Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьнежнае. Галодныя сьмерці і выпадкі самагубства


Прарасейскія ваеўнікі каля Сьнежнага прыйшлі на магілы сваіх паплечнікаў, лістапад 2014

Прарасейскія ваеўнікі каля Сьнежнага прыйшлі на магілы сваіх паплечнікаў, лістапад 2014

Радыё Свабода пачало новую рубрыку «Лісты з акупаванага Данбасу», аўтарамі якой сталі жыхары захопленых сэпаратыстамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Жыхарка Сьнежнага Надзея Надзеждзіна піша пра становішча пэнсіянэраў у горадзе.

У тэлефонных званках адно аднаму знаёмыя стараюцца не адказваць на пастаўленыя пытаньні: адчуваецца пастаянны страх людзей перад новай уладай, і жыцьцё ў горадзе даволі-такі нялёгкае.

Нават пры ўкраінскай уладзе гэты горад быў дэпрэсіўны і ледзь трымаўся на дзяржаўнай датацыі. З пасьпяховых дзейных прадпрыемстваў былі толькі Сьнежненскі машынабудаўнічы завод, філіял запароскага заводу «Матор-Січ» і шахта «Зара». Асноўную частку дарослага насельніцтва складалі пэнсіянэры. Так здарылася, што менавіта яны і сталі асноўнай сацыяльнай базай сэпаратызму. У асноўным заробак бюджэтнікам выдаваўся ў доўг, гэта значыць, выканкам браў кароткатэрміновыя крэдыты ў банках. Пасьля ўваходжаньня ў горад расейскіх войскаў у пачатку чэрвеня і блякаваньне працы казначэйства паводле асабістага распараджэньня Яцанюка жыхары гораду былі асуджаныя на галодны выміраньне. У Сьнежным гэта адбылося значна раней, чым у іншых гарадах Данецкай вобласьці.

У верасьні, калі наступіла перамір’е, пэнсіянэры масава паехалі на тэрыторыю пад ўкраінскім кантролем пераафармляць пэнсіі. Аднак зь сярэдзіны лістапада ўрад увёў поўную фінансавую і эканамічную блякаду тэрыторый, якія знаходзяцца ў зоне АТА. Была спыненая выплата пэнсій і іншых сацыяльных выплат тым, хто не атрымаў статусу перасяленца. Такім чынам блякада усіх тэрміналаў у супэрмаркетах, закрыцьцё «Ашчадбанка» прывялі да вялікай дэпрэсіі сярод тых жа пэнсіянэраў. Пачасьціліся выпадкі самагубстваў і сьмерцяў ад голаду. У крамах і на рынку дастаткова прадуктаў, але іх нельга купіць з-за адсутнасьці грошай.

Што цяпер? На працягу двух апошніх тыдняў у горадзе назіраецца павелічэньне незадаволенасьці сярод пажылых людзей і шахцёраў.

Незадаволенасьць накіравана як супраць новай улады «ДНР», так і супраць ураду Яцанюка. Шмат водгукаў незадаволенасьці на тое, што ня быў прапушчаны аўтобус з шахцёрамі, якія ехалі ў бок Запарожжа, у зону кантраляваную ўкраінскім войскам, для зьняцьця з банкаўскіх рахункаў заработнай платы, якая была пералічаная месяц таму. Затрыманыя яны былі на ўкраінскім блёкпосьце.

Многа размоваў ідзе пра «вяртаньне» на ўкраінскай блёкпастах грузавікоў з закупленымі прадуктамі. Прыводзяцца і факты такога затрыманьня. Прадпрымальнік К. закупіў ў Днепрапятроўску на 40 000 грыўняў прадукцыю для ўласнай крамы, яго затрымалі ды прымусілі ехаць і здаваць на аптовай базе.

Шмат нараканьняў у адрас ўкраінскай улады. У размовах пэнсіянэраў гучаць скаргі на вялізныя чэргі пры рэгістрацыі на тэрыторыі, кантраляванай Украінай, і на хабары пры афармленьні па-за чаргой. У Харкаве, напрыклад, пэнсіянэр М. чакаў два тыдні ў чарзе і вымушаны быў «вырашаць пытаньні» праз знаёмых.

Ідуць размовы аб сотні загінулых з прычыны голаду і аб дзясятку памерлых з прычыны суіцыду. Канкрэтных прозьвішчаў не называюць. У асяродзьдзі мэдработнікаў два тыдні таму казалі пра 54 памерлых і пяць самагубцаў. [Заўвага: Радыё Свабода не мае пацьверджаньняў такой інфармацыі зь іншых крыніц.]

Перад памяшканьнем былога «Прыватбанку» вялізныя чэргі пэнсіянэраў па грашовую дапамогу ад «ДНР». Схема такая: бярэш талён на дапамогу ў аддзеле сацзабесьпячэньня і на гэты талён атрымліваеш грошы. Зьвесткі аб колькасьці абслужаных за дзень адсутнічаюць. Стыхійныя чэргі ўзьнікаюць і ў раёнах гораду каля аддзяленьняў «Ашчадбанку» і «Укрпочты», у выніку чутак аб выдачы там грошай.

Шмат размоў выклікае пастаянная кананада паблізу гораду. Паніка ўзьнікае з прычыны маўчаньня прадстаўнікоў «ДНР» аб прычынах тых стрэлаў і таго, хто менавіта вядзе стральбу. Шмат размоў пра перамяшчэньні праз горад калёнаў бронетэхнікі з Расеі. У асноўным жа людзі баяцца выказваць свае погляды адкрыта.

Сярод мэдыкаў ёсьць вялікая незадаволенасьць тым, што настаўнікам і культработнікам выдалі грошы, а ім не дасталося. Да гэтага часу ня выплачана сацыяльным работнікам ані капейкі. Аднак большасьць пэнсіянэраў усё яшчэ спадзяецца на расейскія пэнсіі і ўваходжаньне «ДНР» у склад Расейскай Фэдэрацыі, і маральна падтрымлівае ўладу «ДНР»...

Надзея Надзеждзіна, сацыёляг, горад Сьнежнае


Тэксты ў рубрыцы «Лісты з акупаванага Данбасу» публікуюцца з захаваньнем асаблівасьцяў аўтарскага стылю і могуць не адлюстроўваць пункт гледжаньня Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG