Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны нас — мясам, мы іх — макаронамі


Нягледзячы на запэўніваньні зацікаўленых ведамстваў, што ўжо днямі на расейскі рынак вернуцца мясныя і малочныя камбінаты, якія «Рассельгаснагляд» забракаваў за неадпаведную якасьць прадукцыі, супрацьстаяньне на харчовым фронце толькі пашыраецца.

Нягледзячы на запэўніваньні зацікаўленых ведамстваў, што ўжо днямі на расейскі рынак вернуцца мясныя і малочныя камбінаты, якія «Рассельгаснагляд» забракаваў за неадпаведную якасьць прадукцыі, супрацьстаяньне на харчовым фронце толькі пашыраецца. У Маскве заяўляюць, што знайшлі неадпаведнасьць санітарным патрабаваньням у беларускай солі: у Менску парыруюць, што ў расейскіх макаронах утрымліваецца кішэчная палачка.

Днямі Аляксандар Лукашэнка пашырыў паўнамоцтвы санітарнай службы, дазволіўшы рэпрэсіўныя захады на манэр «Рассельгаснагляду». Першымі ахвярамі галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Ігара Гаеўскага сталі расейскія вытворцы. Так, прыпыненая рэалізацыя на тэрыторыі краіны прадукцыі расейскай кампаніі «БиоФуд»: пад забарону трапілі макароны хуткага прыгатаваньня «Золотая лапша», «Лагман по-дунгански», «Биг Ланч». Прычына — неадпаведныя мікрабіялягічныя паказьнікі (утрыманьне бактэрыяў групы кішэчнай палачкі і цьвіль). Акрамя таго, накладзены мараторый на рэалізацыю кавы натуральнай «Мокка» расейскага падразьдзяленьня «Паулиг Рус» — лябараторны аналіз выявіў лішак афлатаксыну В1.

У сваю чаргу, «Рассельгаснагляд» працягвае выкрываць небясьпечныя прадукты, вырабленыя ў Беларусі. Падчас праверкі зьнешніх паставак вызначана, што харчовая соль аб’яднаньняў «Белкалій» і «Мазырсоль» не адпавядае патрабаваньням паводле ўтрыманьня ёду і іншых дамешкаў, а таксама паводле арганалептычных паказьнікаў. У пунктах пропуску на расейска-беларускай мяжы санітарна-карантынны нагляд за гэтай прадукцыяй будзе ўзмоцнены. Акрамя таго, наракае памочнік кіраўніка ведамства Аляксей Аляксеенка, Беларусь працягвае завальваць Расею таварамі з санкцыйнага сьпісу, адзінае што — зь пералепленымі этыкеткамі на пакунках:

Беларусь нам сапраўды пачала пастаўляць вельмі шмат прадукцыі, якую ніколі не вырабляла — зразумела, што ні манга, ні папайя, ні тыгровыя крэвэткі ў Беларусі не растуць.

«Беларусь нам сапраўды пачала пастаўляць вельмі шмат прадукцыі, якую ніколі не вырабляла — зразумела, што ні манга, ні папайя, ні тыгровыя крэвэткі ў Беларусі не растуць. Але гэта паўбяды. Бяда ў тым, што гэта прадукцыя невядомага паходжаньня, то бок, яна ідзе з падробленымі сэртыфікатамі, што нас, канечне, непакоіць. Я тэлефанаваў у наша ўпраўленьне на мяжы зь Беларусьсю — на жаль, парушэньні працягваюцца. Прыкладам, затрыманая фура прадукцыі з фальшывымі сэртыфікатамі нібыта з Чылі. Скажам, 80% турэцкіх сэртыфікатаў на прадукцыю, якая ідзе празь Беларусь, фальшывыя. І гэта адбываецца пастаянна. А паколькі харчы —невядомага паходжаньня, там насамрэч можа быць усё, што заўгодна. Такую прадукцыю мы тут жа разварочваем».

Не ідзе пакуль гаворка і пра поўную амністыю беларускіх мясных і малочных камбінатаў, якія месяц таму трапілі ў расейскі чорны сьпіс. Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць у Маскве на ўзроўні віцэ-прэм’ераў двух краінаў, больш чым з двух дзясяткаў пакараных суб’ектаў гаспадараньня абмежаваньні зьнятыя толькі з шасьці. На віцебскай бройлернай птушкафабрыцы, чыя прадукцыя ад сёньня зноў скіравалася ў Расею, скардзяцца, што за час вымушанай блякады недаатрымалі блізу 2 мільёнаў даляраў. Пры гэтым, прызнаюцца супрацоўнікі, нічога адмыслова дзеля таго, каб задобрыць расейцаў, не рабілі — найперш таму, што лічаць сваю вэнджаніну ўзорнай. Гаворыць намесьніца дырэктара па якасьці Натальля Баркоўская:

Кантроль на этапе выпуску гатовай прадукцыі ажыцьцяўляецца акрэдытаванай вытворчай лябараторыяй нашага прадпрыемства

«Кантроль на этапе выпуску гатовай прадукцыі ажыцьцяўляецца акрэдытаванай вытворчай лябараторыяй нашага прадпрыемства. Апроч таго, на працягу апошніх гадоў дадатковыя выпрабаваньні праводзяцца ў незалежных спэцыялізаваных лябараторыях, прычым, як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі — у прыватнасьці, у Бранскай лябараторыі. Такім чынам, мы толькі чарговым разам даказалі, што прадукцыя нашай фабрыкі цалкам бясьпечная і якасная».

Пры гэтым выглядае, што для дзесяці прадпрыемстваў вяртаньне на стратэгічны рынак абяцае быць доўгім — «Рассельгаснагляд» катэгарычны ў адносінах да прадукцыі, у якой знойдзены геном вірусу афрыканскай чумы сьвіней. Разам з тым беларускі бок працягвае запэўніваць, што пастаўляе на экспарт харчы бездакорнай якасьці — нават лепшыя, чым пакідае сабе. Між тым кандыдат эканамічных навук Пётар Мігурскі лічыць, што ў дадзеным выпадку беларусы яўна хітруюць: паколькі чума ў Беларусі не пераможаная, Расея мае законныя падставы сумнявацца ў чысьціні найперш мясных вырабаў:

Справа ў тым, што калі беларусы гэты факт прызнаюць, неабходна будзе зьмірыцца з маштабнымі наступствамі. Найперш, расейцы пасьля гэтага спыняць любыя пастаўкі зь Беларусі.

«Справа ў тым, што калі беларусы гэты факт прызнаюць, неабходна будзе зьмірыцца з маштабнымі наступствамі. Найперш, расейцы пасьля гэтага спыняць любыя пастаўкі зь Беларусі. Па-другое, давядзецца ажыцьцявіць цэлы комплекс мерапрыемстваў — а гэта насамрэч вельмі дарагое „задавальненьне“ — па ліквідацыі ўласна чумы, а таксама па недапушчэньні яе распаўсюду як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межы. Таму нашы службы ўпіраюцца рукамі, нагамі і чым толькі можна, абы толькі не прызнаваць наяўнасьць афрыканскай чумы сьвіней — на той нібыта падставе, што людзям яна абсалютна ніякай шкоды не нясе. Менавіта гэты пасыл дзейнічае і на тэрыторыі Беларусі, і на тэрыторыі Расеі. То бок, напружвацца з гэтай нагоды яны ніяк ня хочуць. Як на мой погляд, патрабаваньні расейскага боку цалкам заканамерныя».

Тым часам на не такой ужо і ўмоўнай саюзнай мяжы наганяюць страху на расейскіх перавозчыкаў мабільныя групы беларускіх мытнікаў і памежнікаў. Без папярэджаньня зьяўляючыся на розных памежных участках і дзейнічаючы паводле прынцыпу «асымэтрычнага адказу», назад у Расею ўжо разьвернутыя дзясяткі фураў з «фальшывымі» сэртыфікатамі, а таксама з прадукцыяй, «не адпаведнай санітарным патрабаваньням».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG