Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракаповіч абяцае спецыфічны год: нізкі ВУП, паніжэньне экспарту і трохмільярдныя пазыкі


Віцэ-прэм’ер Пётар Пракаповіч выступіў на супольным паседжаньні абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Віцэ-прэм’ер прывёў такі прыклад: «Калі на пачатку 2000-х гадоў у імпарце Расеі беларускія тавары складалі 9%, дык у апошні час мы скаціліся, — як падкрэсьліў Пракаповіч, — да 5%. Гэта адбываецца з-за невысокай якасьці нашых тавараў. Менавіта з-за гэтага мы губляем і ўнутраны, і зьнешні рынак». Віцэ-прэм’ер сказаў, што ў сьвеце можна прадаць усё, абсалютна ўсё, калі гэта ўсё — канкурэнтаздольнае.

Пётар Пракаповіч сказаў, што ў 2015 годзе галоўнай задачай ураду будзе дамагчыся падвышэньня канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі. Для гэтага ў наступным годзе будзе ўведзеная вельмі жорсткая дысцыпліна і адказнасьць, а таксама павышанае стымуляваньне — як матэрыяльнае, так і маральнае.

Пётар Пракаповіч спадзяецца, што пэўны рывок у канкурэнтаздольнасьці ў лепшы бок можна зрабіць пры ўмове, калі з прадпрыемстваў здымуць перакрыжаванае субсыдаваньне ў энэргарэсурсах і зьнізяць для іх стаўкі па крэдытах.

Пётар Пракаповіч сказаў таксама, што 2015 год будзе спэцыфічным годам для Беларусі. «Упершыню, — сказаў віцэ-прэм’ер, — мы плянуем мінімальны рост валавога ўнутранага прадукту і нават зьніжэньне экспарту».

Віцэ-прэм’ер сказаў, што Беларусь у наступным годзе мусіць выплаціць па крэдытах тры мільярды даляраў. Пастаўленая задача: палову гэтай сумы вярнуць за кошт унутраных рэзэрваў, а другую палову — за кошт новых замежных крэдытаў.

XS
SM
MD
LG