Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыднэй. Паліцыя штурмуе кавярню, дзе трымаюць закладнікаў


Каля чатырох дзясяткаў наведнікаў і супрацоўнікаў кавярні ў цэнтры Сыднэя знаходзяцца ў закладніках у невядомага ад ранку панядзелка.

Паводле Бі-бі-сі, цяпер ўзброеныя паліцыянты штурмуюць кавярню ў Сыднэі, дзе невядомы чалавек утрымліваў некалькі дзясяткаў закладнікаў. Паліцыя Аўстраліі назвала ягонае імя. Гэта — Ман Харон Моніс (Man Haron Monis) з Ірану, які атрымаў у Аўстраліі статус палітычнага уцекача.

Ман Харон Моніс

Ман Харон Моніс

Аўстралійскае тэлебачаньне паказала кадры, на якіх бачны сьцяг з надпісам на арабскай мове, які вывесілі на акне кавярні — мяркуецца, гэта той сьцяг, які выкарыстоўваюць баевікі з «Ісламскай дзяржавы».

Прадстаўнік кампаніі Lindt, якая зьяўляецца ўладальнікам кавярні, кажа што на момант захопу ў будынку знаходзіліся 10 працаўнікоў і 30 наведвальнікаў. Раён кавярні ачэплены паліцыяй.

Да месца здарэньня пад’ехала бронетэхніка сіл правапарадку. Былі эвакуяваныя некаторыя будынкі ў цэнтры гораду, у тым ліку Сыднэйскі опэрны тэатар. Як паведамляе Бі-бі-сі, аўстралійская паліцыя ўжо пачала перамовы з захопнікам.

«Паліцыянты-перагаворшчыкі ўсталявалі зь ім кантакт», — паведаміла журналістам Кэтрын Бэрн, намесьніца кіраўніка паліцыі штата Новы Паўднёвы Уэльс.

Па словах Бэрн, паліцыянты «спрабуюць высьветліць матывы захопніка». Тым часам, аўстралійскае тэлебачаньне перадае кадры, на якіх бачна, як трое закладнікаў выбягаюць з кавярні. Двое мужчын выбеглі са шкляных дзьвярэй, яшчэ адзін — з пажарнага выхаду.

Паведамляецца, што пяцёра закладнікаў маглі ўцячы з кавярні.

Сьведкі здарэньня паведамляюць, што чулі гукі, падобныя да стрэлаў з агнястрэльнай зброі, аднак няма зьвестак, ці ёсьць параненыя.

Таксама паведамляецца, што закладнік патрабаваў правядзеньня перамоваў з аўстралійскім прэм’ерам Тоні Эбатам, а таксама каб яму перадалі сьцяг «Ісламскай дзяржавы». Паліцыя заявіла, што пакуль устрымаецца ад камэнтароў.

XS
SM
MD
LG