Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двойчы выкінуў сьмецьце з вакна машыны — рыхтуйся да канфіскацыі


Ва ўладальніка аўтамабіля могуць канфіскаваць ягоную машыну, калі ён двойчы выкіне сьмецьце праз вакно свайго транспартнага сродку.

Такая норма, закладзеная ў законапраект аб зьмяненьнях і дапаўненьнях да Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Адпаведны дакумэнт падрыхтавалі спэцыялісты Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Пра гэта Свабодзе паведаміла прэсавы сакратар міністэрства Тацьцяна Еўдасёва.

Яна адзначыла, што цяпер за выкідваньне сьмецьця з аўто ягонага ўладальніка могуць аштрафаваць усяго на адну-дзьве базавыя велічыні. Міністэрства прапануе пашырыць дыяпазон штрафу ад 10 да 20 велічынь. Калі ж такое парушэньне будзе зафіксавана паўторна, то сума штрафу павялічваецца ад 30 да 100 базавых велічынь. А калі сьмецьце паўторна выкінуць праз вакно машыны, то прадугледжваецца яе канфіскацыя.

Некаторыя аўтаўладальнікі, магчыма, назавуць такія захады „драконаўскімі“. Але ж колькі можна цярпець, бачачы, як некаторыя людзі выкідваюць усялякую дрэнь на хаду з свайго аўто

«Некаторыя аўтаўладальнікі, магчыма, назавуць такія захады „драконаўскімі“. Але ж колькі можна цярпець, бачачы, як некаторыя людзі выкідваюць усялякую дрэнь на хаду з свайго аўто, — гаворыць Тацьцяна Еўдасёва. — Канечне, усе хвалююцца за свае транспартныя сродкі. Але калі людзі выяжджаюць у лес на шашлыкі, то чамусьці многія ня думаюць пра тое, што сьмецьце, якое яны там пакідаюць, наносіць шкоду навакольнаму асяродзьдзю. А колькі можна абыякава глядзець, як кіроўца спыняе машыну на ўзбочыне, адчыняе дзьверы і выкідвае недапалкі, фанцікі ды іншае сьмецьце. І пасьля спакойна едзе далей.

У нас параўнальна зь іншымі краінамі вельмі невялікія штрафы. Мы аналізавалі замежны досьвед і бачым, што там пакараньні, напрыклад, за парушэньне паасобнага збору сьмецьця вельмі высокія. А нашы людзі, як скідвалі сьмецьце ў адзін мех, так і скідваюць. Апошнім часам у Беларусі будуюць шмат сучасных заводаў па перапрацоўцы адкідаў. І там вельмі важна, каб сьмецьце паступала паасобна.

Мы плацім вельмі невялікі падатак за вываз сьмецьця. Можа таму так лёгка да гэтага і ставімся?»

Законапраект прадугледжвае павелічэньне пакараньняў ня толькі за выкідваньне сьмецьця з аўто. Яшчэ адзін артыкул тычыцца забруджваньня прыбярэжных водных палосаў і лесу.

Юрыдычная працэдура выглядае так. Найперш Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя перадае праз Савет Міністраў свае прапановы ў выглядзе законапраекту аб зьмяненьнях і дапаўненьнях да Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях у Палату прадстаўнікоў. Разгляд гэтага дакумэнту плянуецца ў 2015 годзе. Дэпутаты праз галасаваньне альбо прымаюць, альбо адхіляюць законапраект. Першая сэсія Палаты прадстаўнікоў штогод традыцыйна пачынаецца 2 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG