Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асобы 2014 году — Статкевіч, Жызьнеўскі, заўзятар. Словы году — вайна, Крымнаш, reality check


Хто ён — чалавек 2014 году? Што можна назваць падзеяй, паразай, спрэчкай году? Якім быў 2014-ы для Беларусі —годам 20-годзьдзя кіраваньня Лукашэнкі, вышыванкі, менскіх перамоваў па Данбасу, гарачых спрэчак у сацыяльных сетках ці нечага іншага? Нефармальныя вынікі 2014-га ў «Бяз гальштукаў» з Ганнай Соўсь абмяркоўваюць Ян Максімюк, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Ганна Соўсь: Ян, Юра, Віталь, якія вашы прэтэндэнты на чалавека году ў Беларусі? Канкрэтныя ці абагульненыя? Чалавек у вышыванцы, беларус на Майдане ці заўзятар, які падтрымлівае беларускую каманду пад любым сьцягам, Лукашэнка, які 20 гадоў балянсуе паміж Захадам і Ўсходам, ці палітвязень былы і дзейны?

Віталь Цыганкоў: На маю думку, асоба году — гэта Мікола Статкевіч. Гэта чалавек, на якім было завязана шмат тэндэнцый, падзеяў і зьяваў гэтага году. Гэта фактычна апошні з самых прыкметных палітвязьняў, былы кандыдат у прэзыдэнты. Гэта чалавек, вакол якога круціліся адносіны Беларусі з Захадам — чаму Аляксандар Лукашэнка ня можа вызваліць апошняга найбольш вядомага палітычнага вязьня. Гэта чалавек, які праяўляў сябе і раней, і сёлета, асабліва з самага высокага боку, самага высокага паказьніка, які стаў пэўным сымбалем. Гэта чалавек, якога цяпер некаторыя палітычныя сілы прапануюць вылучыць у якасьці адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Гэта чалавек, вакол якога круціліся многія палітычныя дыскусіі. Для мяне Мікола Статкевіч — чалавек году.

Ян Максімюк: Я таксама назваў бы канкрэтнага чалавека, які таксама можа быць сымбалем справы. Я б назваў Міхаіла Жызьнеўскага, беларуса, які загінуў на Майдане і такім чынам стаў сымбалем змаганьня за нашу і вашу свабоду.

Юры Дракахруст: У мяне хутчэй сымбаль. Гэта беларускі заўзятар, які заўзее за сваю краіну пад чырвона-зялёным ці пад бел-чырвона-белым сьцягам. Тое, што мы бачылі падчас чэмпіянату сьвету па хакеі ў Менску, мне здаецца, рэдка было ў найноўшай гісторыі, гэта дэманстрацыя нацыянальнага адзінства, якое ахоплівае такія колы грамадзтва, якога не было падчас ніводнай палітычныя акцыі.

Соўсь: Калегі, як на маё ўражаньне, то гэты год вылучыўся вялізарнай колькасьцю спрэчак і скандалаў у сацыяльных сетках з самых розных нагодаў. Падчас чэмпіянату сьвету па хакеі, з-за курсаў беларускай мовы, вакол падзеяў ва Ўкраіне, былі пэрсанальныя спрэчкі, якія перарасталі ў публічныя. Якая спрэчка, на вашую думку, стала адметнасьцю 2014-га, яго характарыстыкай?

беларускамоўныя, якія былі раней неяк зьяднаныя ў адной суполцы і былі дастаткова падобнымі ў сваіх поглядах, могуць быць вельмі рознымі

Цыганкоў: Узровень дыскусіяў сёлета ўзьняўся і па маштабах, і па колькасьці людзей, якія ў іх удзельнічаюць. Але я б не сказаў, што гэта нэгатыўная зьява. Мне падаецца, што ў пераважнай большасьці гэтыя дыскусіі праходзяць дастаткова карэктна, у спакойнай манеры. І перавага сацыяльных сетак як раз у тым, што яны дазваляюць хутчэй рэагаваць, чым любыя СМІ. Любая дыскусія ў Фэйсбуку адбываецца раней, і потым ужо выліваецца ў традыцыйныя СМІ, на сайты і гэтак далей. Калі выбіраць, то я б выбраў дыскусію вакол «Мовы ці кавы» Каці Кібальчыч, і не таму, што я ў ёй актыўна браў удзел, «піярыўся», як зараз некаторыя абвінавачваюць актыўных удзельнікаў такіх спрэчак, а таму што яна ставіць вялікія, я б нават сказаў, філязофскія і стратэгічныя пытаньні. Ці могуць людзі, якія прынцыпова разыходзяцца па нейкіх кардынальных палітычных праблемах, быць зьяднанымі ў нейкай агульнай справе, нават ў моўнай справе? Наколькі палітызаваная на сёньня моўнае пытаньне? Ці зьяўляецца мова нейкім маркэрам таго, што думае чалавек, якія ён мае погляды? Ці мова гэта проста мова, якой людзі выказваюць свае думкі незалежна ад таго, якія думкі, і яны ад мовы не залежаць. Але можна сказаць, што дыскусія вакол «Мовы ці кавы», вакол моўных курсаў узьняла гэтыя тэмы, некаторыя зь іх узьняла ў новым аспэкце. Напрыклад, людзі адзначылі для сябе, што беларускамоўныя, якія былі раней неяк зьяднаныя ў адной суполцы і былі дастаткова падобнымі ў сваіх поглядах, могуць быць вельмі рознымі. Могуць быць і беларускія ватнікі, як іх зараз называюць, і змагары беларускамоўныя, і людзі апалітычныя, і людзі блізкія да праварадыкальных поглядаў, і да анархісцкіх поглядаў, і да лібэральных поглядаў. І ўсё гэта ў дыскусіі людзі адкрылі для сябе сёлета.

Соўсь: Віталь кажа, што ўзровень дыскусій узьняўся. Некаторыя лічаць, што наадварот зьнізіўся. Многія называлі гэтыя фэйсбучныя баталіі «бульбасрачам». Юры, якая вашая спрэчка году?

Дракахруст: Думаю, што дыскусіі такія ж, як і раней. Я б сказаў, што яны сталі больш жорсткімі, больш злымі, прынамсі па адным пытаньні, якое, на мой погляд, было самым важным, вострым сёлета. Дыскусіі па ім пачаліся з пачатку году і не сьціхаюць дагэтуль, дыскусіі, які разводзілі блізкіх сяброў і ледзь ня сем’і. Гэта Ўкраіна. Вастрыню гэтай праблеме, магчыма, надавала і тое, што гэтая дыскусія ня столькі пра Ўкраіну, колькі пра Беларусь. Гаворачы пра Ўкраіну, людзі гаварылі пра лёс і выбар Беларусі. І ўвогуле, я бы сказаў, што ва ўсіх адчуваньні, што ўвесь гэты год прайшоў пад знакам Украіны. Галоўная падзея — гэта Ўкраіна.

Максімюк: Большасьць спрэчак была пра Ўкраіну. Я ў гэтыя спрэчкі не ўвязваўся. Я ўвязаўся ў спрэчку пра мову, пра тое, што значыць расейская мова для беларусаў і ўкраінцаў. Пагаджаюся з Віталём, што для беларускага асяродзьдзя найважнейшая была спрэчка пра тое, ці чалавек, які падтрымлівае беларускую мову, ці можа ён мець іншыя перакананьні, чым я, які таксама падтрымлівае беларускую мову. Калі гэтае пытаньне зьвесьці да зусім элемэнтарнага ўзроўню, то яно стаіць такім чынам. Ці людзі, якія выходзяць з пратэстам на плошчу і гавораць па-беларуску, ці хочуць яны, каб тыя спэцназаўцы, якія іх б’юць, гаварылі па-беларуску? Ці ёсьць мяжа, якая аддзяляе беларускамоўных ад расейскамоўных, і якой нельга перайсьці. Калі вы мяне запытаеце, дык я б хацеў, каб і спэцназаўцы гаварылі па-беларуску, і да іх поглядаў я б не чапляўся, якую б палітычную сілу яны не падтрымлівалі.

Соўсь: Што б вы назвалі падзеяй году? Я паглядзела праз гугл-аналітыкс найбольш чытаныя матэрыялы году на Свабодзе. Абсалютнымі лідэрам сталі матэрыялы пра падзеі ва Ўкраіне, з беларускіх у топах за год — матэрыялы пра гібель Міхаіла Жызьнеўскага ў Кіеве, «Пярэпалах у Беразіне праз выклік Лукашэнкі на Ice Bucket Challenge», сьмерць Рыгора Барадуліна і Валерыі Навадворскай, Макарэвіч у Менску, менскі саміт, дзень вышыванкі, дыскусіі пра георгіеўскія стужкі ў Менску. З вашага, экспэртнага пункту гледжаньня, ці была ў Беларусі падзея, якая можа прэтэндаваць на падзею году?

Цыганкоў: Сапраўды падзеі вакол Украіны. Я б так сфармуляваў — украінска-расейская вайна стала падзеяй году. Гэта самая важная падзея ў рэгіёне пасьля 1991 году. У сьвеце гэта самая важная падзея пасьля 11 верасьня 2001 году, паколькі ўпершыню з 1945 году ў Эўропе адбылася анэксія тэрыторыі адной краіны іншай краінай. Адбылася фактычна непрыхаваная ваенная апэрацыя, ваенныя дзеяньні адной краіны супраць іншай, і гэта пры ўсіх паралелях, якія праводзяцца пра Косава, гэта ўнікальная падзея, унікальная гістарычная сытуацыя, якой мы ня мелі з 1945 году. Адбыўся канчатковы злом усіх пагадненьняў — Ялцінскіх, Хэльсынскіх, у якіх жыла сучасная Эўропа. І таму мы прысутнічаем пра падзеі гістарычнай важнасьці на дзесяцігодзьдзі. І яе наступствы, а менавіта пагаршэньне адносінаў Расеі з Захадам, а фактычна новая халодная вайна Расеі з Захадам, дзеяньні Захаду супраць Расеі, будуць вызначаць палітыку ў нашым рэгіёне на бліжэйшыя гады, як мінімум, калі не на дзесяцігодзьдзі.

Дракахруст: Я б вылучыў дзьве падзеі. Першая — менскі саміт з удзелам прэзыдэнтаў Украіны і Расеі і менскія перамовы, якія ўжо зараз увайшлі ў міжнародны лексыкон. Як бы то ні было, існуюць розныя ацэнкі афіцыйнага Менску ў гэтым канфлікце, але тое, што атрымалася зьвесьці варагуючыя бакі за сталом перамоваў менавіта ў Менску, я лічу важнай і станоўчай падзеяй. Беларусь стала пляцоўкай не вайны, а хай хісткага, хай няпэўнага міру. І другая падзея, якую я бы вылучыў за ідэю, але пакуль, можа быць, не за выкананьне. Гэта праект «Вышыванкі». Тут мяне прываблівае ідэя — знайсьці сымбаль, які аб’ядноўвае беларусаў па-за палітычнымі і культурнымі разьмежаваньнямі. У нас ёсьць такі сымбаль. Але я пакуль не ўпэўнены, што гэта атрымалася так, як ва Ўкраіне. Я баюся, што гэта, як і заўжды зьвядзецца да сымбалю пэўнага кола, колка, хай і вялікага, якое налічвае дзясяткі тысяч чалавек, але не агульнанацыянальнага. Але саму па сабе ідэю, жаданьне выйсьці за межы свайго кола, колка, можна толькі вітаць.

Соўсь: Адметна, што паводле статыстыкі матэрыялы пра вышыванку вельмі папулярныя і маюць прыкладна столкі ж праглядаў, як і матэрыялы пра георгіеўскую стужку ў Беларусі сёлета увесну.

Максімюк: Калі лякалізаваць вайну ва Ўкраіне да Беларусі, то найвялікшай падзеяй як раз і былі перамовы ў Беларусі наконт Усходняй Украіны. Беларусь пасьля амаль што 20 гадоў ізаляцыі вярнулася ў вялікую палітыку і эўрапейскі кантэкст. Юра мае рацыю, кажучы, што тэрмін «менскія пагадненьні» ўвайшоў у палітычны лексыкон сьвету, нават не Эўропы. Калі пагадзіцца з Віталём, што гэта найважнейшая падзея гэтага стагодзьдзя, то Беларусь у гэтым канфлікце адыграла выключна станоўчую ролю. Але ў цяні гэтай вялікай падзеі была меншая падзея — падпісаньне пагадненьня аб Эўразійскім эканамічным саюзе.

Соўсь: Ян, а ці вы аднесьлі бы гэтае падпісаньне да паразы?

Максімюк: Гэта было чакана. Гэта не была параза, гэта было нешта вымушанае. Вядома было, што Беларусь у гэтым кірунку ідзе, і ўсё адцягвалася і адцягвалася. Нарэшце падпісалі сёлета. Гэта важная падзея, якая ставіць дадатковую мяжу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам.

Соўсь: Юры, Віталь, а што б вы назвалі паразай году?

Я б назваў паразай разьмяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі

Дракахруст: Я б назваў паразай разьмяшчэньне расейскіх войскаў у Беларусі. Таму што Эўразійскі саюз у сьвятле перамоваў, якія вакол яго вяліся, рэч не надта добрая, але, на мой погляд, не надта істотная. Калі падпісваліся пагадненьні аб Саюзе Беларусі і Расеі, саюзнай дзяржаве, таксама ўсе казалі, што Беларусь — ужо Расея. Беларусь не стала Расеяй тады, ня стане Расеяй і зараз. Цяперашнія канфлікты, якія пры канцы году суправаджаюць гэтае сьвята інтэграцыі, паказваюць, што гэта форма. Беларусь застаецца ў сфэры геапалітычнага ўплыву Расеі, але яна і раней была там, і гэтая паперка мала што мяняе. А вось войскі, як кажуць, рыбка задам не плыве. Войскі прыходзяць і яны ня так хутка сыходзяць. Гэта ўсё ж новая рэчаіснасьць. Калі раней былі ваенныя аб’екты, радыёлякацыйная станцыя, то тут ужо баявыя часткі, якія могуць ваяваць. І паводле іх геаграфічнага разьмяшчэньня, зразумела зь кім. Гэта базавая зьмена, якая адбылася сёлета.

ніколі за 20 гадоў існаваньня рэжыму Лукашэнкі апазыцыя, як форма, як вялікая частка грамадзтва, не была ў такай ступні дэзарганізаванай, слабай і разгубленай

Цыганкоў: Мне падаецца паразай году тэндэнцыя, якая працягвалася з ранейшых гадоў, але ў найвышэйшай ступні дасягнула вышыні менавіта сёлета — гэта стан беларускай апазыцыі. Бадай ніколі за 20 гадоў існаваньня палітычнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі беларуская апазыцыя, як форма, як вялікая частка грамадзтва, не была ў такай ступні дэзарганізаванай, слабай і разгубленай. Не было ў такой ступені мінімальнай падтрымкі ў грамадзтва ў апазыцыі. І сымбалем усіх гэтых працэсаў стала тое, што на канец году, за 8-10 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбараў апазыцыя ня толькі ня мае адзінага кандыдата, а нават ня мае ніякай еднасьці наконт працэдуры, якой можна яго выбіраць. І за тыя ж 8-10 месяцаў да прэзыдэнцкіх выбраў яна гатовая да іх у той жа самай ступені, як гатовая была два ці тры гады таму. А значыць ніяк.

Соўсь: Мінулы год мы ў гэтай студыі называлі словы, якія характарызуюць 2013 год. Вы, Віталь, назвалі Майдан, як запасны варыянт — мова. Вы, Ян, тэатар, бо гэта быў год, калі на Падляшшы ўзьнік прафэсійны беларускі тэатар, Сяргей Навумчык назваў слова сьцяг. Давайце цяпер паспрабуем ахарактарызаваць 2014 год адным словам.

Цыганкоў: На жаль, не самае прыемнае, але самае важнае слова гэтага году — вайна. Яна адбывалася каля нашых, беларускіх межаў, яна не была ў Беларусі, але яе рэаліі, яе токі і карма, а таксама прывід і страхі гэтай вайны панавалі над розумам беларусаў у гэтым годзе і над беларускай палітыкай.

Дракахруст: Крымнаш. Гэтае слова было самым папулярным у рунэце сёлета, а для мяне гэта слава — знак ня толькі арганізацыйнага і тэрытарыяльнага, але і інтэлектуальнага канцэптуальна выкліку «рускага сьвету», які кінуты Беларусі, прычым Беларусі ўсёй, ня толькі апазыцыі і незалежнаму грамадзтву, кінуты і Лукашэнку, і бамжа, і прафэсару. Гэта той выклік, на які Беларусь павінна знайсьці адказ.

Максімюк: Reality check. Гэта можна перакласьці як працьверазеньне. Я думаю, што гэта характарызуе стан грамадзкай сьвядомасьці ў Беларусі пасьля вайны Расеі з Украінай. Гэта выклікала шок сярод беларусаў. Тое, што рэальнасьць паставіла перад намі, большае за нашы ўяўленьні і фантазіі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG