Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кожны ведае: жывучы ў Беларусі, надзвычай важна мець карысныя знаёмствы.

Іх дораць сябрам і блізкім, іх перадаюць у спадчыну дзецям, іх мяняюць на такія самыя, але з пэрлямутравымі гузікамі. Іх нельга губляць, бо яны могуць прыдацца ў любую хвіліну.

Карысныя знаёмствы для беларуса — нават больш важныя, чым карысныя выкапні для ягонай краіны. І няхай беларусу цягам усяго ягонага жыцьця так і не пашчасьціць атрымаць ад тых знаёмстваў нейкую карысьць, усё роўна ён пачуваецца больш абароненым, калі мае сям-там «сваіх» людзей. Таму нават на сьмяротнае ложа беларус кладзецца, хаваючы ўсьмешку — ён ведае, што за яго і Там замовяць слоўца. Знаёмы знаёмага. Сябра прыяцеля. Нехта. Хтосьці, хто можа дапамагчы. Нехта — гэта наогул самы ўплывовы пэрсанаж беларускага жыцьця. Нехта можа выдаць патрэбную даведку, нехта можа нешта дастаць, нехта можа без чаргі, нехта можа бяз мыла...

Менавіта Нехта, відаць, і ўзьвёў паклёп на Ёзэфа К., бо, не зрабіўшы нічога благога, аднойчы раніцай ён трапіў пад арышт.

Бедны, бедны Ёзэф К.! У яго не было карысных знаёмстваў. Ніводнага. Не лічыць жа такім ягоную дзіўную сувязь з суседкай. Але вось быў бы ён грамадзянінам РБ — не давялося б яму перажыць жудасных блуканьняў па бюракратычным пекле, і пакараньне б ён атрымаў больш гуманнае. Той злавесны будынак, па якім ён вымушаны быў бадзяцца падчас сьледзтва, проста ня меў бы сэнсу. Бо, у адрозьненьне ад Ёзэфа К., беларусам пашанцавала. Яны маюць Адно Акно — і таму ня маюць «Працэсу». І «Вайны і міру» ня маюць — іх і выдаюць у іншым акенцы, ня ў нашым. Ды мы туды і не займалі.

Таму што Адно Акно прыдуманае акурат для тых беларусаў, якія не завялі сабе ніводнага Карыснага Знаёмства. Не парупіліся, пашкадавалі на шакалядку, нарадзіліся ў няпоўнай сям’і — то бок бяз сувязяў і пратэкцый. Што ж ім цяпер, паміраць, гаротным? Дзяржава вырашыла паклапаціцца пра гэтую бяздольную, небаяздольную катэгорыю грамадзян. Адно Акно — гэта адно карыснае знаёмства, падзеленае на ўсіх, усеагульны Нехта. Ніхто, які дапаможа пазьбегнуць цяганіны, чаканьня, мароканьня і іншых рэчаў, якія лечацца ўсяго адным карысным знаёмствам.

Праўда, калі ўважліва чытаць «Працэс» Кафкі, робіцца відавочным, што насамрэч Адно Акно ўвесь час трапляецца Ёзэфу К. у ягоных блуканьнях — проста ён як сапраўдны беларус іх не заўважае. Праз гэтае Адно Акно за ім назіраюць нейкія старыя, калі Ёзэфа К. прыходзяць арыштоўваць. Адно Акно мае пакой фраў Грубах. Ёзэф К. па чарзе заходзіць у пакоі з Адным Акном, калі шукае сьледчую камісію, якая мусіць разабрацца зь ягонай справай.

Адно Акно, Адно Акно, Адно Акно — мільгае ў тэксьце Кафкі. Тэксьце, які беларусам кажа крышачку больш, чым іншым чытачам.

Вядома, ад кафкіянскага Аднаго Акна патыхае фаталізмам. Яно нібыта намякае К., што выйсьця няма, і запрашае да самагубства. Ад беларускага Аднаго Акна патыхае надзеяй і дзелавітасьцю. Прынамсі, так яно задумвалася. Але калі акно толькі адно — дык і надзея адна. Адзіная. Апошняя.

