Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луганск сёньня: «Скардзіцца забаронена»


Разбураны мост каля Луганскага аэрапорту
Разбураны мост каля Луганскага аэрапорту

Радыё Свабода пачало новую рубрыку «Лісты з акупаванага Данбасу», аўтарамі якой сталі жыхары захопленых сэпаратыстамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Жыхар Луганску Міхаіл Васільеў піша пра становішча ў горадзе.

Раней Луганск паэтычна называлі «горадам фантанаў і ружаў». Цяпер ён стаў горадам змрочных людзей. Сумных, змрочных, зьнясіленых. Яны вельмі стаміліся — ад амаль татальнага безграшоўя, масавага беспрацоўя, галечы і цяжкасьцяў жыцьця, няспынных праблемаў з электрычнасьцю, вадой, ацяпленьнем, сувязьзю. Але больш за ўсё — ад страты надзеі.

Змрочныя твары паўсюль. На вуліцах, у напаўпустых крамах, установах, на прыкметна парадзелых рынках. Гэта своеасаблівая пячатка зацяжной дзіўнай вайны, «чорная метка» так званага ваеннага сындрому. Усьмешка ў Луганску стала рэдкасьцю. Яна засталася там, дзе застаўся разбураны сьвет. У мінулым, у памяці.

Людзі з змрочнымі тварамі вельмі ашчадна купляюць прадукты. І змрочныя прадавачкі з разуменьнем узважваюць 50 грамаў сыру ці лівэрнай каўбасы, укладваюць у пакеты 2-3 бітыя яйкі, якія карыстаюцца падвышаным попытам (яны таньнейшыя), узважваюць нават адно замарожанае курынае крылца. Але катэгарычна адмаўляюцца браць дробязь. Манэты робяцца прычынай лютых канфліктаў і моцных скандалаў. У краме ў цэнтры Луганску касірка ў гневе распавяла, што ў склепе назапасілася дробязі ўжо на сотні тысяч грыўняў, але здаць яе нікуды немагчыма. Як і старога ўзору 100-грыўневыя купюры з маленькім партрэтам Тараса Шаўчэнкі, якія выдалі некаторым пэнсіянэрам як дапамогу напярэдадні так званых «выбараў у ЛНР». Яны, маўляў, несапраўдныя, «крымскія сьпісаныя», банкі іх не прымаюць. Крамы і прыватныя гандляры, натуральна, таксама.

Пэнсіянэры незадаволеныя, абураюцца, розныя словы кажуць, але паскардзіцца не пагражаюць. Скардзіцца няма куды і няма каму. Толькі дзівяцца — якія банкі? У Луганску ніводзін банк не працуе. Нядаўна зачыніліся апошнія аддзяленьні «Ашчадбанку», ля банкаматаў якога нават холад ня мог разагнаць доўгія чэргі.

Цяпер чэргі стаяць у інтэрнэт-правайдэраў. Пасьля таго, як у канцы лістапада «Трыалян» зусім нечакана і без папярэджаньня спыніў бясплатныя інтэрнэт-паслугі, сотні людзей сталі ў чаргу на падлучэньне. Чэргі вялікія, майстроў і матэрыялаў мала, камунікацыі пашкоджаныя, і экстранае падлучэньне каштуе 150 грыўняў, што можа сабе цяпер дазволіць ня кожны. Так што і інтэрнэт стаў для многіх часова недаступнай раскошай. Зачынілася акно ў сьвет, якое дазваляла глядзець украінскія тэлеканалы — у Луганску цяпер трансьлююць толькі расейскія, крымскія і беларускія. Зачыніліся дзьверы ў сьвет, дзе герояў называюць героямі, тэрарыстаў — тэрарыстамі, наймітаў — наймітамі, а акупантаў — акупантамі, і не падаюць апошніх у ролі анёлаў зь зіхоткім німбам над галавой. Таму ў інтэрнэт-кавярні (8 грыўняў за гадзіну) наведнікаў у гэтыя дні прыкметна дадалося. Хоць аншлягу, шчыра кажучы, і тут не назіраецца.

А вось людзей у цэнтры гораду стала прыкметна менш. Пасьля чатырох гадзінаў дня без асаблівай патрэбы з хаты лепш не выходзіць. Рэдкі мінак сустракаецца ў гэты час. Арганізацыі і ўстановы, якія яшчэ працуюць, неафіцыйна зачыняюцца яшчэ ў першай палове дня. «Начныя» гастраномы, раней адчыненыя кругласутачна — а 5-ай гадзіне вечара. А навошта працаваць — пакупнікоў цяпер няма. Дык іх і ўдзень няшмат. Бліжэй да вечара хадзіць цёмнымі і пустымі вуліцамі страшна. Да таго ж зграі азьвярэлых ад голаду сабакаў літаральна пазапаўнялі двары цэнтру Луганску. Іх прыцягвае цяпло раскапаных цеплатрасаў, якія камунальнікі не пасьпяваюць засыпаць. У горадзе шмат пакусаных. Але адловам бадзяжных сабакаў, зразумела, займацца няма каму.

Не да сабакаў, калі ў горадзе не змаўкае грукат стрэлаў, а ў прадмесьцях гінуць людзі.

Асабліва змрочныя твары ў пэнсіянэраў, якія а шостай раніцы спрабуюць уціснуцца ў бітком набіты людзьмі аўтобус, каб паехаць у Лісічанск або Старабельск па пэнсію. Што чакае іх на блёкпастах пры шматлікіх праверках, у чым яны правініліся, што на старасьці вымушаныя выструньвацца перад маладымі ўзброенымі людзьмі, як палонныя перад пераможцамі? Мой сусед па лесьвічнай пляцоўцы ўжо чатыры разы езьдзіў у Ізюм, але пэнсіі ні разу не атрымаў. Нейкія праблемы з дакумэнтамі. Але ён ужо ні на што ня скардзіцца, проста паныла маўчыць. На ўсе пытаньні махае рукой, адварочваецца і сыходзіць.

Скардзіцца цяпер нельга. Дый наогул шматлікія луганчане апошні час з палкіх гаваруноў ператварыліся ў маўчуноў. Аб надвор’і яшчэ могуць пагаварыць, а аб палітыцы, эканоміцы, аб стане спраў у горадзе — ні-ні. Нават з даўнімі знаёмымі, былымі калегамі. Хто ведае? Слова ж не верабей. 37-ы год зь яго «чорнымі варанкамі» цяпер успамінаюць многія. Цені, як кажуць, прыходзяць апоўначы.

Жывы прыклад з жыцьця нашага кварталу. Пасьля затапленьня кватэры гаспадар пачаў рамонт падлогі. Будаўнікі, на думку суседкі, моцна шумелі і перашкаджалі ёй, хоць працавалі днём і акуратна. Яна зьвярнулася да знаёмага, блізкага да пэўных колаў. Імгненна прыехалі нейкія людзі са зброяй у камуфляжы, у будаўнікоў канфіскавалі ўсе электраінструмэнты, а самога гаспадара кватэры як парушальніка спакою павезьлі з сабой, «на праверку» ў турму (так называюць падвалы, прыстасаваныя для ўтрыманьня затрыманых луганчан, дзе адно вядро на 15-20 чалавек, якое кругласутачна не выносяць). Толькі празь дзесяць дзён праўдамі і няпраўдамі, дамоўленасьцямі і яшчэ нечым жонка цудам здолела вызваліць яго зь няволі. Схуднелы, пастарэлы, ён стаў зусім іншым чалавекам. Хіба да размоваў цяпер яму і ёй?

А колькі людзей зьнікае ў горадзе наогул бясьсьледна.

Так, Луганск узору «ЛНР» стаў горадам змрочных людзей. Мой знаёмы, які яшчэ летам пераехаў у Кіеў, распавёў, як на вуліцах сталіцы беспамылкова пазнае нядаўніх уцекачоў з Луганску і Данецку менавіта па асаблівым выразе твару, па выразнай пячатцы своеасаблівага ваеннага сындрому.

Колькі часу пад мірным небам павінна прайсьці, каб сьцерлася гэтая пячатка?

І ці сатрэцца яна бясьсьледна?

Міхаіл Васільеў, горад Луганск

Тэксты ў рубрыцы «Лісты з акупаванага Данбасу» публікуюцца з захаваньнем асаблівасьцяў аўтарскага стылю і могуць не адлюстроўваць пункт гледжаньня Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG