Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-5 месцаў, дзе можна згуляць вясельле па-беларуску


Кавярні і рэстарацыі
Кавярні і рэстарацыі

Рэстаранныя вясельлі — не адзінае выйсьце для тых, хто жадае ўзяць шлюб, шануючы традыцыю і сваю культуру. Тым больш, як кажуць героі, строі не пасуюць «да сталовак і пафасных рэстаранаў». Як трэба, як можна і як бывае найчасьцей, расказваюць маладыя сем’і.

1. Дзедаўская хата/уласнае лецішча — аўтэнтычна, але на практыцы складана

Вясельле даўней адбывалася ў бацькоўскай хаце, нават калі маладыя жылі ў горадзе. Бо гэта пераход маладой і маладога са стану дзяцей у стан дарослых людзей, які магчымы толькі пры пэўных дзеяньнях. Менавіта таму сёньня гарадзкім маладым бацькі даюць цалаваць абраз, водзяць вакол стала і г. д.

«Я думаю, у дзедаўскай хаце мараць зрабіць многія, але ў рэальнасьці гэта складана, бо не ва ўсіх ёсьць такія дамы, ня ўсе яны маюць пад’езды, дарогі і практычную зручнасьць», — расказвае Наста Кухарэнка, якая нядаўна сьвяткавала традыцыйнае вясельле.

Але калі такая магчымасьць усё ж ёсьць — скарыстайцеся ёю.

Музыка: у Падзьвіньні папулярны калектыў «Варган», у Менску — Guda. Варта пашукаць па сваім рэгіёне, пашчасьціць — паклікаць бабулек.

Атмасфэра, аздоба: вышываныя ручнікі, калосьсе зь зернем і ўпрыгожваньні са збожжа, кветкі (па сэзоне), вянкі, даматканыя абрусы, сурвэткі, посьцілкі.

Кнігі: Никольский, Н. М. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Минск: Издательство академии наук БССР, 1956.

Лепш — пракансультавацца ў Студэнцкім этнаграфічным таварыстве (Наста Кухарэнка +375 25 9059589)

2. Аграсядзіба — прыгожа, зручна і для тых, у каго няма прыдатнай хаты ў вёсцы

Аграсядзіба
Аграсядзіба

«Мы не рэстаран і не кавярня пад Менскам, мы — лепш!» — так рэклямуюць сядзібу «Марцінова гусь», куды Ганна Сілівончык, сябра Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, разам з мужам паехала адзначаць вясельле.

Мы не рэстаран і не кавярня пад Менскам, мы — лепш!» — так рэклямуюць сядзібу «Марцінова гусь».

Неба і поле, лес і возера, «заля вялікая, ёсьць дзе пераночыць, самі гатуюць ежу. Але „Марцінову гусь“ выбіралі, акрамя ўсяго, таму, што для мужа гэта — мясьціна дзяцінства», — расказвае Ганна.

Стравы: Ёсьць калдуны па-тышкевіцку, карп, фаршыраваны грэчневай кашай, зразы. Самі прывозілі хатні хлеб (з Жорнаў), сыр і мёд (з ЭкаЕжы); каравай быў самапечаны.

Банкет тут абыдзецца 20-25 даляраў на чалавека. Паводле Алеся Белага, гаспадара сядзібы, арэнда каштуе 500-600 даляраў (40-45 чалавек, зь іх улетку 20-25 начуе). Самая вялікая колькасьць гасьцей, якую прымалі, — 52 чалавекі.

Музыка: была толькі народная, гралі сябры, а бабуля жаніха да ночы сьпявала прыпеўкі.

Атмасфэра, аздоба: некаторыя прыйшлі ў традыцыйных строях, сватоў перавязвалі ручнікамі.

Абрады: «Тут, як па мне, то ці ўсю пасьлядоўнасьць выконваць, ці нічога, — мяркуе Ганна. — Трэба і з бацькамі сымбалічна разьвітацца, і ў новую сям’ю ўвайсьці».

Калі ня ведаеце абрадаў, найлепш распытаць бабуляў-дзядуляў, плюс зазірнуць у кнігі «Беларуская народная творчасьць» (абрад) і «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (разьдзел «Вясельле»).

Гаспадары сядзібы прапануюць анімацыйную праграму: «Пінская шляхта» з маладымі ў ролях; некалькі іншых праграм ды паклікаць вядоўцу беларускамоўных вясельляў (200-250 даляраў).

3. Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту (Строчыцы) — гістарызаваная альтэрнатыва аграсядзібе

Фота з архіву сям’і Найдзёнавых; Марыны Варабей
Фота з архіву сям’і Найдзёнавых; Марыны Варабей

Пераемнасьці ад уласных дзеда-бабулі тут няма, але ёсьць атмасфэра. Маладыя Дзяніс ды Натальля Найдзёнавы за два гады да вясельля зайшлі тут у карчму — і зразумелі, што яно будзе тут.

Стравы: салаты, мяса, рыба, дранікі, мачанка, гарбата «Белавескі збор». Каля карчмы на возе быў фуршэт з напоямі карчмы — хранавухай ды іншымі.

Кошт: за 37 чалавек — 14 мільёнаў; за арэнду — нічога.

Музыка: гармонік, пад яго — танцы; пасьля вянчаньня сустракалі дуда і барабан, сьпяваў фолькавы гурт (за гадзіну — каля 50 даляраў).

Атмасфэра, аздоба: рознакаляровыя стужкі, ручнікі і саламяныя вяночкі; драўляныя і гліняныя рэчы хатняга ўжытку; падвеска з саломкі.

Абрады: праводзілі супрацоўнікі музэю. Пры запісе на вясельны абрад трэба прайсьці кансультацыю ў навуковага супрацоўніка. Раяць зірнуць у том «Вясельле» акадэмічнай сэрыі «Беларуская народная творчасьць», а лякальныя асаблівасьці ўзяць з тамоў «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў».

Здаецца, усё проста, але калі пачынаеш займацца глыбей, то знаходзіш шмат нюансаў, — кажуць у музэі. — Ёсьць такі танец „Каза“.

«Здаецца, усё проста, але калі пачынаеш займацца глыбей, то знаходзіш шмат нюансаў, — кажуць у музэі. — Ёсьць такі танец „Каза“. Быў на Цэнтральнай Беларусі, і яго выконвалі старэйшыя ў сям’і. Яны паказвалі, як козы заляцаюцца адна да адной і збліжаюцца... То бок практычна лікбез маладых», — усьміхаецца Ірына Юдзіна, супрацоўніца музэю.

Таксама пасуюць: Музэйны комплекс «Дудуткі» (але кавярня з 11.11.14 на рамонце); для фотасэсіяў — дом-музэй Я. Коласа (больш для «заможных» вясельляў) ды падобныя месцы.

4. Піянэрлягер: вынаходліва, але трэба пашукаць — лягер на лягер не прыходзіцца

Піянэрлягер
Піянэрлягер

«У нас было традыцыйнае вясельле, і найлепшай дэкарацыяй была прырода. А ў нас вельмі харошы лес», — расказвае Наста Кухарэнка. Яны дамовіліся наконт сьвяткаваньня ў драўляным піянэрлягеры з плеценымі альтанкамі побач з радзімай бацькі.

Стравы: выбіралі з кніг «Літоўская кухарка» (першая беларуская кулінарная кніга, 1889 г.), «Наша страва» Алеся Белага. Нават запэўнівалі бацькоў, што ня трэба крэвэтак і іншых морапрадуктаў.

Музыка: падчас росьпісу — гурт «Глыбокія крыніцы» з Закайнова (бабулі), дудар, гурт «Верабейкі»; у момант, калі завязвалі намітку, сьпяваў гурт «Павалякі» зь вёскі Обчына.

Піянэрлягер
Піянэрлягер

Атмасфэра, аздоба: хусткі, тканая нявестай посьцілка, набытыя абрусы, ручнікі, кветкі з гафрыраванай паперы на столь, стужкі ў бел-чырвонай гаме. «Адна справа — упрыгожыць, і калі ты выходзіш — там дрэвы, а іншая — плошча, асфальт і машыны», — дадае Наста.

Абрады: дапамагаў дасьведчаны чалавек з раёну, Сяргей Выскварка. Распыталі бабулю жаніха, і пакуль была жывая бабуля Насты, тая пасьпела запісаць усё, што ведала яна; перачытала шмат кніг. Росьпіс рабілі на прыродзе, з кучарам і белым канём — па Караткевічу.

Піянэрлягер
Піянэрлягер

5. Кавярні і рэстарацыі (кавярня Батанічнага саду, «Камяніца») —асучасьнены варыянт

Кавярні і рэстарацыі
Кавярні і рэстарацыі

«У нас было традыцыйнае беларускае вясельле — наколькі гэта магчыма ў сучасным горадзе. Тамада — навошта нам абсалютна чужы чалавек, які нас ня ведае?» — распавядае пра сваё вясельле Павал Няхаеў, музыка і выкладчык ЕГУ.

У нас было традыцыйнае беларускае вясельле — наколькі гэта магчыма ў сучасным горадзе.

Фатаграфаваліся ў доме Ваньковічаў. Было вельмі марозна (- 25!), таму месца для вясельля выбралі як мага цяплейшае — кавярню ў аранжарэі Батанічнага саду. Яна ўтульная, ня дужа дарагая і невялікая — чалавек на 25. Не сталоўка і не патасны рэстаран.

Музыка: фолк-гурт «Горынь», гарманіст. «Да таго ж, яны ўсе вясельныя абрады і танцы ведаюць, ды прыгатавалі медавуху, якой мы частавалі гасьцей, — кажа Павал. — З абрадамі дапамагала свацьця. Добра было ўсім. Вользінаму дзядзьку, які прыехаў з Каўказу, так спадабаліся беларускія песьні ды абрады, што не выпускаў з рук відэакамэру!»

Абрады: усё — ад выкупу ў хаце нявесты да маршрутаў і мапаў (для кіроўцаў і гасьцей) — плянавалі самі.

Як зэканоміць. Парады Паўла: «Многае залежыць ад вашых адносінаў з тымі, хто грае музыку, шые строі ці робіць фота. Шмат чаго можна зрабіць самім ці з дапамогай сяброў, а не наймаць тых, для каго будзеце чарговым кліентам. Тады і сьвята будзе больш сваё і сапраўднае».

Кавярні і рэстарацыі
Кавярні і рэстарацыі

Яшчэ адна кавярня — «Камяніца». Прыгожая, прыдатная ня толькі для традыцыйнага, але і для шляхецкага вясельля.

Стравы: дранікі, судак у соўсе з брусьніцаў), мачанка, верашчака... На чалавека — 60-65 даляраў.

Залі для 15, 28 і 50 чалавек.

Музыка: супрацоўнічаюць з гуртом «Яварына», дзяўчаты ведаюць народныя танцы, з інструмэнтаў — барабаны, дуда.

Месцы, якія таксама пасуюць: іншыя рэстарацыі беларускай кухні ў Менску; кавярня «Задзьвіньне» ў Віцебску; любая ўпрыгожаная вамі кавярня.

Ганна Валынец

для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG