Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У кансуляце РБ адной з эўрапейскіх краін на Цюцюкевіча паглядзелі са зьдзіўленьнем і недаверам. Назад на ПМЖ у Беларусь?..

Прыгадалася фраза Сталкера з аднайменнага фільму – «Тут не вяртаюцца», а таксама іранічная заўвага сябра: «На такое можа пайсьці толькі лазутчык».

Хоць, здавалася б, якое тут дзіва, што грамадзянін РБ Цюцюкевіч, які шмат гадоў працаваў за мяжой, вырашыў вярнуцца на Радзіму?

Калі стала ясна, што зьдзіўленьню консульскіх ня будзе канца, просьбіту растлумачылі, што ён павінен уключыць прапелер і падрыхтавацца да засільля «чалавечага фактару» на мытнях, межах і ў пашпартных сталах: за месяц вырабіць у Беларусі новы пашпарт, а пры тым папрасіць, каб часова не адбіралі стары, каб можна было вярнуцца і за адзін раз у той жа месяц перавезьці ўсе свае рэчы, якія хоць і старыя, але пры тым будуць разглядацца як тавар, а таму за іх трэба плаціць размытнёўку… Ільготы? Не, не прадугледжана.

Адгаварылі, карацей.

А столькі было летуценных мрояў! Гэта ж калі б усе тыя дзясяткі і сотні тысяч беларусаў, самых актыўных і таленавітых, вярнуліся з замежжаў дадому, стала б і ў нас жыцьцё, як у Лёнданах-Парыжах, а то й лепей.

Яны б можа і вярнуліся, але дакладна ня ў гэтыя часы.

Успомніў Цюцюкевіч мудрую показку пра тое, што пасьля сьмерці беларус трапляе або ў рай, альбо назад у Беларусь, ды махнуў рукой: ну хоць так.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG