна, «Бог з машыны».

Праўда, аўтар шчыра піша, што яму сорамна за сваю публікацыю пра зімовы мітынг. Кіраваў ім пісьменьнік Аляксей Карпюк, удзельнікі асудзілі захоп тэлевежы ў Вільні, выкарыстаньне танкаў, гібель людзей. Публікацыю, ясна, выпусьцілі пад адпаведным партыйным соўсам. Што датычыла палітыкі, парторган быў даволі гадкім, не зважаў на «перабудову».

Альтэрнатывай «24 часа» стала першая прыватная газэта, якая выходзіла ў горадзе, таксама на расейскай мове, «Перспектива» (сёньня гэтую назву пераняла былая раёнка, якая мела перад тым беларускую шыльду «Сельская навіна»). Першы нумар «Перспективы» выйшаў восеньню 1990-га. Яна стала вельмі папулярнай, наклад пастаянна рос. Яе чытала лібэральна настроеная публіка. Але нават сярод яе журналістаў былі тыя, хто непрыхільна ўспрыняў незалежнасьць Беларусі, адкрыцьцё беларускіх школ у горадзе.

Што датычыць «24 часа», пасьля жнівеньскага путчу ў 1991 яе закрылі.

Пазьней будуць дэмакратычныя «Московские новости», карэспандэнтам якіх у Беларусі працаваў Аляксандар Фядута. Але спачатку ён стане сакратаром ЦК Саюзу моладзі (учорашняга камсамолу) і трапіць у каманду Лукашэнкі. Але потым адумаецца, пераканаўшыся, што новае асяродзьдзе насамрэч для яго чужое. Для мяне важная эвалюцыя Аляксандра Фядуты, гэтым ён цікавы як чалавек. Цяпер ён чытае і размаўляе па-беларуску. Мала таго, ён вывучае і піша пра беларускіх пісьменьнікаў і выдае нашых клясыкаў.

Адзін зь ягоных гарадзенскіх сяброў успамінае сёньня, што Фядута «быў заўсёды на памер большы, чым мы (сам ён прызнаецца, што важыў 120 кіляграмаў, але цяпер ходзіць у спартзалю і худнее) або й на некалькі памераў — у вучобе, у сяброўстве, у эмоцыях». Ён быў «часткай гораду», ацэньвае сябра Фядуты. І, кажучы пра ягоныя ўцёкі (як іх сам называе ў кнізе аўтар) у Менск, сябра ўспамінае, што новага сакратара ЦК у сталічным жыцьці чакала «чорная няновая „волга“ з працёртымі чахламі-дыванкамі. Рэшткі раскошы. Сярод якіх таксама прыбіральня з арабскім унітазам. Калі на яго сесьці, ногі тырчалі б вонкі (з кабінкі). Гэта значыць, што сакратары ЦК пры Савецкім Саюзе таксама так рабілі».

Гэты сябра аўтара лічыць, што такой кнігі ў Горадні раней не было і ў ёй захаваны цэлы пласт жыцьця. З гэтым нельга не пагадзіцца. «Мой маленькі Парыж» напісаны жыва і чытаецца зь цікавасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG