Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе плаціць па рахунках ва Ўкраіне?


Такое пытаньне задае ў сваім артыкуле ў амэрыканскім часопісе Foreign Policy аналітык Джаміля Трындл. Паводле яе, Захад гатовы ўзмацняць санкцыі адносна Расеі, але дае мала дапамогі Ўкраіне.

Міжнародны валютны фонд заявіў на мінулым тыдні, што Ўкраіна мае патрэбу ў тэрміновым фінансаваньні ў памеры 15 мільярдаў даляраў. Гэта — дадаткова да пакета дапамогі ў памеры 17 мільярдаў даляраў, які МВФ выдзеліў Украіне ўвесну сёлета.

Фонд не гатовы аказаць новую тэрміновую дапамогу ў адзіночку. Прэсавы сакратар МВФ Уільям Мюрэй заявіў у Вашынгтоне 11 сьнежня: «Вельмі важна, каб донарская супольнасьць актывізавалася і забясьпечыла фінансаваньне Ўкраіны».

Амэрыканскія парлямэнтары прынялі на мінулым тыдні закон, які падштурхоўвае прэзыдэнта Абаму да пашырэньня санкцый адносна расейскіх прадпрыемстваў. Але Кангрэс і Сэнат не прапануюць вялікіх пакетаў выратавальных мераў для Ўкраіны. Эўрапейскія лідэры абмяркоўваюць пляны фінансавай дапамогі Кіеву, але робяць ціск, каб украінскі ўрад хутчэй праводзіў рэфармаваньне нацыянальнай эканомікі.

Украінскі прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк заявіў, што яго краіна можа абвясьціць дэфолт па сваіх пратэрмінаваных пазыках, калі Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз не акажуць тэрміновай дапамогі.

Эканаміст Робэрт Кан, старэйшы навуковы супрацоўнік амэрыканскага дасьледчага цэнтру Рада па міжнародных адносінах, мяркуе, што разьлікі МВФ наконт таго, што будзе рабіць Расея і колькі грошай спатрэбіцца Ўкраіне, ад пачатку былі занадта аптымістычныя.

МВФ умяшаўся, каб спрыяць стабільнасьці ў неверагодна складанай палітычнай сытуацыі ўвесну сёлета. Але ён не ўлічыў палітычныя рызыкі і іх наступствы. Ужо тады большасьць палітычных аналітыкаў прагназавалі далучэньне Крыму да Расеі і забурэньні ва Ўсходняй Ўкраіне. Але — адзначае Робэрт Кан — фонд не прымаў гэтыя прагнозы пад увагу. Паводле эканаміста цяпер, калі гэтыя прагнозы спраўдзіліся, праграма МВФ для Ўкраіны стала яшчэ больш адарванай ад рэальнасьці.

«Калі мы сур’ёзна думаем, як перашкодзіць Пуціну дэстабілізаваць Украіну, санкцыі не зьяўляюцца дастатковымі самі па сабе», сказаў Кан.

Аднак ён спадзяецца, што Захад раскашэліцца зараз.
Да гэтага часу эўрапейская і амэрыканская фінансавая падтрымка была нязначнай, ЗША гарантавалі пазыку ў памеры аднаго мільярда даляраў для Украіны вясной гэтага году, але толькі нязначная частка тых грошай трапіла ва Ўкраіну, ў тым ліку і ў выглядзе сухіх пайкоў для ўкраінскага войска.

У выніку нізкіх цэнаў на нафту і заходніх санкцый расейская валюта патаньнела адносна даляра на 40%. Толькі адна з асноўных валютаў упала ніжэй, чым расейскі рубель — гэта ўкраінская грыўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG