Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыя пра канцэрт канцэрце «Океана Ельзи»: Сьцягі забіралі, каб «пазьбегнуць магчымай агрэсіі»


Упраўленьне ўнутраных спраў Цэнтральнага раёну Менска даслала адказ на скаргу каардынатара аргкамітэту ў стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Менску Вольгі Кавальковай на тое, што на канцэрце ўкраінскага гурту «Океана Ельзи» быў забаронены пранос украінскіх сьцягоў. У прыватнасьці, паведамляецца, што супрацоўнікі міліцыі «заканадаўства не парушылі і сьцягі забіралі дзеля пазьбяганьня магчымай агрэсіі і канфліктных сытуацый».

Аўтары звароту прасілі патлумачыць, на якой заканадаўчай падставе быў забаронены пранос афіцыйнага сьцяга Ўкраіны на канцэрт «Океана Ельзи». На падставе прыкладзенага відэа заяўнікі патрабавалі правесьці праверку па фактах зьдзяйсьненьня супрацоўнікамі ў цывільным незаконных дзеяньняў і прыняць меры пракурорскага рэагавання.

«У сваім адказе УУС прызнала, што на канцэрце дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным і іх дзеяньні прызнаныя законнымі, але ніякай спасылкі на заканадаўчыя акты Беларусі, на падставе якіх яны дзейнічалі „законна“, у адказе не прыводзіцца, — падкрэсьлівае Вольга Кавалькова. — Згодна з артыкулам 18 Закона РБ „Аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў“, пісьмовыя адказы павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасьці — са спасылкамі на нормы заканадаўства), зьмяшчаць канкрэтныя фармулёўкі і фармулёўкі, якія аспрэчваюць ці пацьвярджаюць аргумэнты заяўнікаў. Адказ з УУС не ўтрымлівае гэтых патрабаванняў. У сваім камэнтары наконт украінскіх сьцягоў міністр унутраных спраў Шуневіч таксама не спасылаўся на заканадаўства Беларусі».

«Для мяне, як чалавека з юрыдычнай адукацыяй, такія адказы кажуць аб некампетэнтнасьці людзей, якія знаходзяцца на высокіх пасадах і ў першую чаргу павінны дзейнічаць паводле закона. У выпадку, які мы абскарджваем, відавочна перавышэньне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікаў міліцыі, якія парушылі закон, калі беспадстаўна не дазволілі праносіць сьцягі і адмовіліся назваць свае прозвішчы і пасады», — лічыць Вольга Кавалькова.

Іншы зварот у пракуратуру Цэнтральнага раёну быў з патрабаваннем выявіць асобаў, якія перашкаджалі праходу на канцэрт, а ў выпадку, калі яны апынуцца супрацоўнікамі міліцыі, накіраваць зварот у ГУУС Менгарвыканкаму для правядзеньня службовай праверкі.

«Улічваючы адказ УУС аб тым, што на канцэрце дзейнічалі супрацоўнікі міліцыі, мы будзем зьвяртацца з гэтымі адказамі ў ГУУС Менгарвыканкама і чакаць службовай праверкі», — пракамэнтавала атрыманыя адказы кіраўніца аргкамітэту БХД па Менску.

КОПІЯ ЛІСТА:

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG