Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч: Закон будзе распаўсюджвацца на ўсё, што даступнае на нашай тэрыторыі


Дзеяньне закона «Аб СМІ» распаўсюджваецца на ўсе СМІ, даступныя на тэрыторыі Беларусі, сказала ў інтэрвію Эўрарадыё міністар інфармацыі Лілія Ананіч.

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў у двух чытаньнях прынялі папраўкі ў «Закон аб СМІ». Іх прадставіла міністар інфармацыі Лілія Ананіч. Абноўлены закон, па словах міністра, пачне дзейнічаць ужо зь 1 студзеня 2015 году.

«Фактычна, сёньня любы СМІ, што распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі — расейскі, казахстанскі ці ўкраінскі, — не павінен парушаць дзейнае заканадаўства. Таму закон будзе распаўсюджвацца на ўсё, што даступнае на нашай тэрыторыі», — патлумачыла Лілія Ананіч.

Заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер гэтак пракамэнтаваў на сваім партале новую рэдакцыю закону.

«У сувязі з высокай папулярнасьцю ў Беларусі замежных мэдыяў і вядомымі падзеямі вакол суседзяў Беларусі ўстаюць пытаньні інфармацыйнай бясьпекі. Дэпутацкі клопат пра яе цалкам зразумелы, і, як паказвае вопыт суседзяў Беларусі, скідаць яе з рахункаў было б вялікай памылкай.

На жаль, тэкст новай рэдакцыі Закона аб СМІ пакуль недаступны. Аднак, мяркуючы па камэнтарах журналістаў, тых, хто чуў прамову міністра інфармацыі, распрацоўшчыкі закона падышлі да праблемы так, як быццам ня ведалі, што любы замежны сайт даступны любому беларусу нароўні з беларускім. Выдаваць законы, якія рэгулююць толькі Байнэт, — усё роўна што спрабаваць утрымаць кавалак паветра ў ваньне.

Сёньня тэарэтычна любому папулярнаму ў Беларусі замежнаму СМІ з кантэнтам на расейскай або беларускай мовах, любому расейскаму тэлеканалу, „Рускаму радыё“, якое вяшчае як у эфіры, так і праз інтэрнэт, любому папулярнаму ў Беларусі замежнаму СМІ (напрыклад, парталы Mail. Ru ці „Яндэкс “) альбо ў сацыяльных сетках магчыма разьмясьціць у інтэрнэце інфармацыю, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Вельмі цікава, якім чынам Міністэрства інфармацыі скарыстаецца новай рэдакцыяй для рэгуляваньня распаўсюджваньня інфармацыі праз інтэрнэт Рускай службы BBC, CNN, Euronews, навін на Mail. Ru і „Яндэксе“, расейскіх і ўкраінскіх СМІ, а таксама беларускіх СМІ, што месьцяцца за мяжой».

Тэрміновае прыняцьце паправак у «Закон аб СМІ» адразу ў першым і другім чытаньні зьвязана з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў Беларусі ў 2015 годзе. Такую думку Радыё Свабода выказаў намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі папраўкі ў «Закон аб СМІ» адразу ў першым і другім чытаньні. Папраўкі пачнуць дзейнічаць ужо з 1 студзеня 2015 году, але поўнага тэксту гэтага закона яшчэ ніхто ня бачыў — яго дагэтуль няма ні на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, ні на сайце Міністэрства інфармацыі. Журналістам у Палаце прадстаўнікоў не раздалі нават абгрунтаваньне гэтага законапраекту.

Камэнтуючы папраўкі ў «Закон аб СМІ», Андрэй Бастунец перш за ўсё зьвяртае ўвагу на тое, у якіх абставінах прымаўся гэты законапраект.

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

​«Яшчэ напрыканцы кастрычніка профільная камісія Палаты прадстаўнікоў адзначыла ў адказе на запыт ГА «БАЖ», што, на думку камісіі, ніякіх карэкціровак у адпаведныя акты заканадаўства не патрабуецца. Але не прайшло і двух месяцаў, як гэтыя папраўкі ўнесеныя, і грамадзтва пра гэта даведваецца ў самы апошні момант«, — канстатуе ён.

На думку Бастунца, галоўная папраўка — гэта распаўсюджваньне дзеяньня «Закона аб СМІ» на інтэрнэт-выданьні.

Папраўкі не прадугледжваюць дзяржаўнай рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, але Міністэрства інфармацыі цяпер будзе мець паўнамоцтвы сачыць за тым, каб зьмест матэрыялаў адпавядаў дзейнаму заканадаўству. Улады будуць абмяжоўваць доступ да сайтаў, якія на працягу году атрымалі два і больш пісьмовыя папярэджаньні за распаўсюд інфармацыі, якая парушае нормы заканадаўства.

«Хаця пакуль невядома, якіх інтэрнэт-рэсурсаў гэта будзе тычыцца: ці толькі беларускіх, ці таксама замежных. Cамае галоўнае паўнамоцтва, якое атрымлівае Міністэрства інфармацыі, — гэта права пасьля двух папярэджваньняў прыпыняць доступ да гэтых інтэрнэт-СМІ. Але парадак гэтага прыпыненьня будзе распрацаваны пазьней».

Cамае галоўнае паўнамоцтва, якое атрымлівае Міністэрства інфармацыі, — гэта права пасьля двух папярэджваньняў прыпыняць доступ да гэтых інтэрнэт-СМІ
Папраўкі таксама прадугледжваюць абмежаваньні долі замежнага капіталу ў фондзе СМІ — з 30 працэнтаў да 20. Але, на думку Бастунца, гэтая норма хутчэй за ўсё ня будзе распаўсюджвацца на тыя СМІ, якія ўжо працуюць на тэрыторыі Беларусі. Супраць каго ў такім выпадку накіравана гэтая папраўка — не зусім зразумела.

«Калі мы пабачым тэкст закону цалкам, можна будзе зразумець сэнс гэтай папраўкі, але пакуль я яго ня бачу. У нас пакуль абмежаваньне было 30%, цяпер будзе 20% — гэта не такая фатальная норма. Калі ўводзілі папраўку абмежаваньня 30%, дык тыя СМІ, якія былі зарэгістраваныя да прыняцьця закону, змаглі пралабіраваць норму, што гэта абмежаваньне ня тычыцца тых, хто быў зарэгістраваны да прыняцьця закону. Гэта значыць, што ўсе гэтыя каналы РТР, НТВ, друкаваныя выданьні з ўдзелам расейскага капіталу, якія займаюць сур’ёзнае становішча на рынку СМІ, — іх гэтая норма заканадаўства ня тычыцца. І ня думаю, што будзе тычыцца цяпер, пасьля зьмяншэньня гэтых адсоткаў», — адзначае Андрэй Бастунец.


Таксама шмат пытаньняў выклікае норма, якая прадугледжвае ўвядзеньне дзяржаўнага рэестра распаўсюднікаў СМІ. На дадзены момант не зразумела, на каго канкрэтна будзе распаўсюджвацца гэтая норма, адзначае Бастунец.


У цэлым Андрэй Бастунец лічыць, што зьмяненьне «Закона аб СМІ» зьвязана ў першую чаргу з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў наступным годзе.


«Міністар інфармацыі называе сярод прычынаў геапалітычныя зьмены, эканамічныя і тэхналягічныя рэаліі. Магчыма, і так. Але тое, што ўсё гэта робіцца пад выбары, мне здаецца таксама відавочным», — кажа ён.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG