Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Трагедыя ў Сыднэі: трое загінулі, чацьвёра параненыя


Тры чалавекі загінулі і чацьвёра атрымалі раненьні ў выніку штурму кавярні Lindt у дзелавым квартале Сыднэя, дзе ўчора адбыўся захоп закладнікаў.

Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Прыкладна а другой гадзіне ночы па мясцовым часе аўстралійская паліцыя штурмавала кавярню, дзе ўзброены мужчына больш за 16 гадзінаў утрымліваў закладнікаў. Як толькі пачаўся штурм, пачуліся выбухі і страляніна.

Як паведаміла паліцыя, былі забітыя двое закладнікаў і сам зламысьнік.

Раней паліцыя Аўстраліі назвала імя чалавека, які ўтрымлівае закладнікаў. Гэта — Ман Харон Маніс з Ірану, які атрымаў у Аўстраліі статус палітычнага ўцекача. Раней яму былі прад’яўленыя абвінавачваньні ў сэксуальным гвалце: на момант нападу ён знаходзіўся на волі, бо яго адпусьцілі пад заклад. Маніс быў таксама прызнаны вінаватым у рассыланьні абразьлівых і пагрозьлівых лістоў сем’ям аўстралійскіх вайскоўцаў, якія загінулі за межамі краіны.

Ман Харон Маніс быў забіты пры штурме.

Перад гэтым з кавярні выбеглі прынамсі шэсьць чалавек. Неўзабаве пасьля пачатку штурму выбеглі яшчэ больш за дзесяць. Некалькі чалавек вынесьлі з кавярні на насілках.

Прадстаўнік паліцыі паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Сыднэі, што спэцпадразьдзяленьні пачалі штурм пасьля таго, як зьявіліся асьцярогі, што жыцьцё закладнікаў апынулася пад рэальнай пагрозай.

Дакладная колькасьць закладнікаў да гэтага часу невядомая, аднак прадстаўнік кампаніі Lindt, якая зьяўляецца ўладальнікам кавярні, кажа, што на момант захопу ў будынку знаходзіліся 10 працаўнікоў і 30 наведвальнікаў. Пасьля захопу ў вакне кавярні быў вывешаны чорны сьцяг з надпісам па-арабску.

XS
SM
MD
LG