Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя СМІ пішуць пра тое, што расейская эканоміка зайшла ў тупік. Больш за тое, расійскі рубель упершыню мае паказчыкі ніжэй паказчыкаў ўкраінскай грыўны.

Амэрыканская газэта Washington Post піша, што расейская эканоміка асуджаная. За мінулы месяц рубель зьнізіўся на 22 адсоткі ў адносінах да даляра, прычым ён страціў цэлых 11 адсоткаў толькі за панядзелак 15 сьнежня.

Што б ні рабіла Расея сёньня, піша выданьне, яна знаходзіцца ў бязвыхадным становішчы. «Эканоміка Расеі мае патрэбу ў больш нізкіх працэнтных стаўках, каб заахвоціць рост, але мясцовыя кампаніі маюць патрэбу ў высокіх працэнтных стаўках, каб падштурхнуць уверх курс рубля і каб усе тыя даляры, якія яны давалі, ня каштавалі так шмат грошай», — піша газэта.

Наогул, Расея Пуціна, як і СССР раней, зьяўляецца такой жа моцнай, як і цэны на нафту. Гісторыя зноў сябе паўтарае, толькі на гэты раз без марксізму-ленінізму, лічыць выданьне. Пуцін мог дазволіць сабе ўварвацца ў Грузію і Ўкраіну, калі цэны на нафту былі трохзначнымі. Сёньня, калі цана на нафту удвая менш, Расея ня можа дазволіць сабе наогул нічога. «Пуцін можа гуляць у шахматы ў той час, калі Захад гуляе ў шашкі, але толькі ў тым выпадку, калі мы пазычым яму грошы на гульнявую дошку», — заключае выданьне.

Міжнароднае агенцтва навінаў Bloomberg апублікавала дыяграму дня, згодна з якой падзеньне расейскага рубля ўпершыню абагнала падзеньне ўкраінскай грыўны. Рубель зьнізіўся на 49 адсоткаў, а грыўна на 48, піша агенцтва.

«Расея знаходзіцца ў эпіцэнтры шторму. На яе эканоміку ўплываюць заходнія санкцыі і вельмі рэзкі нафтавай шок. Значная частка паслабленьня грыўны ўжо адбылася. Украіна зьяўляецца энэргетычным імпарцёрам, а Расея — экспарцёрам», — тлумачыць Bloomberg.

Між тым, украінскі бізнэсмэн і мэцэнат Віктар Пінчук апублікаваў у брытанскай газэце Financial Times артыкул, у якім гаворыць пра тое, што Ўкраіне патрэбна падтрымка Захаду, але не безадмоўная. «Падтрымка Захаду павінна залежаць ад намаганьняў Украіны пакончыць з карупцыяй і алігархіяй, — піша Пінчук. — Для каго-то можа здацца дзіўным, што чалавек, якога часта называюць алігархам, заклікае пакончыць з алігархіяй. Але алігархія адрозьніваецца ад буйнога бізнэсу».

На думку Пінчука, у другі раз выказаць давер Украіне пасьля Аранжавай рэвалюцыі вельмі шчодра з боку заходніх лідэраў. Ўкраінцам варта памятаць, што другі шанец зьяўляецца апошнім. «Кіраўніцтва краіны зможа перамагчы і пераможа найбольш бязьлітасных карупцыянераў, толькі калі стратэгічны альянс заходніх партнэраў і крытычная маса ўкраінцаў будуць працаваць разам», — піша Пінчук. Бізнэсмэн дадае, што зрабіў шмат памылак, але ў пачатку 2000-х зразумеў, што бізнэс і палітыку нельга аб’ядноўваць. Тады ён пачаў укладваць грошы ў разьвіцьцё і навучаньне ўкраінцаў, каб зрабіць зь іх «рашучую сілу пераменаў».

«Украінскае грамадзтва зьдзівіла сьвет і мяне таксама. Я ня думаў, што яно зможа стаць настолькі моцным настолькі хутка», — піша Пінчук на старонках Financail Times.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG