Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Савет Рэспублікі падтрымаў папраўкі ў закон аб СМІ


Cавет Рэспублікі ўхваліў праект закону «Аб унясеньні дапаўненьняў і зьменаў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». Ён быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 17 сьнежня.

Прадстаўляла законапраект міністар інфармацыі Лілія Ананіч.

Як сьцьвярджаюць распрацоўшчыкі, гэты дакумэнт скіраваны на абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў у сфэры масавай інфармацыі, нацыянальнай бясьпекі Беларусі, а таксама гарманізацыі з заканадаўствам дзяржаваў — удзельніц дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Больш дэталізаванымі становяцца заканадаўчыя палажэньні аб дзейнасьці, рэгістрацыі і перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, распаўсюджваньні прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі, аб абвяржэньні фізычнымі асобамі зьвестак, якія распаўсюджаныя сродкамі масавай інфармацыі і не адпавядаюць сапраўднасьці, ганьбяць іх гонар, годнасьць ці дзелавую рэпутацыю, аб адказнасьці за парушэньне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі.

Як паведаміла журналістам Ананіч, «галоўнай навацыяй законапраекту зьяўляецца распаўсюджаньне дзеяньня закону на інтэрнэт-рэсурсы, з дапамогай якіх распаўсюджваецца прадукцыя сродкаў масавай інфармацыі». Прычым дзеяньне закону распаўсюджваецца на ўсе нормы, апрача рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсаў. «Гэта неабходна для таго, каб інтэрнэт-рэсурсы, якія фактычна зьяўляюцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі інфармацыйнага поля, паўнапраўнымі сродкамі масавай інфармацыі, прычым найбольш глябальнымі, несьлі адказнасьць за кантэнт», — сказала міністар. Уладальнік рэсурсу будзе абавязаны выдаляць супрацьпраўны кантэнт пасьля вынясеньня яму папярэджаньня Міністэрствам інфармацыі.

«Зьмены, якія прапаноўваюцца, гавораць пра тое, што будзе надзейны заслон тым рэсурсам, якія публікуюць супрацьпраўную інфармацыю», — канстатавала Ананіч.

Паводле яе, у Міністэрства інфармацыі зьяўляецца права абмяжоўваць доступ да рэсурсаў, якія нясуць у сабе пагрозу нацыянальнай бясьпецы і інфармацыя якіх супярэчыць нацыянальным інтарэсам.

Ананіч паведаміла, што ўводзіцца рэестар распаўсюджвальнікаў друкаванай інфармацыі, электронных СМІ. Упершыню ўводзіцца абавязковая гарантыя для распаўсюджваньня агульнадаступнага тэлепакета аператарамі электрасувязі, інфармуе БелаПАН.

XS
SM
MD
LG