О, гэты чыноўніцкі жаргон, гэтая мімікрыя словаў... Дзень адчыненых дзьвярэй, Адно Акно, круглы стол, ерархічная лесьвіца... шкляная столь, пракрустава ложа... Цэлы мэбляваны пакой, у якім можна пасяліцца на ўсё жыцьцё — і марыць пра самую поўную ў краіне калекцыю карысных знаёмстваў: зьбярэш усе, атрымаеш уладу над сьветам ці, прынамсі, над гэтым сабраным з падручных матэрыялаў будынкам, па якім табе яшчэ хадзіць і хадзіць, зьбіраць і раскідваць: даведкі, доказы, камяні.

Таму што бюракратыя — гэта самая магутная ўлада з прыдуманых чалавекам. Яна можа жыць і з Адным Акном, яна можа жыць зусім бяз вокнаў, без кіслароду, і нават людзі ёй не патрэбныя. Чалавек — гэта, урэшце, усяго толькі нечае Карыснае Знаёмства.

Чаму Адно Акно існуе — а бюракратыі менш ня робіцца? На гэтае пытаньне Ёзэф К. мог бы адказаць, але яго ніхто не спытаў.

«Ня першы год у краіне дзейнічае „адно акно“, — нагадвае нехта з чыноўнікаў. — Бясспрэчна, такі прынцып работы са зваротамі грамадзян дае добры плён. Але я хачу акцэнтаваць увагу на тым, што кожны з нас, чыноўнікаў розных рангаў, у сваім родзе „адно акно“. І ад таго, бачым мы перад сабой чалавека ці засланяемся ад яго паперамі, у многім залежыць градус жыцьця грамадзтва. Гэта трэба памятаць».

І мы памятаем гэта — кожнага разу, калі набліжаемся да нейкай адміністрацыі, службы, камітэту, дэпартамэнту. Кожнага разу мы паўтараем шлях Ёзэфа К. Нават ня ведаючы, хто гэта такі. Верачы ў магічную сілу Акна, мы не сьпяшаемся разьвітвацца з карыснымі знаёмымі. Проста таму, што любім жывыя чалавечыя зносіны.

Менавіта ў Адно Акно мусіў выкінуцца суконнай галавой уніз беларускі бюракрат, а добранадзейны грамадзянін — сунуць сваю добранадзейную паперку.

Менавіта Адно Акно — гэта тое, чым ганарыцца дзяржава, для якой важны балянс паміж сукном, паперай і добранадзейнасьцю.

Менавіта яно магло зрабіцца нашым акном у Эўропу.

Менавіта Адно Акно здолела скараціць для беларусаў «Працэс» — але нават яно не апраўдала Ёзэфа К.

Каго яно зрабіла шчасьлівымі — дык гэта айчынных сатырыкаў.

«Дзіўна, але пра заяўніцкі прынцып „адно акно“ адказныя работнікі Жлобінскага райвыканкаму, мабыць, і ня чулі, — радуецца „Вожык“. — Грамадзянам, якія прыходзілі па даведкі ці прыносілі дакумэнты, прапаноўвалася здаць... нормы па бегу. Для гэтага арганізоўваўся крос у адпаведныя аддзелы выканкаму і падведамасныя яму арганізацыі, дзе ў якасьці ўзнагароды рэгістраваліся або выдаваліся патрэбныя паперы...»

Дарэчы, у рамане Ёзэф К., зусім як беларус у падобнай сытуацыі, таксама шукае карысных знаёмых. І заблытваецца, і спадзяецца на свой бедны розум, і ня верыць, калі яму кажуць:

«Прызнайцеся ва ўсім. Толькі тады ёсьць магчымасьць уцячы. Зрэшты, і гэта немагчыма без чужой дапамогі...»

Сапраўды, ад бюракратыі нельга ўцячы нават праз Адно Адзінае Акно. Ёсьць такі жарт: катастрофа на пасьпяховым нямецкім прадпрыемстве — гэта калі ў аддзеле заказаў скончыліся блянкі заказаў на заказ блянкаў заказаў. Калі ў Адным Акне табе скажуць, што «акно тут адно і я тут вабшчэ ў ім адна работаю» — гэта значыць, што Ёзэфу К. зноў няма куды бегчы. Адно Акно — гэта толькі адна з опцыяў квэсту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG