Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павал будзе прасіць РПЦ пра самакіраваньне для беларускай царквы


Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі

Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал, патрыяршы экзарх усяе Беларусі

За большую самастойнасьць і наданьне статусу самакіроўнай царквы для БПЦ кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павал выказаўся падчас сходу Эпархіі менскай Мітраполіі.

Пытаньне мае быць зацьверджанае Сынодам БПЦ, а пазьней вынесенае на разгляд кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы. Гэтая прапанова была падтрыманая ўдзельнікамі сходу і ўвайшла ў выніковы дакумэнт паседжаньня. Як паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы а. Сяргей Лепін, цяпер адпаведнае паведамленьне рыхтуецца да публікацыі на афіцыйным сайце БПЦ.

Глядзіце, у Эстоніі два біскупы — самакіраваная царква, у Латвіі два біскупы — самакіраваная, у Малдове пяць біскупаў — самакіраваная, у нас 16 біскупаў — мы не самакіраваная...

«Глядзіце, у Эстоніі два біскупы — самакіраваная царква, у Латвіі два біскупы — самакіраваная, у Малдове пяць біскупаў — самакіраваная, у нас 16 біскупаў — мы не самакіраваная... Дзесьці нават крыўдна становіцца... Так што я буду, напэўна, уздымаць гэта пытаньне... Нават ня ведаю, якая будзе рэакцыя і рашэньне, але паколькі мы... (Аплядысмэнты.) Дзякуй за падтрымку... Дваццаць гадоў таму мяне гэта ня вельмі кранала; сёньня мяне гэта кранае, таму што тут ужо гонар Беларускай праваслаўнай царквы (Зноў аплядысмэнты). Сёньня Руская праваслаўная царква, якая знаходзіцца тэрытарыяльна ў межах Расейскай Фэдэрацыі, гэта, самі разумееце, магутная царква, Украінская праваслаўная царква — таксама магутная царква, а трэцяя-то ідзе — Беларуская! Таму, вядома, калі з вашага боку будзе падтрымка, будзем уздымаць гэтае пытаньне. Калі з вашага боку будуць накіраваныя яшчэ й пажаданьні і лісты — тады будзем абмяркоўваць, тады будзем выносіць гэтае пытаньне на рашэньне Сынода. Я прыхільнік таго, каб Беларуская праваслаўная царква была магутнай, моцнай, але, як вы самі разумееце, тут ніхто з нас не зьбіраецца выходзіць з-пад амафора Рускай праваслаўнай царквы, ні ў якім разе... У нас быў патрыярх, ёсьць патрыярх, таму давайце жыць ў тых умовах, выконваючы дух і традыцыі нашай царквы... Але некаторыя моманты будзем усё роўна прасоўваць... », — цытуе мітрапаліта Паўла сайт «Царква».

Прэсавы сакратар і сьвятары Беларускай праваслаўнай царквы адмаўляюцца камэнтаваць прапанову мітрапаліта Паўла, але адмыслоўцы заяўляюць, што заява мітрапаліта не абавязкова будзе ўвасобленая ў рэальнасьць. Размовы ж вакол большай самастойнасьці БПЦ могуць быць вынікам палітычных складнікаў у кіраўніцтве як Рускай праваслаўнай царквы, так і палітычнага кіраўніцтва Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG