Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін павінен падумаць аб радыкальнай зьмене сваёй пазыцыі. Пра гэта заявіла вярхоўная прадстаўніца Эўразьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі Федэрыка Магерыні напярэдадні саміту ЭЗ у Брусэлі.

«Звычайна я не лічу, што нэгатыў для некага аднаго можа для кагосьці іншага стаць пазытывам. Але гэта праўда, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і расейскае кіраўніцтва павінны сур’ёзна падумаць аб радыкальнай зьмене сваёй пазыцыі адносна спакою ў сьвеце і пачаць рэжым супрацоўніцтва», — падкрэсьліла Магерыні.

18 сьнежня расейскі фондавы рынак і нацыянальная валюта прадэманстравалі адносны рост. Другі дзень запар працягваецца некаторае ўмацаваньне рубля адносна вядучых валют. За даляр на біржы па стане на 09:48 па Кіеве давалі менш за 59 рублёў. У аўторак у ходзе гандлёвай сэсіі кошт амэрыканскай валюты дасягаў 80 рублёў.

Аналітыкі лічаць, што ўзмацненьне рубля зьвязана з інтэрвэнцыямі расейскага Цэнтрабанку. 16 сьнежня рэгулятар выдаткаваў на падтрыманьне курсу амаль два мільярды даляраў.

Захад увёў шэраг санкцый супраць Расеі праз анэксію Крыму і яе ролю ў дэстабілізацыі сытуацыі на кантынэнтальнай частцы Ўкраіны.

Саміт ЭЗ, які праходзіць 18-19 сьнежня, павінен разгледзець як адну з галоўных тэм становішча ва Ўкраіне і эканамічны крызіс у Расеі, але санкцыі супраць Масквы паслабляць не плянуецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG