Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінула чатыры гады пасьля драматычнай Плошчы-2010. Свабода падабрала найбольш яскравыя фільмы, у якіх паказваюцца падзеі той выбарчай кампаніі і яе брутальнага завяршэньня.

«Беларуская мара» — першы фільм пра Плошчу

Прэм'ера прайшла ў Мінску 6.10.2011. Ягоная аўтарка — журналістка Кацярына Кібальчыч.

У фільме распавядаецца гісторыя жыцьця маладога чалавека зь Менску, які апошнія 18 гадоў жыве ў краіне «апошняга дыктатара Эўропы». У аснову фільма ляглі падзеі 2010--2011 гадоў у Беларусі: прэзыдэнцкая кампанія, рэпрэсіі, суды і тое, як гэта адбілася на жыцьці самай «стабільнай» постсавецкай рэспублікі.

«Беларуская мара» — апавяданьне пра тое, як рэжым можа зламаць чалавека. І пра тое, як у дзяржаве з татальным кантролем можна быць шчасьлівым, нягледзячы ні на што.

Даволі! Да Волі...

Дакумэнтальны фільм Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага.
55 хв., Беларусь, 2011 год. Тэлеканал Белсат.

Фільм прысьвечаны ўгодкам драматычных падзеяў у Беларусі ў сьнежні 2010 году, калі была люта разагнаная мірная акцыя пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Сьледчая, судовая і турэмная сыстэмы - вачыма ўдзельнікаў таго пратэсту, якія прайшлі празь пекла турмаў. Аўтары засяроджваюць увагу на ўсьведамленьнях людзей, якія страцілі працу, вучобу, перажылі жорсткія фізычныя і маральныя катаваньні.

Жыве Беларусь!

Мастацкі фільм (афіцыйны год выданьне 2013) апавядае пра падзеі ў Беларусі перад Плошчай-2010. Маладога рок-музыку Мірона Захарку забіраюць у войска, а гурт трапляе ў чорныя сьпісы. У войску ён пачынае весьці дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісвае дзедаўшчыну і ўмовы службы. Дзёньнік перарастае ў адкрытае супрацьстаяньне з рэжымам. Фільм здымаўся ў лістападзе-сьнежні 2011 году ў Польшчы. Аднак Амбасада Беларусі ў Польшчы рэзка асудзіла фільм і заклікала не паказваць у кінатэатрах. Музыку да фільму напісаў Лявон Вольскі. Актору Анатолю Кату за ўдзел у фільму скасавалі кантракт на дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм».

Дайсьці да Плошчы

рэж. Галіна Самойлава, 2011 г., Беларусь​. Тэлеканал Белсат.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў беларусы жылі ў чаканьні важных станоўчых зьменаў у сваёй краіне. Зь вераю ў рэальную магчымасьць дэмакратычных пераменаў праз выбары прыйшлі яны на плошчу Незалежнасьці. Усё гэта было «перад»... Аповеды ўдзельнікаў падзеяў на Плошчы паказалі цынізм і хлусьлівасьць дыктатуры, якая, выкарыстоўваючы брутальныя мэтады, зьнішчыла надзеі на перамены да лепшага. І ў жыцьці беларускага народу пачаўся пэрыяд «пасьля». Аўтары фільму паказалі, як адбываўся пералом думак у гэты час. Адною з найважнейшых постацяў тых падзеяў быў кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Уладзімір Някляеў.


Дайсці да плошчы

Пастка для апазыцыі.

Дзень 19 снежня 2010 г. пакінуў па сабе шмат скандальных таямніцаў. Цэнтральная вэрсія фільму: падзеі 19 сьнежня – гэта маніпуляцыі Масквы, якая справакавала такі сцэнар і адзіная ў выніку выйграла. Прычым ужо ня першы раз у найноўшай гісторыі. Дзеля параўнаньня ў фільме паказаныя падзеі з часоў рэфэрэндуму 1996 г., у выніку якога зьмянілі Канстытуцыю і разагналі дэмакратычна абраны Вярхоўны Савет. Паводле словаў Леаніда Міндліна, расейскі сьлед – гэта толькі вэрсія: «Доказаў няма, але ёсьць лёгіка падзеяў».

2011, Беларусь. Тэлеканал Белсат.

Жалезам па шкле

Фільм мае апраўдаць дзеяньні ўладаў у разгоне Плошчы, разгроме і застрашваньні апазыцыі. Фільм дае магчымасьць ацаніць, наколькі шмат людзей гатовыя былі падтрымаць радыкальны плян скіданьня рэжыму. З кадраў паўстае спантанная актыўнасьць дэманстрантаў, аднак доказаў працы наёмнікаў і баевікоў падчас Плошчы прадэманстравана не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG