Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яма». Што трэба ведаць пра данецкае «гестапа»


Малюнак мастака Сяргея Захарава, які пабываў у палоне ў сэпаратыстаў

Малюнак мастака Сяргея Захарава, які пабываў у палоне ў сэпаратыстаў

Радыё Свабода пачало новую рубрыку «Лісты з акупаванага Данбасу», аўтарамі якой сталі жыхары захопленых сэпаратыстамі раёнаў на ўсходзе Ўкраіны. Жыхар Данецку Віктар Аланаў піша пра катаваньні і зьдзекі з тых, каго затрымалі сэпаратысты.

Няма такога чалавека сярод жыхароў тэрыторый, падкантрольных тэрарыстам «ДНР» і «ЛНР», які ня ведаў бы другога, спэцыфічнага значэньня слова «яма». Тут так называюцца турэмныя і катавальныя камэры, у якія баевікі могуць адправіць абсалютна любога не ўпадабанага імі чалавека.

«На ямах» трымаюць далёка ня толькі ваеннапалонных. Празь іх прайшла вялікая колькасьць мірных мясцовых жыхароў, нездарма тут прынята шэптам называць такія месцы «гестапа».

Такія «гестапа» ёсьць у любым акупаваным баевікамі горадзе. У Данецку «ямы» зафіксаваныя ў будынку абласнога СБУ, на «Матэлі», «Лівэрпулі», раней, кажуць, былі нават у будынку абласной адміністрацыі, а цяпер — і ў СІЗА. Увогуле, калі ў любым акупаваным горадзе вы ўбачыце будынак СБУ або іншых сілавых ведамстваў — то хутчэй за ўсё, там разьмяшчаецца «гестапа».

Трапіць «на яму» можна за што заўгодна. Ад падазрэньня ў садзейнічаньні зь сіламі АТА да ледзь прыкметнага «паху» пасьля выпітай бутэлькі піва. Былі выпадкі, калі «на яму» траплялі па скарзе суседзяў на нібыта шумныя паводзіны.

Трэба сказаць, што тыя, якія выяжджаюць «па выкліку», не імкнуцца разабрацца ў сытуацыі на месцы. Калі на цябе паскардзіліся, цябе абавязкова «забяруць», а ўжо потым у лепшым выпадку будуць разьбірацца.

Таксама былі выпадкі, калі на блёкпосьце баевікі адбіралі ў жыхара аўтамабіль, а калі ён паспрабаваў нешта сказаць супроць гэтага, яго везьлі ў багажніку ягонага ўласнага аўтамабіля. Урэшце, калі вы хоць трохі заможны чалавек, вас могуць забраць «на яму» дзеля элемэнтарнага выкупу, які павінны будуць прынесьці вашы сваякі.

Празь «яму» таксама прайшлі, не пасьпеўшыя выехаць на свабодную тэрыторыю, мэры практычна ўсіх акупаваных гарадоў. Былі выпадкі, калі чалавека «на яму» здавалі мянты-пярэваратні, якія перайшлі на службу да тэрарыстаў, таму што чалавек раней спрабаваў дамагацца ад іх захаваньня сваіх правоў. А нагадаю, што Данецк — гэта горад, у якім, напрыклад, не так даўно (праўда, яшчэ пры Ўкраіне) у адным з РАУС мужчыну за расьпіцьцё піва на вуліцы згвалтавалі гумовай дубінкай! І, вядома, парушэньне камэнданцкай гадзіны — жалезная прычына трапіць «на яму».

Што адбываецца з затрыманымі? Перш за ўсё важна зразумець, што баевікі пляваць хацелі на прэзумпцыю невінаватасьці, КПК, грамадзянскі кодэкс і г. д. У вас ня будзе магчымасьці карыстацца паслугамі адваката, спасылацца на законы. Перад вамі знаходзяцца ўзброеныя людзі, тыя, што ненавідзяць вас ужо за тое, што вы, магчыма, ацэньваеце рэальнасьць ня так, як яны.

Больш за ўсё «шанцуе» тым, хто трапляе за дробныя ўчынкі, і ў дзеяньнях якіх не відаць «палітыкі». Такія людзі, як правіла, прыцягваюцца да прымусовых цяжкіх фізычным работ па капаньні акопаў, ўладкаваньні бліндажоў і г. д. Прыкладам, ледзь прыкметны пах ад выпітага піва каштаваў знаёмым 16 дзён катаржнай працы.

Значна горш, калі вы «ўкроп», гэта значыць, прыхільнік адзінай Украіны. У гэтым выпадку вас будуць катаваць і могуць забіць. Ад вас абавязкова пад катаваньнямі будуць патрабаваць прызнацца ў тым, што вы маеце дачыненьне да «Правага сэктару», што вы наводчык або карэктоўшчык артылерыйскага агню (за гэта — расстрэл без размоў). З аднаго боку, вытрымаць катаваньні практычна немагчыма. Зь іншага, прызнаньне азначае пэўную сьмерць.

Вядомы выпадак, калі маладых мужа і жонку з Данецку катавалі ў «гестапа» шэсьць дзён толькі за тое, што ў іх дома (!) захоўваўся сьцяг Украіны. Выратаваў гэтую пару толькі абмен палоннымі. А вось дэпутату Горлаўскага гарсавету Уладзіміру Рыбаку не ўдалося выратавацца — за тое, што ён зьняў з флягштока трыкалёр, яго па-зьверску катавалі і забілі.

Адным з надзвычайных катаваньняў зьяўляецца вывад на расстрэл, калі страляюць міма, пакідаючы затрыманага ў жывых. Можна сабе ўявіць, што адчувае чалавек, якому абвяшчаюць, што яго вядуць на расстрэл, потым сапраўды выводзяць, ставяць, адыходзяць, цэляцца, страляюць... І толькі тады разумееш, што цябе ўсё-ткі вырашылі гэтым разам не забіваць. Гэта, дарэчы, не азначае, што рашэньне пакінуць цябе ў жывых канчатковае. Проста на гэты раз вырашылі пакінуць.

Дарэчы, тыя, каго рэальна выводзяць на расстрэл і расстрэльваюць, перад гэтым жывуць у камэры са «звычайнымі» затрыманымі, якія маюць няшчасьце назіраць, як сукамэрніка выдводзяць назаўжды...

Пад канец некалькі словаў пра тое, як паводзяць сябе тыя, ад якіх залежыць твой лёс «на яме». Данбасаўцы падзяляюць «работнiкаў гестапа» на тры катэгорыі.

Найбольш жорсткія і «адмарожаныя» — гэта данскія казакі. Няма нічога горш, чым патрапіць «на яму» да іх. У іх не існуе ніякіх маральных абмежаваньняў адносна таго, якое фізычнае ўзьдзеяньне дапушчальнае, а якое — не. Узровень садызму проста зашкальвае.

Сьледам за імі ў рэйтынгу ідуць мясцовыя тэрарысты. Яны ў цэлым крыху «больш гуманныя», але не нашмат. Калі ты мясцовы і ня падтрымліваеш тэрарыстычны рэжым, то ты для іх яшчэ большы вораг, чым «прышлыя» укры.

І на трэцім месцы — вайскоўцы Расеі (акрамя спэцслужбістаў). Звычайна салдаты і афіцэры расейскай арміі не бяруць удзелу ў катаваньнях, а часам бяруць удзел толькі ў затрыманьні і канваяваньні затрыманых. Пакуль ты знаходзісься ў іх руках, табе асабліва нічога страшнага не пагражае. Але праблема ў тым, што дастаўляюць яны цябе ў выніку «на яму», а там ужо ці мясцовыя, ці казакі вядуць з табою сваю «размову». Як гэта здарылася з журналістам Ягорам Вараб’ёвым.

«Яма» — гэта месца, куды баяцца трапіць абсалютна ўсе мясцовыя жыхары, і ніхто ад гэтага не застрахаваны. Прыкладам, арыштоўвалі ўжо некалькі так званых «міністраў ДНР» і самых баевікоў (напрыклад, «Абвэра», а тых, хто ніжэй — у незьлічонай колькасьці).

На жаль, пакуль яшчэ ня ўсе тут разумеюць, што ўвесь гэты «ДНР/ЛНР» — гэта адна суцэльная яма бяспраўя, беззаконьня, дзікасьці і поўнай галечы. Праўда, многія з часам становяцца відушчымі і пачынаюць разумець, што чым раней сюды вернецца ўкраінская ўлада, тым хутчэй мы зможам усё разам выпаўзьці з гэтай велізарнай ямы. Такіх людзей паступова становіцца ўсё больш.

Віктар Аланаў, сацработнік, Данецк


Тэксты ў рубрыцы «Лісты з акупаванага Данбасу» публікуюцца з захаваньнем асаблівасьцяў аўтарскага стылю і могуць не адлюстроўваць пункт гледжаньня Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG